Якіх міністраў у Беларусі мяняюць часцей за іншых

Источник материала:  
23.11.2012 14:49 — Новости Политики

Якіх міністраў у Беларусі мяняюць часцей за іншых

Тут і цяпер
Якіх міністраў у Беларусі мяняюць часцей за іншых
На мінулым тыдні адбылася чарговая гучная ратацыя чыноўніцкіх кадраў. "Нядрэннага міністра" культуры Паўла Латушку перасадзілі ў крэсла пасла Беларусі ў Францыі, старшыня Следчага камітэта Валерый Вакульчык быў прызначаны кіраўніком КДБ, а вызваленае былым начальнікам месца заняў яго намеснік Валянцін Шаеў. Натхніўшыся кадравымі перастаноўкамі, "Тут і цяпер" узгадвае, кіраўнікоў якіх міністэрстваў і ведамстваў у незалежнай Беларусі "ператрахвалі" часцей за іншых.

Прыкладам, як падлічылі калегі з "Еўрарадыё", старшыняў КДБ за час знаходжання ва ўладзе цяперашняга беларускага лідэра змянілася ажно 7! Прычым затрымацца ў высокім крэсле больш за 5 год не ўдалося ніводнаму з іх. Але гэта, адзначым, яшчэ не рэкордная лічба.
Дарэчы

Беларусь – абсалютны лідэр сярод краін-суседак па колькасці міністэрстваў. Іх у нашай краіне функцыянуе ажно 24, і яшчэ плануецца стварыць неўзабаве Міністэрства прамысловай палітыкі – відаць, дзеля прыгожай лічбы.

У Чэхіі і Швецыі, падобных да Беларусі па колькасці насельніцтва і геаграфічным становішчы, функцыянуюць 14 і 12 міністэрстваў адпаведна; у Расіі – 18, ва Украіне – 16.
Зразумела, пералічваць кіраўнікоў двух тузінаў міністэрстваў мы не будзем. Спынімся толькі на своеасаблівых лідэрах.

Культурныя людзі

Цяпер ужо былы міністр культуры Павел Латушка пратрымаўся на пасадзе без месяца 3,5 года і, заўважым, за гэты час паспеў зрабіць больш, чым некаторыя "доўгатэрміновыя" папярэднікі. Першым жа ў шэрагу адказных за культуру быў пісьменнік Анатоль Бутэвіч, адметны сярод іншых міністраў тым, што ўзначальваў два беларускія ведамствы: спачатку Міністэрства інфармацыі (1992-1994), потым – культуры і друку (1994-1996). У 1996 годзе міністэрскае крэсла заняў Аляксандр Сасноўскі, кіраўніцкі вопыт якога да таго часу абмяжоўваўся пасадамі дырэктара ПТВ і намесніка старшыні Мінгарвыканкама. У 2000 яго знялі з фармулёўкай "за нездавальняючае кіраўніцтва і сур'ёзныя ўпушчэнні ў арганізацыі працы", а на амбразуру "кінулі" загартаванага чыноўніцкімі апаратамі бібліятэкара Леаніда Гуляку. З 2005 года "галоўным па культуры" ў Беларусі быў Уладзімір Мацвяйчук, працоўная біяграфія якога таксама ўражвае пільных назіральнікаў: лектар райкама КПБ, намеснік старшыні райвыканкама, кіраўнік ПТВ хімікаў, дырэктар па ідэалогіі "Полацк-Шкловалакна", старшыня Белтэлерадыёкампаніі, міністр культуры, памочнік прэзідэнта, а на дадзены моманты – ганаровы пенсіянер...

Спадкаемцам Латушкі, як сцвярджаюць у кулуарах, стане альбо цяперашні кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, альбо рэктар Універсітэта культуры і мастацтваў Барыс Святлоў. І гэта будзе ўжо шосты міністр культуры за апошнія 18 год.

Міністры як пальчаткі

Ведамства, у якім кіраўнікі мяняюцца часцей, чым народ паспявае цвёрда вывучыць іх прозвішчы, – Міністэрства спорту і турызму Беларусі. Даўжэй за іншых на пасадзе працаваў першы міністр спорту і прэзідэнт НАК Беларусі Уладзімір Рыжанкоў (1991-1996). Пасля яго заўчаснай смерці новы кіраўнік спартыўнай галіны, Уладзімір Макейчык, быў прызначаны толькі праз год і пратрымаўся ўсяго год, як і наступны – Мікалай Ананьеў (1998-1999). Потым міністры мяняліся як пальчаткі: то ў залежнасці ад вынікаў чарговых Алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў свету, то ў выніку ўнутраных каляспартыўных інтрыг. Яўгена Ворсіна (1999) замяніў Юры Сівакоў (2003), а таго – Аляксандр Грыгараў (2005), які ў сваю чаргу саступіў крэсла Алегу Качану (2009). Нарэшце, сёлета 31 кастрычніка "галоўным па талерачках" быў прызначаны генерал-маёр унутранай службы Аляксандр Шамко – на дадзены момант восьмы міністр спорту Беларусі. Яго памочнікам, адзначым, стаў Максім Рыжанкоў – сын першага беларускага міністра спорту Уладзіміра Рыжанкова. Атрымалася своеасаблівае колца – шкада, не алімпійскае.

Двойчы ў адну раку

Нямала ў гісторыі суверэннай Беларусі змянілася і "сілавікоў". У прыватнасці, міністраў абароны было 6 (альбо 5, калі ўлічваць, што Леанід Мальцаў вярнуўся на пасаду, з якой са скандалам быў зняты ў першы раз, і адпрацаваў на ёй у суме 9 год).

Столькі ж кіраўнікоў – 6 – змянілася і ў Міністэрстве ўнутраных спраў, калі пачынаць адлік ад першага прэзідэнцкага тэрміну; з моманту ж абвяшчэння незалежнасці на пасадзе кіраўніка МУС пабывалі 8 чалавек – ад першапраходца Уладзіміра Ягорава да цяперашняга міністра Ігара Шуневіча.

Праца жаночага роду

Пералічваючы кіраўнікоў 24 беларускіх міністэрстваў, нельга не заўважыць, што жанчына сярод іх усяго адна – міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна. І тое толькі таму, як кпяць у кулуарах, што слова "праца" – жаночага роду. Таксама кіраўніцкія крэслы займалі ў свой час жанчыны ў Міністэрстве аховы здароўя – Інэса Драбышэўская (1994-1997) і Людміла Пастаялка (2000-2006).

І ўсё адно гэта адзінкавыя прыклады. У той час як у Японіі адзначаецца нават асобны Дзень жанчын-міністраў.

Самыя хуткія і самая стабільная

Адносная цыклічнасць назіраецца ў айчынным Міністэрстве адукацыі, кіраўнікі якога працуюць па чарзе то 2, то 7 гадоў: Віктар Гайсёнак (1992), Васіль Стражаў (1994), Пётр Брыгадзін (2001), Аляксандр Радзькоў (2003). Калі наша версія правільная, то Сяргею Маскевічу, прызначанаму на пасаду ў 2010 годзе, варта засцерагацца за сваё крэсла.

Як паказаў экскурс у гісторыю, адназначным лідэрам ратацыйнага рэйтынгу з'яўляецца Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Ім кіравалі ажно 12 (!) чалавек, улічваючы камбэк міністра Міхаіла Русага (2001-2003 і 2010-2012) і "хуткасных" міністраў Вадзіма Папова (прабыў на пасадзе 4 месяцы ў 2000) і Зянона Ломаця (паўгода ў 2003).

Лавіруючы паміж міністрамі замежных спраў (якіх з 1990 года змянілася 7 чалавек) і аховы здароўя (6 чалавек), кіраўнікоў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (4) і ўсё яшчэ існуючага Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі (4), узгадваючы добрым ціхім словам старшыняў Белтэлерадыёкампаніі (7 чалавек), пералічваючы прэм'ер-міністраў (7 чалавек), мы спрабавалі знайсці ў высокіх кабінетах доўгажыхароў. А гэта было няпроста. Здавалася б, нашто ўжо грошы любяць стабільнасць, але нават у Нацыянальным банку РБ з моманту яго стварэння змянілася 4 кіраўнікі, прычым найдаўжэй – амаль 13 год – на пасадзе працаваў Пётр Пракаповіч...

І ўсё ж такі чалавек знайшоўся, і ў дадатковых прадстаўленнях ён патрэбы не мае: вось ужо шаснаццаты год выконвае свае функцыі заслужаны юрыст РБ старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, змяніўшы на пасадзе ў 1996 годзе Віктара Ганчара – непахісна і нязменна. А значыць, перажываць за поўную беларускую стабільнасць няма чаго. Ці?..

←Вильнюсский меморандум оппозиции отвергнут еще одной партией

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика