Аляксандр Лукашэнка: "Візіты дэлегацый рэгіёнаў Расіі з'яўляюцца знакавымі для развіцця эканамічных і палітычных кантактаў з Беларуссю"

Источник материала:  

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Васілём Голубевым, перадае БЕЛТА.

"Дэлегацыі рэгіёнаў Расіі з'яўляюцца жаданымі гасцямі — і не толькі таму, што для нас вельмі эфектыўнае гэта супрацоўніцтва, і не толькі таму, што без Расіі мы наогул не бачым існавання эканомікі Беларусі, паколькі ў многім яна была ў тыя часы завязана на Расію. Мы ў гэтым нічога дрэннага не бачым. Але тым не менш забяспечваць эканамічныя, а адсюль і палітычныя кантакты трэба. І вашы візіты вельмі знакавыя і патрэбныя для нашай краіны", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што за апошнія тры гады Беларусь і Растоўская вобласць пастаянна нарошчвалі аб'ёмы двухбаковага гандлю, а па выніках студзеня-верасня 2012 года ўзаемны тавараабарот перавысіў аналагічны паказчык усяго мінулага года. "Пры захаванні такой дынамікі мы маем усе шанцы палепшыць у бягучым годзе вынік нават дакрызіснага 2008 года", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, магчымасці нарошчвання тавараабменных аперацый не бязмежныя. "Таму, каб не страціць набраны тэмп, мы павінны разам паглядзець, дзе можам эфектыўна і па-сучаснаму ўзаемадзейнічаць, у якіх яшчэ сферах акрамя гандлю схаваны дадатковыя рэзервы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што неабходна выходзіць на ўзровень рэалізацыі сумесных эканамічна інтэграваных праектаў і праграм. "Выкарыстоўваць, як цяпер модна гаварыць, сінергетычны эфект зліцця нашых вытворчых, тэхналагічных і інтэлектуальных рэсурсаў", — сфармуляваў кіраўнік дзяржавы задачы на перспектыву.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, эканомікі Беларусі і Растоўскай вобласці ў многім падобныя і ў той жа час узаемадапаўняльныя, што і вызначае найбольш перспектыўныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва. У прыватнасці, адзін з такіх напрамкаў — аграпрамысловы комплекс. "У аграсферы нам трэба прапрацаваць магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў мадэрнізацыі і развіцця сельскагаспадарчай інфраструктуры, вытворчай базы, укаранення прагрэсіўных тэхналогій вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі. Для гэтага трэба пашыраць узаемадзеянне вучоных-аграрыяў", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць, што беларускія арганізацыі маглі б удзельнічаць у праграмах развіцця аўтамабільных дарог, рэалізацыі транспартных інфраструктурных праектаў, сістэм водазабеспячэння, водаадвядзення, а таксама ў будаўніцтве жылых, сацыяльных, культурных, спартыўных і іншых аб'ектаў у Растоўскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Растоўская вобласць для Беларусі з'яўляецца даўнім і надзейным партнёрам, з якім рэспубліка гатова развіваць адносіны ў розных сферах.

У сваю чаргу губернатар Растоўскай вобласці Васіль Голубеў заявіў, што Растоўская вобласць зацікаўлена ў прыцягненні беларускіх будаўнікоў да ўзвядзення жылых кварталаў у гэтым рэгіёне. Супрацоўніцтва ў будаўнічай галіне з'яўляецца актуальным і цікавым, адзначыў ён. Цяпер вядуцца перагаворы аб прыцягненні беларускіх будаўнікоў да ўзвядзення жылых кварталаў у Растоўскай вобласці па аналогіі з праектам па будаўніцтве жылля, які быў рэалізаваны ў блізкім Падмаскоўі.

Акрамя таго, Растоўскую вобласць цікавіць вопыт Беларусі ў галіне рэалізацыі інфраструктурных праектаў. "Вельмі актуальным з'яўляецца развіццё супрацоўніцтва ў сферы жыццядзейнасці: забеспячэння эфектыўнай, якаснай, бесперабойнай работы службаў жыццезабеспячэння, водазабеспячэння, водаадвядзення, развіцця сістэм ЖКГ", — сказаў Васіль Голубеў. Ён таксама прапанаваў актывізаваць супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе і ў перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, таму што, паводле яго слоў, сёння гэта ніша яшчэ не занятая. Цікавасць для Растоўскай вобласці ўяўляе таксама ўзаемадзеянне з беларускімі вучонымі, наладжванне кантактаў паміж моладдзю Беларусі і Растоўскай вобласці.

←Обоюдное движение продолжается

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика