Аляксандр Лукашэнка патрабуе выканання ўсіх паказчыкаў 2012 года.

Источник материала:  

Такую задачу ён паставіў 20 лістапада, прымаючы з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Для таго, каб пачуць апаніруючы ўраду пункт гледжання, Аляксандр Лукашэнка запрасіў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя Кабякова і памочніка кіраўніка дзяржавы Пятра Пракаповіча. На сустрэчы таксама прысутнічалі міністр эканомікі Мікалай Снапкоў і міністр фінансаў Андрэй Харкавец.

Прэзідэнт абазначыў круг пытанняў, на якія хацеў атрымаць адказы ўрада.

У першую чаргу кіраўнік дзяржавы цікавіўся тэмпамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2012 годзе і планамі на будучы год. "Учора мы такую размову пачалі з міністрам эканомікі і памочнікам па эканоміцы. Аказваецца, поўны разброд і хістанне! — адзначыў Прэзідэнт. — Кажуць, галоўнае — гэта экспарт, а ВУП — гэта няважна. Я разумею, што экспарт для нас — гэта жыццёва важны паказчык, але без ВУП не будзе і вялікіх аб'ёмаў экспарту. Зразумела, што наша эканоміка такая, што калі экспарту або ВУП больш трэба, то і імпарт будзе вырастаць. У нас жа ёсць дабаўленая вартасць, давайце будзем вырабляць тавары з большым прыбыткам. Не страшна, што імпарт узрасце, галоўнае, каб экспарт адпаведна потым вырас, каб мы не толькі кампенсавалі затраты па імпарце, але і атрымалі добрую дабаўленую вартасць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хацеў бы пачуць і аб выніках гэтага года. "Зноў крытыкуюць, што мы не выконваем уласныя абавязацельствы, не выконваем рашэнні Прэзідэнта, якія зацверджаны з вашай падачы па гэтым годзе. І, зразумела, будзе вельмі цяжкі будучы год", — сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адной важнай тэмай, закранутай кіраўніком дзяржавы, стала аказанне жыллёва-камунальных паслуг.

"Хацелася б пачуць, што новага вынайшлі ва ўрадзе па ЖКГ і абслугоўванні памяшканняў, дзе жывуць нашы людзі", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка згадаў пра матэрыял, прачытаны ў газеце "Советская Белоруссия". "Павел Якубовіч, малайчына, вельмі тонка ўеў увесь урад і асабліва горад Мінск, — адзначыў Прэзідэнт. — Добра, што сродкі масавай інфармацыі ўзнімаюць гэту тэму, як людзей заганяюць у прыватныя кампаніі па абслугоўванні будынкаў і памяшканняў. Гэта, дарэчы, не толькі ў прыватных кампаніях. Там нейкія з'явіліся таварыствы забудоўшчыкаў, ці як яны называюцца. І калі я асабіста пацікавіўся ў некаторых людзей, яны гавораць: мы аб гэтым не ведаем, нам вось сказалі, і мы плацім дадаткова за гэта і за тое". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такая практыка недапушчальна: "Гэта недазвольны падыход да арганізацыі справы, і за гэта хтосьці адкажа!"

Прэзідэнт папярэдзіў, што ўсё павінна быць добраахвотна. "Калі людзі не хочуць гэтых прыватнікаў і ўсялякіх жулікаў, якія гатовы там пажывіцца, значыць, яны павінны абслугоўвацца дзяржавай. Так, як у нас гэта прынята. Гэта прашу мець на ўвазе. Толькі добраахвотна!" — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на пытанні жыллёвага будаўніцтва: "Я не столькі хачу пачуць аб квадратных метрах, колькі пра тое, якая сітуацыя цяпер. У нас разбалансавана сістэма ў жыллёвым будаўніцтве!". Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў таксама далажыць аб аб'ёмах знешніх паслуг, якія аказваюцца беларускімі будаўнікамі, перспектывамі іх работы ў наступным годзе.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся таксама вынікамі нядаўняга візіту прэм'ер-міністра ў Казахстан, Бангладэш і Індыю, перспектывамі беларускай прысутнасці ў гэтым рэгіёне.

Як далажыў Міхаіл Мясніковіч, візіт быў даволі выніковым. Акрамя іншых былі заключаны перспектыўныя кантракты па пастаўках тэхнікі БелАЗ, МАЗ, арганізацыі зборачных вытворчасцяў трактароў, кар'ерных самазвалаў у Казахстане, а таксама па будаўніцтве заводаў па выпуску прадуктаў харчавання ў Бангладэш і Казахстане.

Акрамя таго, вялікія перспектывы ў рабоце з гэтымі дзяржавамі адкрываюцца ў галіне паставак калійных угнаенняў. Дасягнуты дамоўленасці з Бангладэш аб тым, што іх дзяржаўная кампанія будзе штогод купляць не менш за 500 тыс. тон калійных угнаенняў, яшчэ 250-300 тыс. тон будуць закупляцца камерцыйнымі структурамі.

Індыя гатова купляць у Беларусі 2,7 млн тон калійных угнаенняў, што складае фактычна яе поўную патрэбнасць.

Кіраўнік дзяржавы даручыў нарошчваць беларускую прысутнасць на рынках гэтых дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу больш актыўна працаваць з краінамі Паўднёва-Амерыканскага рэгіёна, асабліва па рынку калійных угнаенняў і тэхнікі, у прыватнасці з Бразіліяй.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, на гэты час праблемным пытаннем застаецца баланс па нафце на 2013 год. "У мяне запланавана тэлефонная размова з Дзмітрыем Мядзведзевым. Пакуль тыя аб'ёмы нафты, якія прагаворваюцца на ўзроўні намесніка старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі, нас не задавальняюць, і ёсць важкія аргументы чаму. Нават з улікам таго, што мы дамовіліся, што каля 3 млн тон нафтапрадуктаў у наступным годзе мы будзем перадаваць на рыначных умовах для Расійскай Федэрацыі", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Акрамя таго, у Беларусі ёсць высакакласныя нафтаперапрацоўчыя заводы, якія вырабляюць нафтапрадукты еўрапейскай якасці, і гэтыя магутнасці, у мадэрнізацыю якіх укладзены вялікія сродкі, павінны працаваць эфектыўна і пад поўную загрузку.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што "адносна паліўна-энергетычнага комплексу ўсе пытанні па рабоце ў чацвёртым квартале ўрэгуляваны, застаюцца пытанні яшчэ некаторага дабору па 2013 годзе". Беларусь разлічвае на пастаўкі 23 млн тон нафты ў 2013 годзе, у гэтым годзе аб'ём пастаўленай нафты складзе 21,5 млн тон.

Кіраўнік дзяржавы даў адпаведныя даручэнні адносна далейшай работы па гэтым напрамку.

Прэзідэнту таксама было паведамлена аб выкананні ўсіх заданняў па закладцы стабілізацыйных фондаў.

Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць поўнага кантролю сітуацыі на цэнавым рынку для таго, каб сезоннасць не ўплывала на ўзровень інфляцыі.

Прэзідэнт строга запатрабаваў выканаць усе паказчыкі 2012 года, асабліва па валавым унутраным прадукце.

Прэм'ер-міністр запэўніў, што ўсе даручэнні Прэзідэнта будуць, безумоўна, выкананы.

←Новые задачи партии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика