Аляксандр Лукашэнка: "Рэформа МУС мае на ўвазе не кардынальную ломку ведамства, а аптымізацыю структуры"

Источник материала:  

Аб гэтым сказаў Прэзідэнт на нарадзе па пытанні рэфармавання МУС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асноўнай мэтай пераўтварэнняў з'яўляецца не кардынальная ломка ведамства, ды нам гэта і не патрэбна, а канструктыўнае ўдасканаленне яго работы, каб забяспечвалася абарона людзей, грамадства, дзяржавы ад злачынных замахаў з удзелам сучасных з'яў і тэндэнцый. Гэта значыць, галоўная задача — міліцыя павінна быць прыстасавана да той сітуацыі, якая складваецца ў краіне і вакол нашай дзяржавы", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, у першую чаргу для гэтага патрабуецца аптымізаваць структуру органаў унутраных спраў, зрабіць яе прасцейшай, выключыць дубліруючыя звёны.

Акрамя таго, неабходна зменшыць колькасць, вызваліць міліцыю ад неўласцівых ёй функцый, прывесці вайсковы складнік у адпаведнасць з патрабаваннямі сённяшняга дня.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такую работу трэба правесці на ўсіх узроўнях: ад участковага інспектара міліцыі, надаўшы яму асноўную ўвагу, да кіраўніцкіх апаратаў органаў унутраных спраў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пры захаванні аб'ёмаў фінансавання гэта дасць магчымасць павялічыць матэрыяльнае стымуляванне супрацоўнікаў, не абцяжарваючы дзяржаўны бюджэт дадатковымі расходамі. "Інакш кажучы, усё, што ўдасца сэканоміць у ходзе рэфармавання МУС, павінна застацца і застанецца ў вас для таго, каб размеркаваць у сувязі з вашымі патрэбнасцямі", — растлумачыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на неабходнасці вызначыць галоўныя напрамкі рэфармавання, зыходзячы з асноўнага прызначэння органаў унутраных спраў, пры гэтым не забываць аб унутраных рэзервах, якія трэба выкарыстоўваць у поўнай меры.

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў транспартную міліцыю, на долю якой прыпадае каля 1 працэнта рэгіструемых у краіне злачынстваў. "Відавочна, што ўзровень нагрузкі на асабовы склад там на некалькі парадкаў ніжэйшы, чым у тэрытарыяльных органах. У сувязі з гэтым заканамерна паўстае пытанне аб ліквідацыі такога дысбалансу. Сістэма забеспячэння транспартнай бяспекі будавалася гадамі і на працягу дзесяцігоддзяў заставалася абсалютна нязменнай. Хоць адбыліся значныя зрухі і ў тэхнічным аснашчэнні, і ў арганізацыі работы службы. Ды і той дзяржавы, вялікай па тэрыторыі, не існуе, калі стваралася транспартная міліцыя, гэта было абгрунтавана", — сказаў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рашэнне павінна быць усебакова ўзважаным і абгрунтаваным, якое дасць магчымасць не толькі рацыянальна перабудаваць работу, але і захаваць інтарэсы людзей.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы лічыць, што міліцыю можна вызваліць і ад экспертнай дзейнасці, паколькі са стварэннем Следчага камітэта яна перастала быць адной з асноўных задач органаў унутраных спраў, большасць экспертыз праводзіцца па ініцыятыве следства. "Лагічна абмеркаваць пытанне вызвалення міліцыі ад гэтых функцый, якія сталі неўласцівымі. Адначасова выключыць ведамасны ўплыў і забяспечыць незалежнасць экспертаў. Гэта павысіла б аб'ектыўнасць расследавання, дало б магчымасць больш поўна забяспечыць законныя правы і інтарэсы нашых грамадзян", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што нараўне з МУС тут важная пазіцыя і Следчага камітэта, іншых зацікаўленых дзяржаўных органаў.

"Даволі эфектыўна з 1991 года выконвае сваё прызначэнне галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Аднак фактар арганізаванай злачыннасці цяпер не мае, напэўна, ужо такой рызыкі для нацыянальнай бяспекі, як гэта было раней, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Успомніце, у гэту службу тады адбіралі лепшых. Цяпер з улікам існуючай абстаноўкі і без урону для справы магчыма "вярнуць доўг". Умацаваць асабовым складам глаўка іншыя службы крымінальнай міліцыі, на якія прыпадае асноўная нагрузка па раскрыцці злачынстваў".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўчастковага інспектара міліцыі неабходна вызваляць ад неўласцівых функцый. "Гэта сапраўды актуальная праблема. І ў сувязі з тым, што мы асноўны ўпор будзем рабіць на падняцце прэстыжу ўчастковага інспектара, неабходна падумаць аб тым, каб ён займаўся канкрэтнымі рэчамі, тымі, якімі ніхто іншы не можа займацца", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але ў той жа час і спяшацца нельга, таму што ўчастковы — бог, цар і воінскі начальнік на месцы. Іншых там сілавых структур людзі практычна не бачаць або бачаць ад выпадку да выпадку, калі нешта адбылося надзвычайнае. Таму нельга нам узяць, як у дрэва, абсекчы галіны, і ўчастковы будзе як голы ствол. Вельмі акуратна трэба да гэтага падысці, але ад неўласцівых функцый яго трэба вызваляць", — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што адпаведныя даручэнні былі дадзены міністру ўнутраных спраў пры назначэнні яго на пасаду, і даручыў прапанаваць найбольш рацыянальныя шляхі рэфармавання МУС.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта нарада з'яўляецца прадаўжэннем той вялікай работы, якая была пачата. "І мы знаходзімся, хутчэй за ўсё, у пачатку шляху, — адзначыў Прэзідэнт. — Рэформу МУС я бачу як удасканаленне той сістэмы, структуры МУС, якая сёння склалася, пад тую структуру, якая нам патрэбна ў будучым".

←Время вносит коррективы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика