Прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў вырашыў не вяртацца ў Беларусь
05.11.2012 14:16
—
Новости Политики
Прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў вырашыў не вяртацца ў Беларусь
Фото из архива Bymedia.net |
"Наша Ніва": Аляксандр, ці сапраўды вырашылі не вяртацца ў краіну?
Аляксандр Атрошчанкаў: Так, не збіраюся. Ад 3 верасня я не ў Беларусі.
"НН": Чаму прынялі такое рашэнне?
АА: Як я і казаў, 3 верасня я вяртаўся ў Беларусь з міжнароднай канферэнцыяй. Вяртаўся цягніком з Расіі, партызанскімі шляхамі. У цягнік была спроба затрымання, арышту ці выкрадання мяне. Не ведаю нават, як гэта назваць. За некалькі прыпынкаў ад Мінска вагон пачалі заходзіць па аднаму чалавеку ў цывільным, якія сачылі за мной. Я патэлефанаваў Наталлі Радзінай, сваёй жонцы. Паведаміў, што магу быць арыштаваны. Але я здолеў увесці гэтых людзей у зман і адарвацца. У Мінску я нават не заходзіў дадому, бо разумеў, што там мяне могуць чакаць, а адразу вылічваў шляхі адступлення.
"НН": Як выязджалі з краіны?
АА: Не хацеў бы паліць кантору, бо такім шляхам яшчэ могуць скарыстацца іншыя людзі.
"НН": Дзе вы цяпер?
АА: У Варшаве. Збіраюся тут заставацца.
"НН": Сям’я з вамі, ці засталася ў Беларусі?
АА: Ад нядаўняга часу яны разам са мной: і жонка, і сын.
"НН": Чым займаецеся ў Варшаве?
АА: Грамадскай дзейнасцю на карысць Беларусі.
"НН": Ваша рашэнне застацца ў Польшчы неяк звязана з падобнымі рашэннямі Змітра Бандарэнкі і Андрэя Саннікава?
АА: Я расказаў Бандарэнку маю сітуацыю. Магчыма, нават гэтая гісторыя стала штуршком, каб Зміцер таксама прыняў рашэнне не вяртацца ў Беларусь. Хутчэй, я паўплываў на іх, чым яны на мяне.
"НН": Чаму не афішавалі сваё рашэнне?
АА: Быў момант з перавозкай сям’і да мяне. Але я ніколі не хаваў, калі пыталіся, то шчыра адказваў.
"НН": Будзеце прасіць палітычны прытулак?
АА: Не хацеў бы. Буду глядзець. Пакуль што я разглядаю сваё знаходжанне ў Варшаве, як доўгатэрміновую камандзіроўку.