Пазняк: Хай не пілікаюць, што КДБ злівае, а Пазняк не разабраўся

Источник материала:  
02.11.2012 17:45 — Новости Политики

Пазняк: Хай не пілікаюць, што КДБ злівае, а Пазняк не разабраўся

           


Пазняк: Хай не пілікаюць, што КДБ злівае, а Пазняк не разабраўся
Ці выкарыстоўваюць Зянона Пазняка спецслужбы ў змаганні з апазіцыяй, расказвае сам лідар КХП-БНФ.

Еўрарадыё: Ці чакалі вы такога рэзанансу ад свайго інтэрв’ю з выкрыццём апазіцыі?


Зянон Пазняк: Я чалавек незалежны ад журналістыкі. Але павінен быць чалавек, які будзе казаць праўду. Інакш праўда знікне. Сказана праўда, гэта ўсё пацвярджаецца, гэта ўсё відавочна — яны лямантуюць. Хай лямантуюць, што з таго?! Ім нічога ўжо не дапаможа, ім канец, яны поўныя банкруты! Не кажучы пра тое, якую вялікую шкоду яны зрабілі для Беларусі. Гэты рэжым трэба змятаць, разам з яго апазіцыяй. І ён будзе змецены разам з гэтымі прадажнымі людзьмі, якія прадалі і Беларусь, і палітыку, і Народны фронт, і нават Еўропу, якая ўсадзіла ў іх столькі мільёнаў. Раскралі, праелі, прафукалі і нічога не зрабілі. І Еўропа ад іх адвярнулася. Гэта — адпрацаваны матэрыял.

Еўрарадыё: Вы заклікаеце апазіцыю сысці з палітыкі. Але хто прыйдзе на іх месца, адкуль хто возьмецца?

Зянон Пазняк: Вось, да іх не пойдзе ніхто, бо яны смярдзяць. Але людзі ёсць — Беларусь жыве, Беларусь жывая! Байкот адбыўся — народ падтрымаў. Чые ідэі падтрымаў народ — іх?! Мае падтрымаў ідэі, нашы — 10 гадоў працавалі. А народ выказаўся ясна: ён гэты рэжым не падтрымлівае, ён гэтаму рэжыму не верыць. Вось вынік!

Еўрарадыё: Чаму менавіта зараз вы ўсе свае прэтэнзіі выказалі, чаму не ўчора?

Зянон Пазняк: Гэта гаварылася ад самага пачатку, як толькі была ўтвораная гэтая псеўдаапазіцыя — у канцы 1999 года, калі з’явіўся Вік. Гэта ўсё было сказана, усё было надрукавана, пра гэта нават выпушчаныя кніжкі. Гэта не новае, але звярнуліся да гэтай тэмы, таму што грамадства мяняецца. Байкот паказаў, што гэтых людзей народ не падтрымлівае, народ падтрымлівае нашы ідэі. Бо мы народ не абзываем “чаркай і шкваркай”, мы народ не абзываем “дурны”. Мы на народ па-іншаму глядзім, спадзяемся на наша грамадства. А гэтыя людзі вычарпалі свой рэсурс. Яны ўвесь час падтрымлівалі рэжым, яны клікалі на ўсе выбары людзей — калі хадзіць было немагчыма. У 2004 годзе, калі Лукашэнка задумаў рэферэндум аб сваіх вечных паўнамоцтвах, ні ў якім разе не можна было падтрымліваць гэтыя выбары і гэты рэферэндум — гэта было злачынства. А яны прыдумалі лозунг: “Ідзі і скажы яму сваё “Не”. Яны са скуры вылузваліся, каб прыйшлі людзі на рэферэндум. Бо задача была — каб прыйшлі людзі галасаваць. А фальсіфікатарская машына зробіць сваю справу. Хто зрабіў гэтага вечнага прэзідэнта? Яны! І яны нясуць палітычную адказнасць за гэтую дыктатуру.

Еўрарадыё: Не думаеце, што інфармацыю пра 4,5 мільёна долараў, якія нібыта “Гавары праўду!” атрымала на прэзідэнцкія выбары 2010 года, вам спецыяльна злілі з КДБ, каб скарыстаць вас у змаганні рэжыму з апазіцыяй?

Зянон Пазняк: У 1990-х гадах яшчэ да мяне прыязджалі кіраўнікі раёнаў і ў жаху расказвалі пра ўсю сітуацыю: яны даведваліся, што на кожнага з іх ёсць дасье. На кожнага бюракрата! І ў выпадку чаго яго шантажуюць. Гэта сутнасць рэжыму. Таму ён не мае ніякай апоры, як толькі нешта хіснецца — яны ад яго адвернуцца. І калі гэтыя людзі могуць неяк бараніцца, даваць некуды інфармацыю — яны даюць. Халуі прадаюць сатрапа ў першую чаргу. І яны ўжо прадаюць.

Я прыгадваю, як у 1994 годзе была прэзідэнцкая кампанія. Была сфармавана група Лукашэнкі, у якой былі Булахаў, Лябедзька, Ганчар, Сініцын. У тым ліку і Фядута. Так, Фядута прысылаў да мяне двойчы ці тройчы сваіх прадстаўнікоў — ён хацеў перадаць дасье на Лукашэнку. Ён не ведаў, хто будзе прэзідэнтам, і гуляў на два бакі. Я не стаў з ім ні гаварыць, ні браць — усё, што трэба, пра Лукашэнку я ведаў і без яго. Але я паказваю псіхалогію гэтых людзей. І цяпер яны пайшлі ў апазіцыю! Яны ўжо сто разоў прадаліся і яшчэ нешта пілікаюць! Яны будуць на галаву станавіцца, казаць, што КДБ злівае, а Пазняк не разабраўся...

Еўрарадыё: ...Пазняк у эміграцыі адарваўся ад рэчаіснасці...

Зянон Пазняк: Нічога я не адарваўся! Усё, што я кажу, усе мае палітычныя ініцыятывы спраўджваюцца. Я не адарваўся — я пра байкот казаў 10 гадоў таму! Тое самае — пра расійскую палітыку, тое самае — пра заходнюю палітыку, пра двайныя стандарты. Яны (апазіцыя. Еўрарадыё) гэта самі цяпер убачылі, пасля таго яе Еўропа іх выкінула. А чаму выкінула? Бо ўбачыла, што няма толку: грошы даюць, і грошы крадуць. Хто пра гэта сказаў першы? Аляксандр Фядута! Ён кажа пра 24 мільёны долараў — пра гэта ўсё напісана імі ж! Таму ўвесь іх вэрхал... Хай лепш маўчаць і дзе-небудзь сядзяць на пенсіі — іх час заканчваецца!

Еўрарадыё: А не таму што Зянон Пазняк пакрыўдзіўся на тую ж “Гавары праўду!”, што яны распачалі кампанію па абароне Курапатаў? А гэта ж яго, тое, з чаго Пазняк пачынаўся?

Зянон Пазняк: Мы ведаем, з кім маем справу, і ведаем, што такое Курапаты. І хто змагаецца супраць Курапатаў. І хай яны лепш маўчаць, такія абаронцы, як Дзмітрыеў! Мы ведаем тэхналогію гэтай абароны. Як толькі ўзнікае складанае пытанне з Курапатамі, як толькі ідзе навал на Курапаты — кантора адразу пачынае ствараць свае арганізацыі, якія змагаюцца за Курапаты. Яны адразу пачынаюць дасылаць сваіх спецоў, якія пачынаюць агітаваць за Курапаты — каб вылезці наперад і даваць каментары. Гэта тэхналогія, якую мы прайшлі ў 2001 годзе, калі аўтастраду вялі праз Курапаты. Дарогу зрабілі, але Курапаты засталіся. Але ўсе гэтыя арганізацыі прайгралі, і пасля гэтага духу іх не засталося — усе абаронцы выпарыліся. Толькі аднаго спеца пакінулі — Кузняцова. Але і ён цяпер праваліўся.
 

←Временный поверенный в делах США: "Я увидел Беларусь в трех измерениях и в полном цвете…"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика