Аляксандр Лукашэнка патрабуе стварыць эфектыўную сістэму кіравання акцыянернымі таварыствамі з доляй дзяржавы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе стварыць эфектыўную сістэму кіравання акцыянернымі таварыствамі з доляй дзяржавы. Аб гэтым размова ішла ўчора на нарадзе ў Прэзідэнта па пытанні ўдасканалення кіравання дзяржаўнымі акцыямі, перадае БЕЛТА.
"Сістэма павінна быць не новай бюракратычнай надбудовай, якая будзе перашкаджаць рабоце прадпрыемстваў, гэта павінна быць сістэма, якая будзе эфектыўная і карысная для дзяржавы, найперш, эканомікі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што пытанні рацыянальнага выкарыстання дзяржаўнай уласнасці заўсёды павінны быць у цэнтры ўвагі органаў улады — як цэнтральных, так і мясцовых.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ён неаднаразова ставіў задачы перад урадам па павышэнні эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі пакетамі акцый у акцыянерных таварыствах.
"Сістэма кіравання дзяржуласнасцю з'яўляецца рэзультатыўнай толькі ў тым выпадку, калі, па-першае, акцыянерныя таварыствы вырашаюць агульнадзяржаўныя задачы (сканцэнтраваны на забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, харчовай, экалагічнай, інфармацыйнай бяспекі), а не замыкаюцца на вузкакарпаратыўных інтарэсах; па-другое, працуюць прыбыткова, з добрай рэнтабельнасцю; па-трэцяе — мабільна рэагуюць на змяненне кан'юнктуры рынку", — лічыць Прэзідэнт. Ён са шкадаваннем канстатаваў, што, як паказвае практыка, тут у Беларусі нямала праблем.
"Нават там, дзе ў дзяржавы кантрольны пакет акцый, працвітаюць самазаспакоенасць і ўтрыманства. Наглядальныя саветы бяздзейнічаюць, аддаючы на водкуп дырэктарам усе сур'ёзныя рашэнні. Не дай бог, каб атрымалася так, як нядаўна нам давялося з губернатарамі Мінскай і Гомельскай абласцей разбірацца па кандытарскай галіне, калі наглядальныя саветы сталі інструментам у руках аднаго дзялка, думаю, не бясплатна", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, вельмі дрэнна працуе сістэма ўзаемадзеяння дзяржаўных і прыватных інвестараў пры сумесным кіраванні акцыянернымі таварыствамі. "Не проста дрэнна працуюць. Часам дзяржаўныя інвестары або гаспадары ад дзяржавы не проста змыкаюцца ў інтарэсах з прыватнікамі, але з'яўляюцца проста інструментам дзейнасці гэтых прыватных асоб. Зноў жа тыя ж кандытарскія фабрыкі і г.д. Словам, сёння ўладальніцкі нагляд не адпавядае сучасным патрабаванням і мае патрэбу ў кардынальным паляпшэнні".
Ва ўласнасці ў дзяржавы знаходзяцца акцыі 1738 адкрытых акцыянерных таварыстваў. І ў наглядальным савеце кожнага — прадстаўнік дзяржавы. "Але, паглядзеўшы на якасны склад такіх прадстаўнікоў, пераконваешся, што гэта не заўсёды тыя людзі, якія там патрэбны. Тады паўстае пытанне: навошта вы іх туды пасылалі?" — задаў слушнае пытанне кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, прадстаўнік павінен быць не проста "вокам дзяржавы, але высокапрафесійным спецыялістам, які павінен інфармаваць і прымаць адпаведныя рашэнні, калі гэта трэба, па праблемных пытаннях работы ААТ".
Прэзідэнт адзначыў, што на нарадзе разглядаецца праект указа па ўдасканаленні сістэмы кіравання дзяржаўнай уласнасцю, павышэнні эфектыўнасці ўладальніцкага нагляду. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што абсалютна непрымальна капіраваць сістэму заходніх краін. Пры гэтым ён адзначыў, што неабходна ўважлівым чынам вывучыць кітайскую сістэму. "І калі не можаце прыдумаць нічога новага, то хаця б скапіруйце нармальную сістэму і прыстасоўвайце яе да ўмоў Беларусі. Але галоўнае не ў гэтым. Якая будзе сістэма, мы цудоўна разумеем. Яна павінна быць дакладнай, вызначанай, простай і ні ў якім выпадку не павінна быць бюракратычнай. А так мы створым яшчэ адну вертыкаль ад Прэзідэнта, як прапануецца ва ўказе, да калгаса-саўгаса", — сказаў Прэзідэнт.