Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "Савет Рэспублікі займае найважнейшае месца ў палітычнай сістэме нашай дзяржавы"
Першая сесія Савета Рэспублікі — у новым будынку
Учора адбылося першае пасяджэнне першай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання. Сімвалічна, што новае скліканне верхняй палаты парламента пачало сваю работу ў адрэканструяваным будынку на вуліцы Чырвонаармейскай, 9, у якім раней размяшчалася Нацыянальная бібліятэка. Пасяджэнне адкрыла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Яна нагадала, што ў склад верхняй палаты беларускага парламента выбрана 56 членаў Савета Рэспублікі, яшчэ адзін парламентарый — старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра — прызначаны ўказам кіраўніка дзяржавы (па прэзідэнцкай квоце ў верхнюю палату парламента яшчэ могуць быць прызначаны 7 сенатараў). У адкрыцці першай сесіі Савета Рэспублікі прыняў удзел і сам Прэзідэнт краіны.
Перад пачаткам пасяджэння Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з умовамі працы сенатараў, работнікаў Сакратарыята Савета Рэспублікі, інфармацыйна-тэхнічным абсталяваннем будынка. Дарэчы, пры рэканструкцыі былой Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выкарыстаны самыя сучасныя тэхналогіі, створана тут і безбар'ернае асяроддзе для інвалідаў-калясачнікаў.
Падчас свайго выступлення Прэзідэнт Беларусі прапанаваў зрабіць новы будынак Савета Рэспублікі даступным для ўсіх беларусаў і замежных гасцей.
"Гэта нармальная сусветная практыка, калі любы чалавек можа прыйсці на экскурсію і паглядзець, як працуе вышэйшы заканадаўчы орган краіны", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Савет Рэспублікі цяпер выдатна абсталяваны тэхнічна.
"Сучасныя камп'ютарныя і тэлекамунікацыйныя сістэмы забяспечваюць добрыя ўмовы для вашай працы", — зазначыў беларускі лідар.
Савет Рэспублікі, паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, займае найважнейшае месца ў палітычнай сістэме нашай дзяржавы. "Не сакрэт, што некаторыя нашы нядобразычліўцы называюць Савет Рэспублікі нібыта залішнім элементам або штучнай надбудовай у сістэме беларускай улады, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Аднак само жыццё паказала — толькі дзейнічаючы разам, абедзве нашы палаты стварылі эфектыўны парламент, які служыць народу і захоўвае стабільнасць, мір і спакой у грамадстве".Як адзначыў Прэзідэнт, Савет Рэспублікі выконвае ролю свайго роду палітыка-прававога "фільтра", калектыўнага эксперта ўжо прынятых дэпутатамі законапраектаў. "Гэта выключна важная, можна сказаць, прынцыповая рэч, — падкрэсліў беларускі лідар. — Вы павінны, ідучы ад жыцця, ад практыкі, адказаць на пытанне — ці прынясе той ці іншы закон рэальную карысць людзям і краіне? Ці рэальна выканаць гэты закон?"
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер у Палаце прадстаўнікоў рыхтуецца да разгляду каля 50 праектаў законаў. "Так што ў працу давядзецца ўключацца з першага дня", — заўважыў, звяртаючыся да сенатараў, беларускі лідар.
Сярод прыярытэтных напрамкаў заканатворчай дзейнасці кіраўнік дзяржавы назваў эфектыўную эканоміку і сацыяльную палітыку. Новаму складу парламента трэба будзе працягнуць працу па ратыфікацыі міжнародных дагавораў, заключаных у рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Таксама важная праца сенатараў у напрамку развіцця міжнародных сувязяў і міжпарламенцкіх кантактаў.
"Энергічныя і прадуманыя міжнародныя кантакты па парламенцкай лініі могуць і павінны даваць велізарную практычную аддачу і па прасоўванні нашых тавараў, і па інвестыцыях, і па ўмацаванні іміджу Беларусі. Працуйце з тымі, хто паважае наш народ, прызнае наш суверэнітэт і гатовы выбудоўваць з намі адносіны на роўных, — наказаў Прэзідэнт. — А гэта большасць краін свету — і брацкая Расія, і вялікі Кітай, Індыя, высокаразвітыя ўсходнеазіяцкія дзяржавы, багатыя арабскія краіны, Венесуэла, уся Лацінская Амерыка і Афрыка. Для актыўнага і плённага парламенцкага ўзаемадзеяння вельмі важныя вашы асабістыя кантакты з замежнымі калегамі".
Яшчэ адно важнае прызначэнне Савета Рэспублікі — сувязь з рэгіёнамі.
"Вы абраныя дэпутатамі мясцовых Саветаў і менавіта таму асабліва востра павінны адчуваць тое, як жывуць і развіваюцца вобласці, раёны, аграгарадкі, пасёлкі і вёскі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць неабходным развіваць і ўдасканальваць у краіне мясцовае самакіраванне.
"Сітуацыя ў краіне ўжо даўно стабільная і кіруемая. Наша грамадства дастаткова пасталела для таго, каб развівацца далей, у тым ліку і ў плане стымулявання, падтрымкі мясцовай ініцыятывы грамадзян. Па сутнасці, мясцовае самакіраванне — гэта і ёсць аснова дэмакратыі", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Адзін з найважнейшых напрамкаў работы сенатараў, на думку беларускага лідара, — узаемадзеянне з насельніцтвам. "Парламентарыям трэба весці прамую размову з людзьмі, прыслухоўвацца да думкі грамадзян, улічваць іх жыццёвыя патрэбы. Работа сенатараў павінна быць бачная ў рэгіёнах. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі даюць масу магчымасцяў для яе асвятлення. Нараўне з дзяржаўнымі СМІ неабходна шырэй выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы".
"Савет Рэспублікі разам з Прэзідэнтам у самыя крытычныя моманты прымае самыя важныя рашэнні. Вы пра гэта павінны памятаць. Гэтым усё сказана, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Самае галоўнае — кожны з прысутных тут павінен адчуваць сябе адказным за краіну і дабрабыт беларускага народа".
Спікерам верхняй палаты парламента абраны Анатоль Рубінаў
У ходзе пасяджэння Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 5-га склікання сенатары выбралі Анатоля Рубінава, які ўзначальваў верхнюю палату парламента папярэдняга склікання. Яго намеснікам — старшыню прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоля Русецкага.
Зноў выбраць Анатоля Рубінава старшынёй верхняй палаты парламента прапанаваў член Савета Рэспублікі Аляксандр Косінец. Анатоль Рубінаў у сваю чаргу запэўніў, што на пасадзе старшыні Савета Рэспублікі працягне рабіць усё, каб парламент займаў годныя пазіцыі як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Падчас свайго выступлення ён акрэсліў уласнае бачанне найважнейшых задач для Савета Рэспублікі новага склікання.
Паводле слоў Анатоля Рубінава, сенатараў чакае вялікая праца па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства, развіцці міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Ён таксама звярнуў увагу парламентарыяў на неабходнасць актыўнага ўзаемадзеяння з мясцовымі Саветамі дэпутатаў, авалодання навыкамі вядзення "парламенцкай дыпламатыі".
На думку Старшыні Савета Рэспублікі, павінны стаць больш плённымі і зносіны сенатараў са СМІ: "Голас сенатара павінен гучаць у СМІ. Трэба, каб мы больш актыўна выказвалі сваю пазіцыю па актуальных пытаннях, не адмоўчваліся, але і не ператваралі гэта ў "гаварыльні".
Акрамя таго, Анатоль Рубінаў не выключае, што членам верхняй палаты трэба будзе прааналізаваць выбарчае заканадаўства Беларусі, прапанаваць далейшыя варыянты развіцця парламента ў краіне. "Сёння ў нас мажарытарная выбарчая сістэма. Нам трэба будзе абмяркоўваць, саспелі мы ці не для змены выбарчай сістэмы (у прыватнасці, пераходу да змешанай сістэмы, каб частка парламентарыяў выбіралася па партыйных спісах)", — сказаў Анатоль Рубінаў.
"Я пастараюся, каб мы працавалі без лішняга піяру, пустога скалынання паветра, але спакойна, па-дзелавому, і каб ад нас была карысць", — рэзюмаваў Анатоль Рубінаў.
Учора таксама былі выбраны старшыні пастаянных камісій Савета Рэспублікі
Па рашэнні сенатараў у Савеце Рэспублікі захаваецца ранейшы пералік пастаянных камісій: па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, па эканоміцы, бюджэце і фінансах, па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Пастаянную камісію Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве ўзначаліла Лілія Мароз, якая з'яўлялася ў мінулым скліканні намеснікам старшыні гэтай камісіі. Старшынёй Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах абраны Уладзімір Панцюхоў — старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў. Старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці стаў Мікалай Казаравец — рэктар Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Пастаянную камісію па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні ўзначаліла Святлана Герасімовіч — старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Старшынёй Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы сенатары выбралі Уладзіміра Сянько, які шмат гадоў працаваў на дыпламатычнай рабоце.
Надзея ПАЎЛАВА.