Аляксандр Лукашэнка: "Наступная задача — прарыў Беларусі ў элітны клуб высокаразвітых краін"

Источник материала:  

Учора ў Авальнай зале Дома ўрада адбылося заключнае сумеснае пасяджэнне Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу чацвёртага скліканняз удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра ЛУКАШЭНКІ.

Аляксандр Лукашэнка выступіў перад дэпутатамі з прамовай, у якой даў ацэнку работы прадстаўнічага і заканадаўчага органа краіны за апошнія гады і выказаў пажаданні для парламента наступнага склікання.

"Чатыры гады вашай працы былі няпростым часам для краіны, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да дэпутатаў і сенатараў. — Крызісныя з'явы ў сусветнай эканоміцы дакаціліся і да Беларусі. Нашы знешнія і ўнутраныя нядобразычліўцы пастаянна атакавалі дзяржаву, спрабуючы парушыць галоўнае заваяванне апошняга дзесяцігоддзя — стабільнасць, спакой і мір у грамадстве".

У тым, што "Беларусь з гонарам вытрымала ўсе выпрабаванні, нацыя засталася адзінай, мы пераадолелі крызіс і працягнулі паступальнае развіццё эканомікі", ёсць немалая заслуга і беларускага парламента, лічыць Прэзідэнт.

Усе гэтыя гады парламент заставаўся найважнейшай апорай палітычнай стабільнасці, умацоўваў адзінства ўлады і грамадства, спакойна і мудра ствараў заканадаўчыя ўмовы для рэалізацыі стратэгічнага курсу, які вызначаны Усебеларускім народным сходам і падтрыманы пераважнай большасцю беларускага народа, сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка:  "Наступная задача — прарыў Беларусі ў элітны клуб высокаразвітых краін"

Парламентам дзейнага склікання разгледжана больш за 430 законаў, у тым ліку 3 кодэксы.

"Вядома, справа не ў колькасці нарматыўных актаў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Важна тое, што прынятае вамі заканадаўства дазваляе развіваць эканоміку, паляпшаць жыццё нашых людзей, абараняць іх правы і інтарэсы".

Прэзідэнт падкрэсліў таксама, што высокая выніковасць заканатворчай дзейнасці ў многім тлумачыцца тым, што цяперашні склад Нацыянальнага сходу характарызуецца наяўнасцю ў ім высакакласных спецыялістаў, якія маюць вялікі вопыт прафесійнай і кіраўніцкай дзейнасці.

Яшчэ адной адрознай асаблівасцю дзейнага складу парламента лідар краіны назваў аператыўнасць працы над дакументамі. Нормай стала прыняцце закона на працягу аднаго года, законы аб рэспубліканскім бюджэце прымаліся да пачатку фінансавага года.

"Лічу, што менавіта зладжанасць і аператыўнасць працы парламентарыяў у многім дазволілі вырашаць найважнейшыя задачы забеспячэння дастаткова высокіх тэмпаў эканамічнага развіцця, сацыяльнага міру і стабільнасці ў грамадстве на фоне крызісных з'яў у сусветнай эканоміцы", — сказаў Прэзідэнт.

Сярод найбольш важных дасягненняў Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання ён назваў удасканаленне Падатковага кодэкса, праваахоўнай і судовай сістэм, прыняцце Кодэкса аб адукацыі і новага Жыллёвага кодэкса, шэрагу важных законаў у сферы аховы здароўя, сацыяльнай абароны грамадзян, Закона аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб, фарміраванне дагаворна-прававой базы Мытнага саюза і плённую міжнародную парламенцкую дзейнасць.

Выключна важнай Аляксандр Лукашэнка лічыць таксама працу дэпутатаў у акругах, прыём грамадзян, сустрэчы ў працоўных калектывах, абарону інтарэсаў канкрэтных выбаршчыкаў.

"Па сутнасці, гэта і ёсць галоўная справа для любога парламентарыя, — сказаў беларускі лідар. — Менавіта ў дэпутата просты чалавек павінен знаходзіць абарону ад самаўпраўства. І менавіта клопат і праблемы простых выбаршчыкаў павінны быць компасам для дэпутата ў яго заканатворчай дзейнасці".

Аляксандр Лукашэнка спыніўся на некалькіх момантах, разважаючы пра крытыку ролі беларускага парламента ў кіраванні дзяржавай. Ён нагадаў, што аб'ём паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу вызначаны Канстытуцыяй нашай краіны, якая была прынята на ўсенародным рэферэндуме. "Беларускі народ зрабіў прынцыповы выбар на карысць моцнай улады, моцнай прэзідэнцкай рэспублікі", — нагадаў ён і прыкладамі з сусветнай гісторыі праілюстраваў, наколькі важным з'яўляецца такі выбар для станаўлення маладых нацый і дзяржаў.

"Цяперашняя мадэль беларускай дзяржаўнасці далёка не вычарпала свае магчымасці. Дзякуючы ёй мы стварылі першую незалежную беларускую дзяржаву. На парадку дня наступная гістарычная задача — мадэрнізацыя краіны, прарыў у элітны клуб высокаразвітых краін, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сёння гэта каму-небудзь можа здацца фантазіяй, але некалі думка пра тое, што Беларусь можа існаваць як суверэнная дзяржава, праводзіць уласную незалежную палітыку, таксама здавалася нязбытнай".

"Тым не менш мы дабіліся гэтага. Даб'ёмся і ўсяго астатняга. І моцная дзяржава з моцнай прэзідэнцкай уладай — гэта неабходны інструмент у дасягненні працвітання і дабрабыту нашага народа", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт не пагадзіўся і з абвінавачваннямі ў "безгалосасці"  ў бок дэпутатаў. Ён сказаў, што ведае, наколькі вострымі бываюць дыскусіі ў парламенцкіх камісіях і сесіях, але разам з тым заклікаў будучы парламент быць больш адкрытым для грамадства.   Кіраўнік дзяржавы спыніўся на сістэме парламенцкіх выбараў. Беларусь ніколі не адмаўляла змешаную або партыйную сістэму, аднак пакуль час для іх не саспеў, выбары па іх не могуць быць эфектыўнымі, раз у грамадстве няма аўтарытэтных партый, лічыць Прэзідэнт.

Не толькі простыя людзі, але і прадстаўнікі эліты ў нас мала што ведаюць пра існуючыя партыі, заўважыў кіраўнік дзяржавы. Многія не назавуць і трох з акрэсленай платформай і дакладнай праграмай. Ён канстатаваў, што кампанія па так званым байкоце парламенцкіх выбараў ганебна правалілася, паказаўшы слабасць і баязлівасць так званай пятай калоны, якая не жадае нават імітаваць барацьбу за ўладу. "Падстаў для злараднасці тут абсалютна ў мяне няма. Шчыра скажу вам: шкада, што ў нас так пакуль і не з'явілася нармальная, сумленная, адказная апазіцыя, якая перажывае за краіну, а не за распілоўванне замежнай міласціны", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі народ зрабіў свой выбар. "Абсалютная большасць насельніцтва падтрымала тых кандыдатаў, якія выступалі за мір і спакой у краіне, за працяг сацыяльна-эканамічнага курсу, заснаванага на незалежнасці і абароне інтарэсаў простага чалавека", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Я вельмі хацеў бы спадзявацца, і я прыхільнік гэтага, каб ужо цяперашні парламент пятага склікання пачаў нейкую мадэрнізацыю нашай палітычнай сістэмы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта будзе залежаць не толькі ад унутраных умоў, але, перш за ўсё, ад таго, у якой знешнепалітычнай сітуацыі будзе існаваць краіна. "Пры жорсткім націску збоку, калі вырашаецца пытанне, быць ці не быць дзяржаве, мы ўсё роўна будзем па-славянску збірацца ў кучу вакол нейкай асобы для таго, каб абараніцца, каб адстаяць свой кавалак зямлі, каб была будучыня ў нашых дзяцей, каб мы проста маглі існаваць як дзяржава, як нацыя, — сказаў Прэзідэнт. — Сёння, што мяне здзіўляе, з'яўляюцца размовы аб тым, што калі немагчыма іх узяць голымі рукамі, трэба падумаць і аб іншых напрамках уздзеяння на Беларусь і на гэта грамадства".

Сярод іншых пажаданняў, якія датычацца работы парламентарыяў наступнага склікання, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць пераемнасці і выкарыстання набытага папярэднікамі заканадаўчага і палітычнага вопыту. "Работа абедзвюх палат парламента павінна быць максімальна ўзгодненай. Усе існуючыя пытанні трэба абмяркоўваць і вырашаць на пачатковых стадыях работы з законапраектам", — сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, заканатворчасць павінна ісці ў нагу з часам, а пры рабоце над законапраектамі не павінна быць крайнасцяў, пагоні за тэрмінамі і колькасцю.

Яшчэ адно пажаданне Прэзідэнта парламентарыям наступнага склікання — ісці ў народ, адкрыта размаўляць з людзьмі і абавязкова ўлічваць іх меркаванне.

"І, можа быць, самае важнае: парламентарыям пятага склікання перш за ўсё трэба на ўзроўні заканадаўчых рашэнняў забяспечыць рэалізацыю задач, вызначаных у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бягучую пяцігодку. Гэта двайная адказнасць, паколькі вынікі парламенцкай работы будуць непасрэдна звязаны з вынікамі рэалізацыі названай праграмы", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Новаму складу парламента таксама неабходна завяршыць работу па ратыфікацыі міжнародных дагавораў, заключаных у рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Заканадаўчага вырашэння патрабуюць і праблемы стварэння новых высокатэхналагічных рабочых месцаў, ажыццяўлення даступнага жыллёвага будаўніцтва і інш.

"Перакананы, што работа беларускага парламента будзе падпарадкавана адной святой мэце — абароне інтарэсаў народа нашай краіны", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка падзякаваў парламентарыям чацвёртага склікання за прафесійную і эфектыўную работу.

"Тым, хто не плануе прадоўжыць работу ў новым складзе Нацыянальнага сходу, магу з упэўненасцю сказаць: кадры, якія прайшлі парламенцкую загартоўку, вельмі патрэбны краіне", — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў высокія дзяржаўныя ўзнагароды некаторым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Першая сесія новага — пятага — склікання Палаты прадстаўнікоў пачне працу 18 кастрычніка. У гэты склад выбрана 109 дэпутатаў, а яшчэ па адной з акруг выбары пройдуць паўторна адначасова з выбарамі ў мясцовыя Саветы.

Першае пасяджэнне Савета Рэспублікі ў новым складзе пройдзе 19 кастрычніка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

←Поиски логики и правды в зале ассамблеи

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика