Курсам на ўстойлівы рост
Паважаныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў!
Паважаныя запрошаныя і журналісты!
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сёння, 2 кастрычніка 2012 года, пачынае работу адзінаццатая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.
З яе завяршэннем мы перададзім эстафету новаму складу дэпутацкага корпуса. Літаральна гэтымі днямі Цэнтральная выбарчая камісія падвяла вынікі кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў пятага склікання.
Выбары прайшлі ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі нормамі. Вынікі выбараў паказалі падтрымку беларускім грамадствам праводзімага ў краіне палітычнага курсу, накіраванага на захаванне сацыяльна-эканамічнай стабільнасці і правядзенне пераўтварэнняў у інтарэсах народа.
Паважаныя калегі, дазвольце мне павіншаваць дэпутатаў цяперашняга склікання, якія прадоўжаць сваю работу ў Парламенце. Не сумняваюся, што вы станеце ядром новага дэпутацкага корпуса і забяспечыце пераемнасць лепшых парламенцкіх традыцый.
Наша заключная сесія будзе непрацяглай, але дастаткова насычанай. Ключавое месца сярод пытанняў, якія нам трэба будзе разгледзець, несумненна, займае пакет законапраектаў у бюджэтна-фінансавай і падатковай сферах.
У наступным годзе краіна павінна паскорыць тэмпы эканамічнага росту, каб выйсці на параметры, устаноўленыя чацвёртым Усебеларускім народным сходам. І вельмі важна забяспечыць своечасовае прыняцце Закона "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год", каб дзяржаўныя органы і суб'екты гаспадарання маглі не губляючы час пачаць рэалізацыю намечаных планаў.
У праекце бюджэту прадугледжана стварэнне неабходных перадумоў для развіцця рэальнага сектара эканомікі. Гэта змяншэнне банкаўскіх ставак на крэдыты і зніжэнне падатковай нагрузкі, перш за ўсё на суб'екты малога прадпрымальніцтва.
Павелічэнне расходаў на адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру дасць магчымасць дзяржаве выканаць свае сацыяльныя абавязацельствы. Пры гэтым акцэнт будзе зроблены на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання сродкаў, якія выдзяляюцца на сацыяльную сферу, у тым ліку за кошт укаранення новых мадэляў фінансавання.
У ходзе сесіі мы таксама плануем завяршыць работу над законапраектамі, якія рэгулююць пытанні пенсійнага забеспячэння, барацьбы з тэрарызмам, процідзеяння экстрэмізму.
Да разгляду падрыхтавана больш за дзясятак законапраектаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў, якія накіраваны на ўмацаванне міжнародна-дагаворнай базы з Расіяй, Казахстанам, М'янмай, Сербіяй, Туркменістанам, Турцыяй, а таксама іншымі краінамі і інтэграцыйнымі ўтварэннямі, уключаючы Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору.
Усяго ж у парадак дня сесіі будзе ўключана амаль 30 пытанняў. Іх падрыхтоўка запатрабавала даволі напружанай работы ў міжсесійны перыяд.
У такім жа інтэнсіўным рэжыме ў гэты час ажыццяўлялася і міжнародная дзейнасць Парламента. Яе значны аб'ём прыпаў на ўзаемадзеянне з нашымі еўрапейскімі партнёрамі як у рамках Парламенцкай асамблеі АБСЕ, так і АБСЕ ў цэлым.
Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла ўдзел у 21-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Па нашай ініцыятыве была прынята рэзалюцыя "Садзейнічанне выкарыстанню новых і аднаўляльных крыніц энергіі".
Беларускія парламентарыі ўнеслі істотныя папраўкі ў канчатковую рэдакцыю Манакскай дэкларацыі, правялі шэраг двухбаковых сустрэч, нацэленых на развіццё супрацоўніцтва з парламентамі дзяржаў — членаў Арганізацыі.
Кіраўніцтву Асамблеі было перададзена запрашэнне прыняць удзел у міжнародным назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Як вынік, у верасні нашу краіну наведаў Старшыня ПА АБСЕ Рыкарда Мільёры, у Парламенце Беларусі прайшлі сустрэчы са спецыяльным каардынатарам кароткатэрміновых наглядальнікаў АБСЕ і кіраўніком місіі ПА АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь Матэа Мекачы, кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь Антоніа Мілошаскі.
Еўрапейскім палітыкам былі дадзены вычарпальныя растлумачэнні па маючых адбыцца выбарах, выкладзена пазіцыя беларускага боку адносна іх правядзення ў максімальна адкрытым фармаце для забеспячэння свабоднага волевыяўлення беларускіх выбаршчыкаў.
Новы крок зроблены ў наладжванні супрацоўніцтва з Міжпарламенцкай Асамблеяй АСЕАН. 16-19 верасня 2012 года Парламент Рэспублікі Беларусь прымаў удзел у 33-й Генеральнай асамблеі гэтай арганізацыі ў якасці паўнапраўнага наглядальніка.
Выступаючы з дакладам на першым пленарным пасяджэнні Асамблеі, Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Гумінскі В.А. выклаў наша бачанне магчымасцяў развіцця супрацоўніцтва з МПА АСЕАН.
У рамках Генеральнай асамблеі адбыліся сустрэчы з Генеральным сакратаром МПА АСЕАН Антоніа Куенка, кіраўнікамі парламенцкіх дэлегацый В'етнама, Камбоджы, Сінгапура, Філіпін. З інданезійскім бокам дасягнута дамоўленасць аб правядзенні візіту Старшыні Савета народных прадстаўнікоў Рэспублікі Інданезія Марзукі Алі ў Рэспубліку Беларусь у сакавіку 2013 года.
Трэба таксама адзначыць наш удзел у 21-й Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора, праведзенай у Санкт-Пецярбургу, дзе беларускі бок яшчэ раз заявіў аб сваім імкненні развіваць паўнакроўнае супрацоўніцтва з парламентамі дзяржаў гэтага рэгіёна.
Ажыццяўлялася планавая дзейнасць у рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і іншых міжпарламенцкіх структурах, створаных на постсавецкай прасторы. Нашы прадстаўнікі прынялі ўдзел у пасяджэнні рабочай групы па фарміраванні парламенцкага вымярэння еўразійскай эканамічнай інтэграцыі.
У рамках двухбаковага супрацоўніцтва прайшлі сустрэчы з парламентарыямі Азербайджана, Бразіліі, Украіны і Чэхіі, дыпламатамі Егіпта і Судана.
У міжсесійны перыяд актывізавалася работа ў выбарчых акругах, што цалкам можна растлумачыць: у час правядзення выбарчых кампаній у насельніцтва ўзрастае цікавасць да таго, што адбываецца ў краіне.
Людзі звяртаюцца не толькі з асабістымі праблемамі, але і ўзнімаюць важныя пытанні развіцця дзяржавы, прымаюць больш актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. І статыстыка пацвярджае гэта: колькасць сустрэч дэпутатаў з працоўнымі калектывамі павялічылася больш як у паўтара раза.
На заканчэнне, паважаныя дэпутаты, хачу падзякаваць вам і супрацоўнікам Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў за тое, што, нягледзячы на загружанасць у сувязі з выбарчай кампаніяй, вы правялі сур'ёзную работу і забяспечылі якасную падрыхтоўку сесіі. Упэўнены, што яна стане дастойным завяршэннем дзейнасці дэпутацкага корпуса чацвёртага склікання.
Дазвольце пажадаць усім нам паспяховай работы.