Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выцесніць неапраўданы імпарт сельгаспрадукцыі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выцесніць неапраўданы імпарт сельгаспрадукцыі, арыентуючы на нарошчванне вытворчасці гэтай прадукцыі ўнутры краіны. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў учора на нарадзе па пытаннях удасканалення механізму гаспадарання ў аграпрамысловым комплексе Беларусі, перадае БЕЛТА.
"Мы павінны ў сябе вырабляць усё тое, што можам, каб адысці ад імпарту. Мы гэта пачалі рабіць, ад круп і да "мармуровага" мяса, і па іншых кірунках, каб зарабіць грошы і захаваць свае сродкі, не вывозіць іх за межы краіны, закупляючы па імпарце прадукты харчавання", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт лічыць, што ў некаторай ступені ў гэтым можа дапамагчы вырашэнне праблемы сховішчаў, што дасць магчымасць рэалізоўваць прадукцыю ў больш выгадных умовах, асабліва вясной. Дадатковы даход ад вясенняга продажу значна павялічыць выручку гаспадарак.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне неабходна мадэрнізаваць і развіваць тыя вытворчасці, якія завязаны на ўласнай сыравіне, — лесе, зямлі, водных і прыродных рэсурсах. "Сельская гаспадарка ў гэтым аб'ёме стаіць на першым месцы. Гэта тое, што можа зрабіць нас значна больш незалежнымі ў плане спажывання сыравінных рэсурсаў, якія мы сёння ў асноўным імпартуем", — сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тыя вялікія рэсурсы, якія былі ўкладзены ў вёску ў свой час, пачынаюць даваць аддачу.
Тэндэнцыю па выхадзе на самаакупнасць аграрнага сектара ў Беларусі неабходна ўмацоўваць, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "У новых умовах гаспадарання ў рамках Мытнага саюза і АЭП давядзецца істотна скарачаць прамыя датацыі АПК на адзінку атрыманай прадукцыі і працаваць ва ўмовах канкурэнцыі. З уступленнем нашага галоўнага партнёра ў СГА гэта канкурэнцыя будзе толькі нарастаць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Я аб гэтым папярэджваў і раней, гады тры-чатыры таму, што падтрымка будзе зніжацца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сельская гаспадарка павінна навучыцца зарабляць у асноўным сама для таго, каб эфектыўна функцыянаваць. Але я яшчэ раз паўтараю, што мы не кінем вёску з праблемамі сам-насам, аднак дзяржава павінна займацца перш за ўсё такімі праблемамі, як інфраструктура, меліярацыя і ўвод новых зямель у абарот".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым беларускія аграрыі дэманструюць нядрэнныя вынікі па многіх напрамках, у тым ліку ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Так, за студзень—жнівень гэтага года тэмп росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў больш як 107 працэнтаў. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на асаблівую важнасць таго, што за апошнія тры гады нарошчванне аб'ёмаў прадукцыі дасягаецца нават пры некаторым зніжэнні дзяржаўнай падтрымкі вёскі. З 2009 па 2011 год дзяржпадтрымка АПК з разліку на 1 га сельгасугоддзяў знізілася на 11 працэнтаў, пры гэтым вытворчасць прадукцыі за гэты час павялічылася на 30 працэнтаў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адводзіць навуцы вядучую ролю ў справе інавацыйнага развіцця вёскі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтай пяцігодцы найважнейшая задача заключаецца ў тым, каб нарошчваць вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі за кошт інтэнсіўных фактараў і з улікам запытаў унутранага і знешняга рынкаў. На думку кіраўніка дзяржавы, вырашэнне гэтай задачы патрабуе комплекснага падыходу, зладжанай работы Мінсельгасхарча, навукова-даследчых цэнтраў і інстытутаў, прамысловых прадпрыемстваў і гандлёвых арганізацый, мясцовых органаў улады і спецыялістаў гаспадарак.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што больш як пяць гадоў таму ў краіне рэфармавалі аграрную навуку, стварыўшы навукова-практычныя цэнтры, з мэтай набліжэння яе да вытворчасці. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўжо ёсць пэўны станоўчы вынік, аднак яго трэба больш інтэнсіўна развіваць.
Прэзідэнт хацеў бы атрымаць адказ на пытанне, як у бліжэйшы час павысіць эфектыўнасць аграрнага сектара. Пры гэтым ён адзначыў, што тут неабходны паслядоўны падыход, які не дапускае шарахання з боку ў бок. "Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання — гэта штаб эканамічнага і інавацыйнага развіцця вытворчасці прадуктаў харчавання і сыравіны для перапрацоўчай прамысловасці. Ад паспяховай работы гэтай сферы залежыць харчовая бяспека дзяржавы", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што пры агульнай станоўчай дынаміцы развіцця не ўсё складваецца так, як планавалася. Ён нагадаў, што ў 2011 годзе не былі выкананы заданні Дзяржпраграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011—2015 гады па вытворчасці малака, мяса, недаатрымана таксама збожжа, рапсу і льновалакна. Прэзідэнт дадаў, што нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе сітуацыя ў многім лепшая, выкананне праграмы застаецца пад пытаннем.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на праблему недастатковай забяспечанасці кадрамі сельгасарганізацый. Прэзідэнт лічыць, што тут неабходна сур'ёзна перабудоўваць работу, набіраючы ў ВНУ тых, хто абавязкова застанецца працаваць у вёсцы.