Новыя кадравыя назначэнні
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 верасня разгледзеў кадравыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Прыму Віталя Аляксандравіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Індыя, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспубліцы Шры-Ланка па сумяшчальніцтве,
Бяскостага Вячаслава Васільевіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Габонскай Рэспубліцы, Рэспубліцы Гамбія, Рэспубліцы Камерун, Рэспубліцы Малі, Рэспубліцы Сенегал і Тагалезскай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве,
Калесніка Валерыя Георгіевіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Ірак па сумяшчальніцтве,
Молчана Андрэя Леанідавіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Ангола, Рэспубліцы Мазамбік і Рэспубліцы Намібія па сумяшчальніцтве,
Паферава Алега Сяргеевіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Шматнацыянальнай Дзяржаве Балівія і Рэспубліцы Эквадор па сумяшчальніцтве.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Кухарава Уладзіміра Яўгенавіча — першым намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама,
Галя Андрэя Вадзімавіча — намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама,
Крапака Аляксандра Пятровіча — кіраўніком адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска,
Паскробку Алега Рыгоравіча — кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска,
Дзямідава Аляксандра Уладзіміравіча — генеральным дырэктарам закрытага акцыянернага таварыства "Беларуская нафтавая кампанія",
Семенюка Паўла Яўгенавіча — генеральным дырэктарам дзяржаўнага гандлёва-вытворчага аб'яднання "Белрэсурсы",
Яноўскага Аляксандра Уладзіміравіча — генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Керамін",
Лысюка Анатоля Анатольевіча — старшынёй праўлення адкрытага акцыянернага таварыства "Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі "Белінвестбанк".
Назначаючы пасла ў Індыі і Шры-Ланцы па сумяшчальніцтве, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты рэгіён вельмі важны для Беларусі, перш за ўсё ў прамысловых адносінах.
"Індыя — вельмі перспектыўная для нас краіна, гэта гіганцкая краіна з вялікім спажываннем рознага віду тавараў, — сказаў Прэзідэнт. — Я бываў у Індыі, і там адносіны да нас вельмі добрыя. З намі гатовы працаваць, пачынаючы ад куплі тавараў і заканчваючы навуковымі распрацоўкамі, супрацоўніцтвам у навуковай сферы. Ім патрэбны тэхналогіі, якія ёсць у нас, але мы пакуль там працуем слаба". "Таму вам давядзецца гэты пласт узнімаць", — дадаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Віталя Прымы.
Наконт сталічнай вертыкалі Прэзідэнт падкрэсліў, што Мінск павінен стаць узорным горадам, у тым ліку ў частцы кіравання ім.
"Я вам скажу шчыра, паўтарыўшыся недзе: у мяне ўжо двойчы ўзнікала жаданне позна вечарам закрыць Мінгарвыканкам, апячатаць усе дзверы на суткі, а раніцай назначыць старшыню Мінгарвыканкама, можа быць, нават ваеннага, "жалезнага" чалавека, які б на працягу кароткага часу пачаў набіраць кіруючы склад, вярхушку гарвыканкама, якія адсеялі б з таго, што ёсць у гарвыканкаме, па мінімуме пакінулі работнікаў і набіралі новых", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Вось я вам шчыра, публічна яшчэ раз паўтараю жаданне, якое ў мяне двойчы ўзнікала. Я хацеў бы, каб гэта было апошні раз, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Паблажкі ніякай не будзе. Як хочаце мяне разумейце. Вы павінны быць у гэтым больш зацікаўлены, чым я, вы ж мінчане, вы ж тут выраслі". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў дзейнасці Мінгарвыканкама павінна быць выключана валакіта, асабліва ў рабоце з інвестарамі.
БЕЛТА.