У бюджэце 2013 года прадугледжаны значны рост выдаткаў на культуру

Источник материала:  

Учора, 26 верасня, у Ніжняй палаце парламента на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы быў разгледжаны праект бюджэту краіны на наступны год.

Гэта далёка не першае знаёмства дэпутатаў з галоўным фінансавым дакументам краіны: яны працавалі над ім з ліпеня ў складзе міжведамасных працоўных груп і ўдзельнічалі ў прысвечаных бюджэту пасяджэннях прэзідыумаў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Учора дэпутаты мелі магчымасць задаць свае пытанні і выказаць заўвагі распрацоўшчыкам праекта. Плануецца, што 2 кастрычніка праект бюджэту будзе разгледжаны Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні, а 8 кастрычніка — у другім.

— Бюджэту на наступны год уласцівае паўната ўліку даходаў, збалансаванасць абавязацельстваў з крыніцамі фінансавання, рост інвестыцый, крэдытаванне дзяржпраграм у аб'ёмах, якія не парушаць фінансавую збалансаванасць.

Ён традыцыйна мае выразны сацыяльны характар: апераджальнымі тэмпамі будуць расці аб'ёмы фінансавання аховы здароўя, адукацыі і навукі, — ахарактарызаваў дакумент старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Аляксандр АНТОНЕНКА. — Разам з тым, у праекце бюджэту сфарміраваны значныя рэсурсы для падтрымкі рэальнага сектара эканомікі — пераважна праз патанненне працэнтных ставак па банкаўскіх крэдытах. Праект дэкларуе стабільнасць падатковага заканадаўства і прадугледжвае зніжэнне падатковага цяжару для малога бізнэсу за кошт змякчэння крытэрыяў прымання спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.

"Самыя вялікія выдаткі запланаваны на культуру — каля 39%, — заўважыў журналістам Аляксандр Антоненка. — Але трэба казаць, што ў мінулыя гады мы недадавалі культуры. У бюджэце ўлічаны праграмы па захаванні гістарычнай памяці, гісторыі і культуры беларускага народа".

Міністр фінансаў Рэспублікі Беларусь Андрэй ХАРКАВЕЦ падкрэсліў, што для фарміравання бюджэту на 2013 год адпраўным пунктам служыць выкананне бюджэту бягучага года, якое можна назваць пазітыўным: за студзень—жнівень у краіне дасягнуты прафіцыт у суме больш за 4 трлн рублёў. Разам з тым аўтары новага бюджэту адзначаюць, што сёлетняя збалансаванасць даецца няпроста, бо адначасова даводзіцца вышаць дзве задачы: паступовага аднаўлення даходаў насельніцтва і падтрымкі рэальнага сектара эканомікі.

— Мы стрымліваем выдаткі па асобных кірунках з тым, каб забяспечыць рост заробкаў, субсідаванне сацыяльна значных паслуг для насельніцтва, а таксама на забеспячэнне большай даступнасці крэдытаў для рэальнага сектара эканомікі ў рамках дзяржаўных праграм, — прызнаў міністр. — Тым не менш, мы — за кошт дадатковых даходаў і прымальнай карэкціроўкі бюджэтных абавязацельстваў — прагназуем забяспечыць фінансаваннем увесь аб'ём дадатковых выдаткаў — каля 8,5 трл рублёў.

Міністр фінансаў запэўніў парламентарыяў, што бюджэтны год будзе завершаны паспяхова, фінансавыя паказчыкі эканамічнай бяспекі краіны ўдасца цалкам захаваць, што стане добрай базай для старту новага бюджэту.

Налета запланаваны рост валавога ўнутранага прадукту на 8,5%, рост станоўчага сальда знешняга гандлю — 0,7% да ВУП, рост экспарту тавараў і паслуг — на 15,2%, апераджальны рост прадукцыйнасці працы адносна тэмпаў росту рэальнага заробку — 9 і 7% адпаведна, прыцягненне ў эканоміку краіны (галоўным чынам у выглядзе прамых замежных інвестыцый) $4,5 млрд. У бюджэт закладзена сярэднегадавое значэнне стаўкі рэфінансавання Нацбанка — 15-16%, інфляцыя — 16,5 %.

"Даходы фонду сацабароны ў 2013 годзе складуць 11% ВУП, — паведаміла дэпутатам кіраўнік Фонду сацабароны насельніцтва Людміла Бачыла. — Агульная сума даходаў бюджэту фонду плануецца ў суме Br69,7 трлн. Сума паступленняў абавязковых страхавых узносаў складзе Br68,3 трлн, непадатковыя даходы — Br371 млрд".

Адказваючы на пытанне намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні Ларысы Вершаловіч, за кошт чаго ўрад плануе павялічыць экспарт тавараў і паслуг на 15%, міністр сказаў, што разлік робіцца не на традыцыйныя рынкі збыту, дзе складана некага пацясніць, а на новыя, якія Беларусь яшчэ не асвойвала.

Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі Алег Вялічка папрасіў міністра ўдакладніць, якая цана на энерганосьбіты закладзена ў бюджэт. "Цана за прыродны газ "на ўваходзе" ў Беларусь складзе ў 2013 годзе $185, — паведаміў Андрэй Харкавец. — Плануецца, што цана для арганізацый Мінэнерга складзе $216".

На пытанне дэпутата Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Яўгена Абаленскага наконт калійнай галіны, міністр адказаў: "Мы будзем паступова зніжаць мытныя плацяжы і акцэнтаваць падатковую нагрузку на здабычу калійных угнаенняў".

Заўваг было шмат і па іншых пазіцыях: наконт забеспячэння прыбытку бюджэту, рэформы пенсійнай сістэмы, інавацыйных фондаў і інш.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, падводзячы вынікі пасяджэння, заклікаў дэпутатаў у дні, якія засталіся да разгляду новага закона на восеньскай сесіі, яшчэ раз звярнуць увагу, наколькі рацыянальна плануецца выкарыстаць укладзеныя грошы і зняць усе праблемныя пытанні па гэтым дакуменце.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

←Гарри Каспаров: Беларусь является ярким примером того, как далеко может зайти диктатор, ощущающий безнаказанность

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика