"У Беларусі свой выбар робіць народ — у кабінах для тайнага галасавання"

Источник материала:  

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 23 верасня прыняў удзел у галасаванні на выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання. Аляксандр Лукашэнка прагаласаваў на выбарчым участку № 476 Старавіленскай выбарчай акругі 105, які размешчаны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, паведамілі БелТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з замежнымі назіральнікамі, якія прысутнічалі на гэтым выбарчым участку, азнаёміўся з тым, як арганізаваны выбарчы працэс.

Затым па ўжо існуючай традыцыі кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні прадстаўнікоў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што парламенцкія выбары ў Беларусі праводзяцца ў першую чаргу для беларускага народа, а не для Захаду. Адказваючы на пытанне, ці разлічвае кіраўнік дзяржавы на прызнанне выбараў Захадам, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што "павінен заўсёды разлічваць на лепшае". "Яшчэ раз хачу паўтарыць: выбары мы праводзім сёння не для Захаду. Галоўны аўтар выбараў у Беларусі — беларускі народ, усё, што накрэсліць ён у кабінах для тайнага галасавання, таму так і быць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Мы разлічваем на лепшае, а што будзе — пажывём — пабачым", — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў цяперашняй выбарчай кампаніі па сутнасці прычапіцца няма да чаго. "Калі ўжо і на гэты раз хтосьці ўсумніцца ў выбары беларускага народа, то тады я не ведаю, як ужо выбары праводзіць, па якіх стандартах і па якіх законах", — падкрэсліў Прэзідэнт.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Не спяшайцеся! У нас асноўнае "шоу" заўсёды, вы ж разумееце, пачыналася пасля выбараў, таму ўсякае можа быць, але, вядома, не дай бог. Заўсёды адбываліся ў нас рознага роду палітычныя глупствы пасля абвяшчэння вынікаў. Быццам, і выбары добра прайшлі, быццам, усё было нармальна, святочны настрой, людзі былі задаволеныя, а падлічылі, сёй-той праслязіўся, не зарыентаваўся, расхваляваўся, і пачынаецца "шоу". Гэта калі зыходзіць з вопыту".

Каментуючы выказванні аб тым, што цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць сумна і спакойна, Прэзідэнт адзначыў, што гэта шчасце для народа і ўлады. "Што тычыцца таго, што ў нас сумна... Няхай зайздросцяць! Выбары ў тых дзяржавах, дзе яны праходзяць сумна і спакойна, — гэта шчасце для народа, не кажучы ўжо пра ўладу, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Выбары ў цывілізаванай дзяржаве, дзе жыве цывілізаванае грамадства, павінны праходзіць такім чынам".

"Нам не патрэбны рэвалюцыі, узрушэнні, сутычкі, выбухі, мардабой", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў беларускі парламент прыйдуць людзі, якія павінны быць адукаванымі, граматнымі і ствараць законы, і ў гэтым іх асноўная задача.

Ён таксама заўважыў, што "не вельмі ўцягнуты ў цяперашнюю кампанію па прычыне сваёй занятасці".

Аляксандр Лукашэнка параіў тым, хто абвінавачвае беларускі бок у несумленнасці правядзення выбараў, павучыцца ў Беларусі праводзіць іх сумленна, прынцыпова і годна, у інтарэсах народа.

"У чым несумленнасць беларускіх выбараў? — спытаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да польскай журналісткі. — Перадайце сваім польскім назіральнікам (якія крытыкуюць нас) і ўсім, хто ў вас выбары праводзіць, каб яны навучыліся ў Беларусі праводзіць выбары сумленна, прынцыпова і годна, у інтарэсах народа. Вось вам мая парада".

"А са сваім статутам у чужы агарод лезці не трэба. Перадайце гэта польскім палітыкам. Мы тут усё ж як-небудзь самі разбяромся, як нам ладзіць наша жыццё. Мы, па-мойму, для вас праблем не ствараем", — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вялікая яўка выбаршчыкаў на выбарах у Беларусі гаворыць аб даверы да ўлады.

Адказваючы на пытанне фінскага журналіста, пра што можа сведчыць слабая яўка народа на выбарчыя ўчасткі, Прэзідэнт адзначыў: "Калі народ мала галасуе, значыць, ён проста не верыць у палітычную сістэму і тую ўладу, якая функцыянуе ў той ці іншай дзяржаве. У нас у два разы больш народу галасуе на выбарах, чым у той жа Фінляндыі. Таму вы ўжо параўноўвайце самі".

Прэзідэнт лічыць, што высокая яўка беларускіх выбаршчыкаў сведчыць аб тым, што "наша грамадства больш свядомае, у нас людзі больш вераць у сваю перспектыву, будучыню і тым уладам, якія праводзяць гэтыя выбары, прынамсі, таму органу, які абіраецца".

Па просьбе нямецкага журналіста кіраўнік дзяржавы выказаў сваю думку адносна адмовы некаторых кандыдатаў працягваць удзел у цяперашняй выбарчай кампаніі. На думку Прэзідэнта, такое рашэнне гаворыць аб іх поўнай няздольнасці як палітыкаў.

Аляксандр Лукашэнка параіў уявіць такую сітуацыю ў Германіі, дзе падобнае фактычна немагчыма.

"Ну, зняліся — і зняліся, Бог з імі. Там засталося яшчэ з гэтай "пятай калоны" нямала прэтэндэнтаў. Перамогуць — будуць у парламенце, не перамогуць — зноў у Германію прыедуць ці Польшчу прасіць грошы на тое, каб хлеб, соль купіць" , — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра сваё стаўленне да кандыдатаў, якія прапануюць байкатаваць цяперашнія выбары, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Гэта проста баязліўцы, якім няма чаго сказаць народу. Бо палітычная барацьба праходзіць па пэўных законах. І пра гэта ўсе ведаюць. Таму, калі ты пра гэта ведаеш, то навошта наогул туды ўвязваешся?".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што калі палітык уключыўся ў палітычную барацьбу, то павінен змагацца, а калі не можа гэтага зрабіць, збаяўся, значыць, гэта няздольны палітык. "Прайдзі да канца свой шлях! Калі ў цябе ёсць нейкія негатыўныя факты, якія вынікаюць з гэтага працэсу, потым ужо заяўляй, кажы, але, прынамсі, "памацай" свой рэйтынг: ведаюць цябе людзі наогул ці не, варта табе далей кіраваць партыяй, удзельнічаць у партыйным жыцці або саступіць месца іншаму. Напэўна, перспектывы няма, а пусціць замест сябе больш дастойных не хочуць", — лічыць Прэзідэнт.

Адзін з прадстаўнікоў замежных СМІ пацікавіўся меркаваннем Прэзідэнта аб будучыні яго малодшага сына. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу спытаў: "У вас ёсць дзеці? І як вы бачыце іх перспектывы? Добрыя, так? Я таксама хацеў бы, каб ва ўсіх маіх сыноў былі добрыя перспектывы. Яны залежаць ад таго, як будзе развівацца наша краіна".

"Я толькі за добрыя перспектывы, асабліва для дзяцей, — працягнуў Прэзідэнт. — Вы ведаеце маё стаўленне да дзяцей, тут няма абсалютна ніякай палітыкі. Я хачу, каб і мае, і вашы дзеці, і ўсе дзеці той жа Фінляндыі, усяго свету, жылі і бачылі свае перспектывы. У імя гэтага мы павінны жыць і працаваць".

Яшчэ адно пытанне не датычылася тэмы выбараў, аднак яно таксама актуальнае зараз для беларусаў: ці збіраецца наша краіна вярнуцца да пераходу на зімовы час.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не з'яўляецца прыхільнікам сезонных пераводаў стрэлак. "Я не прыхільнік такіх пераводаў. Але, думаю, мы разам з расіянамі вызначымся, як нам паступіць у дадзеным выпадку. Напэўна, для Беларусі (гэта ж не Расія, дзе некалькі часавых паясоў) гэта не так важна", — лічыць Прэзідэнт.

"Добра мы, дарослыя. Але мы ж дзяцей тузаем: ім у школу, у дзіцячы сад на гадзіну раней прачынацца трэба", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, што ў гэтым пытанні зыходзіць з чыста бытавых прычын. "А што тычыцца эканомікі, то наўрад ці мы ўжо шмат выйграем. Таму я не прыхільнік круціць гадзіннік туды-сюды", — выказаў сваё стаўленне да пытання Прэзідэнт.

Фота БЕЛТА.

←Как я наблюдала на выборах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика