Выбары: І дождж змывае ўсе сляды...

Источник материала:  
Рэпартаж можна было рабіць, не выходзячы з кватэры. І не таму, што зранку імжыць халодны марасей, а таму, што тратуарчык – пакарабаны і  вышчарблены мо дваццаць гадоў таму і не перароблены нанова да гэтай пары – проста пад вокнамі майго дома.Разбітая ўдрыз сцяжына якраз і вядзе да школьнага ганка. Ад вакон дома да таго ганку – якіх трыста крокаў. І, канечне, усё як на далоні... Хочаш уведаць, колькі народу ламанулася выканаць свой “грамадзянскі абавязак” – пазірай у вакно і лічы тых выбаршчыкаў. Але ж некарэктна, скажуць. А калі так, мушу чапляць на шыю фотакамеру і засведчыць тое, што проста перад вачыма.. Карацей, шыбую знаёмым шляхам да 170-й школкі горада Мінска: там адразу два выбарчыя ўчасткі – № 282 Грушаўскі выбарчай акругі, і яшчэ 281-шы.

Перад уваходам – дзве дзяўчыны, згорбіўшыся ад холаду, паляць цыгарэты. Людзей, якія выходзяць ды заходзяць у школу – лічаныя адзінкі... Але не скажаш, што ніякіх прыкметаў усенароднай падзеі: на другім паверсе – акурат над ганкам – насцеж расчыненае акно, і з яго ліюцца розныя... “мелодыі дажджу”. Яшчэ зялёна-чырвоны сцяг ля чорных дынамікаў і шыльда пры ўваходзе – напамінак, што сёння выбары. Канечне, прадстаўляюся членам участковай выбарчай камісіі. Тыя – лагодныя і прыветлыя – рэгіструюць пасведчанне і з ахвотаю расказваюць пра ход галасавання.

“На нашым 281-м участку, – кажа Раіса Сушко, – 2244 выбаршчыкаў. Зранку людзі ідуць, як толькі адкрылі ўчастак для галасавання. Не скажаш, што народу надта шмат, але наперадзе цэлы дзень (было якраз 12 гадзін дня) – падцягнуцца і астатнія... Ды і надвор’е, самі бачыце, не вельмі – дождж, холадна...”

А якія назіральнікі прысутнічаюць, ад якіх партый, з якіх краін?

“Самыя розныя, – падтрымлівае размову член камісіі Таццяна Царык, – і ад “Белай Русі”, і ад БРСМ, і ад прафсаюзаў. Наведаліся прадстаўнікі ОБСЕ, праўда, назіралі не доўга. Увогуле ўсё ідзе як мае быць – спакойна, па-дзелавому, без ніякіх эксцэсаў.”

З размовы вынікала, што практычна ўсе  члены ўчастковай камісіі (12 чалавек) – работнікі гэтай школы, пераважна настаўнікі. І амаль усе жанчыны, за выключэннем сакратара камісіі. Назіраю за ходам галасавання, але цікавасці – гэтулькі ж, колькі і выбаршчыкаў...

На другім паверсе – 282-гі Грушаўскі ўчастак. Старшыня ўчастковай камісіі Долгій Аляксандр Андрэевіч (намеснік дырэктара УП “Медык” па ідэалагічнай рабоце) амаль слова ў слова паўтарыў тое, што казалі і паверхам ніжэй. “Назіральнікі З Германіі, Расіі і ОБСЭ былі, – кажа, – хвілін трыццаць-сорак. – А большай інфармацыі пакуль даць не магу.”

Заставалася адно – буфет... Звычайна – так было раней – народ гуртаваўся якраз там, бо можна было набыць тое-сёе з харчу, ці хоць сабе і кавы сербануць гарачанькай . Цяпер, думаю, у непагадзь народ і падаўна гудзе ў тым буфеце. Але школьная сталоўка, ператвораная з выпадку “усенародных” выбараў у сапраўднае кафэ, уразіла адным – адсутнасцю самага народу. Ля буфетнай стойкі-стала – пара-тройка пакупнікоў. І ўсё! Ды гэта відаць і на фотаздымку, які паспеў “зафотаць” да пачатку маленькага...  інцыдэнту. Перад аб’ектывам – як “Макар з канапель” – паўстала фігура нейкай дамачкі, якая строгім голасам “класнай дамы” забараніла фотаздымку. “Хто вам дазволіў здымаць наш гандаль, маіх супрацоўнікаў!? Трэба спецыяльны дазвол! Хто вы такі?” – і ўсё такое... Адказваю, што гэта мая работа – здымаць, распытваць, пісаць і ўсё такое. Кажу ёй: дазвол на фотарэпартаж дадзены старшынямі ўчастковых выбарчых камісій; кажу, ваш буфет, маўляў, ні рэжымнае, і, тым больш, ніякае не засакрэчанае прадпрыемства. Хацеў было распавесці маладзіцы пра тое, што выбары – гэта амаль усенароднае свята... То якія сакрэты на свяце? Тым больш, якія сакрэты ад народа у нейкім буфеце?.. Але тая як з ланцуга сарвалася: “Не маеце права!” Зараз міліцыянераў паклічу! Нельга без спецыяльнага дазволу...”

Карацей кажучы, прапаў апетыт. Не захацелася ні той кавы, ні тых выбараў...

←По данным наблюдателей, явка на участки для голосования на 16 часов составила 34,4%, включая досрочное голосование

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика