Нават беспардонны подкуп не дапамагае (відэа)
Тым, хто пражывае ў дамах на вуліцы Сталетава і Мендзялеева, пакуюць па два блокі пячэння. А вось жыхарам прылеглых да участка вуліц Фролікава, Уральскай ды іншых, больш “пашчасціла” – ім даюць і ліманад, і пячэнне, і шакалад, і мінеральную ваду, і цукеркі.
На ўваходзе ў школу стаіць аўтамат “Крыніца”. Праўда, пасля 6 вечара сябры камісіі не далі пэўнага адказу наконт таго, што за напой яны прапануюць наведвальнікам – піва ці квас.
Але цягам гадзіны да закрыцця ўчастка прышлі толькі два чалавекі. Пенсіянер з вуліцы Сталетава патрапіў ў спартовую залю і выйшаў задаволены з пячэннем. На пытанне: ці ведаў ён пра сюрпрыз, адказаў: “Я вось з дачы прыехаў і пайшоў прагаласаваць. Прагаласаваў за жанчыну. Прачытаў, што яна пенсіянерка. Думаю: я ж таксама пенсіянер. Можа яна неяк будзе клапаціцца пра нас, пенсіянераў? Вось і прагаласаваў за яе. Быццам бы ў нас апазіцыянераў няма ў кандадатах. Я не ведаю чаму мне далі пячэнне. Нават не чакаў. Можа гэта Лукашэнка распарадзіўся даваць усім?”
З другой залі выйшла жанчына, якая ледзь цягнула сумку. Яна сказала, што даведалася ад суседкі аб “халяўным” прадуктовым пакеце. На пытанне: “А што туды паклалі?”, адказала: “Ведаеце, я вельмі спяшаюся. Вось бутэлькі з ліманадам, нейкія пачкі, здаеца і крупа нейкая ёсць, вось цукеркі гарбаты папіць… Ну, там яшчэ нешта ёсць. Прабачце, я пабягу”. Толькі паспела спытаць услед: “А калі б не давалі бесплатных прадуктаў, то прыйшлі б галасаваць?”. У адказ: “Нават не ведаю. Я не збіралася. А тут думаю, дай зайду. У мяне суседка пенсіянерка. Дык я думала, што гэта толькі ім раздаюць, а аказалася, што ўсім. Не тое, што я хацела “на халяву”… Проста падумала, што раз сродкі нейкія выдаткавалі на гэта дзяржаўныя, то значыць трэба схадзіць. А то ўсё потым расцягнуць ды і ўсё на гэтым”.