Беларускі селянін не застанецца сам-насам з праблемамі аграрнай вытворчасці
Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2012", які ў гэтым годзе праходзіць у горадзе Горкі і Горацкім раёне Магілёўскай вобласці.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём горада і раёна, а таксама наведаў вучэбна-вытворчую базу Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі: малочнатаварную ферму і рыбагадавальнік па гадоўлі ласасёвых відаў рыб.
Аляксандр Лукашэнка па традыцыі адкрыў фестываль-кірмаш і ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, якія занялі ў 2012 годзе першыя месцы.
Прэзідэнт Беларусі лічыць рэальнай задачу па выхадзе ў 2013 годзе на сярэднюю зарплату $600 пры ўмове мадэрнізацыі прадпрыемстваў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў.
Прымяняльна да даручэння па мадэрнізацыі прадпрыемстваў Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, у СМІ не зусім правільна зразумелі яго словы. "За адзін год нельга мадэрнізаваць прадпрыемствы. Я прагматык і добра гэта разумею, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму была пастаўлена задача, каб у кожнага кіраўніка прадпрыемства, ад маленькага да БелАЗа, на стале ляжаў план мадэрнізацыі і фінансавы разлік. Гэта можа быць год, два, тры, пяць гадоў. Але ў кожнага кіраўніка павінен быць гэты план, і яго ўжо з гэтага года трэба рэалізоўваць. Гэта значыць, няхай бягучы год пойдзе на складанне гэтых планаў, у каго іх няма".
Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў многіх беларускіх прадпрыемстваў ужо ёсць план мадэрнізацыі, як у ААТ "Нафтан". "Але некаторыя сядзяць і чагосьці чакаюць", — адзначыў беларускі лідар.
Ён таксама падкрэсліў, што мадэрнізацыя прадпрыемстваў нацэлена на тое, каб выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю. А даход ад яе продажу, у сваю чаргу, дасць магчымасць павялічваць заработную плату работнікам. "Гэта задача рэальная, і яна цалкам выканальная, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Калі невыканальная, значыць ні адзін кіраўнік працаваць не будзе. Сёння задачу паставілі. Яе трэба выканаць і далажыць народу, што яна выканана. Тады мы маем права на жыццё як улада".
Прэзідэнт Беларусі канчаткова вызначыцца, за каго будзе галасаваць на парламенцкіх выбарах, у нядзелю, 23 верасня.
"Але адназначна буду галасаваць за чалавека, які мае жыццёвы вопыт, які сваімі рукамі нешта паспрабаваў зрабіць. Гэта для мяне прынцыпова, я заўсёды з гэтых пазіцый зыходзіў і хачу, каб такія са мной працавалі людзі, тым больш парламентарыі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Яны павінны быць вопытнымі. Яны павінны прыйсці і пісаць законы. Не гвалтам крычаць у парламенце і на плошчах — пісаць законы", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён аказаўся ўбаку ад гэтай перадвыбарнай кампаніі. "Я зусім не быў пагружаны ў гэту кампанію. І добра. Вось паглядзім, што скажуць, як скажуць..." — дадаў кіраўнік дзяржавы. "У нас Андрэйчанка і Ярмошына займаюцца выбарамі, больш ніхто... Я павінен забяспечыць галоўнае ў гэтай сітуацыі — каб было спакойна ў краіне, каб ніхто нікому не перашкаджаў жыць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што, байкатуючы выбары, апазіцыя дэманструе сваю слабасць.
"Значыць, такія гэта партыі. Яны паказалі, што яны нішто", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Яны страцяць наогул той дзясятак чалавек, якія яшчэ на іх арыентаваліся, поўнасцю", — дадаў ён. "А з іншага боку, і правільна зрабілі, таму што якія там кандыдаты? Вы ведаеце, што гэта за партыі, такія там і кандыдаты", — сказаў Прэзідэнт.
"Калі вы не гатовы сёння змагацца, а ў цябе што, страляюць тут, душаць, прыціскаюць, цкуюць? Нават за каўнер бяром і цягнем да людзей: станавіся разам з кандыдатам, як яны кажуць, ад улады, станавіся побач і агітуй людзей. Але яны баяцца да людзей ісці", — лічыць кіраўнік дзяржавы. На думку Аляксандра Лукашэнкі, "ім не патрэбна гэта ўлада". "Ім крыху даюць там на хлеб, на соль даюць. Асабнякі раней пабудавалі, калі шмат абяцалі, аўтамабілі яны купілі, цяпер Захад не дае, таму няма вынікаў для Захаду, што яны хацелі. А навошта ім улада? Трэба ж адказваць перад народам", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт расказаў падрабязнасці аб нядаўняй сустрэчы ў Сочы з кіраўніком расійскай дзяржавы Уладзімірам Пуціным.
Паводле слоў беларускага лідара, асноўнай тэмай было маючае адбыцца пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. "Мы дамовіліся, што Вышэйшы дзяржсавет пройдзе прыкладна 18-19 снежня, а напярэдадні — пасяджэнне Саўміна Саюзнай дзяржавы. Па-першае, мы павінны ўтрэсці фінансавыя пытанні, зацвердзіць бюджэт Саюзнай дзяржавы на будучы год, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І там, на гэтым Саўміне, прыняць рашэнні па злабадзённых пытаннях у беларуска-расійскіх адносінах". Акрамя таго, гэтымі ж днямі ў Маскве павінен прайсці саміт АДКБ, сустрэча лідараў краін Адзінай эканамічнай прасторы. Магчымыя пытанні, якія будуць на іх абмяркоўвацца, таксама былі закрануты ў ходзе размовы двух прэзідэнтаў.
"Потым мы абмеркавалі цэлы блок ваенна-палітычных пытанняў, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Абмяркоўвалі сітуацыю на нашай граніцы. Яна цяпер няпростая. Міграцыя (нелегальная. — Заўвага БЕЛТА) страшэнная ў Еўропу. Мне і сілавікі дакладваюць — яны ўжо стаміліся лавіць на граніцы людзей з узрыўчаткай".
Прэзідэнт Беларусі, у прыватнасці, звярнуў увагу на фінансавы бок у пытанні забеспячэння аховы дзяржаўнай граніцы: "Я ўжо еўрапейцам сігнал даваў, што мы не можам абараніць іх за ўласны кошт ад усяго гэтага хламу, які перамяшчаецца праз нашу граніцу, хоць мы стараемся штосьці зрабіць. З іншага боку, зноў жа не скрываў: плаціце грошы — будзем лавіць. Яны ж не ў Беларусь прыйшлі. Яны ідуць да іх, туды, куды іх запрашалі".
Адной з асноўных на перагаворах таксама была тэма ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Усе прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу (ВПК) Беларусі змогуць удзельнічаць у тэндарах дзяржабаронзаказу Расіі. "Ішла размова аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Мы дамовіліся аб тым, што ўсе нашы прадпрыемствы будуць удзельнічаць у тэндарах у дзяржабаронзаказе Расійскай Федэрацыі. Гэта значыць, калі ствараецца нейкая тэхніка ў Расіі і ў нас ёсць для яе камплектуючыя і вузлы, мы маем свабоднае права дамаўляцца непасрэдна з гэтымі прадпрыемствамі. І яны таксама (з беларускімі прадпрыемствамі. — Заўвага БЕЛТА)", — расказаў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь атрымае ад Расіі новыя сучасныя самалёты. "У нас сумесная ППА. Мы па ваенна-паветраных сілах агаворвалі шмат пытанняў. Я папрасіў падтрымкі і яе атрымаў. У бліжэйшы час мы атрымаем сучасныя самалёты для таго, каб несці дзяжурства на граніцы", — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
У Беларусі не будуць дыферэнцыраваць аплату паслуг ЖКГ па ўзроўню даходаў. "Мы не зможам узяць у сярэдняга чалавека сёння і нават у будучым годзе 100 працэнтаў платы за камунальныя паслугі. Ён проста не заплаціць. А што рабіць? — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы думаем, як вельмі багатых людзей папрасіць, каб яны нам дапамаглі па камуналцы".
"Гэта не значыць, што мы павінны дыферэнцыраваць паслугі па заработнай плаце: у каго $300 — той 20 працэнтаў, у каго $500 — той 80 працэнтаў павінен плаціць, хто тысячу долараў атрымлівае ў месяц — той павінен плаціць 150 працэнтаў. Не!" — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Але паколькі гэта быў экспромт, мы цяпер думаем, а як жа вельмі багатых людзей папрасіць, каб яны нам дапамаглі па камуналцы. Гэта часовы перыяд", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама дадаў, што над гэтым пытаннем трэба будзе яшчэ сур'ёзна падумаць. "Будзе ў нас сярэдняя зарплата пад $1 тыс., мы забудзем гэту праблему. Людзі будуць плаціць самі за сябе", — адзначыў Прэзідэнт.
"Чалавек павінен разумець, чаго гэта каштуе, і павінен усяляк да гэтага імкнуцца. Але яму трэба даць магчымасць па часе. Вось пакуль мы не дадзім чалавеку высокааплатную работу, трэба вось гэты лаг", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Тут усе метады добрыя. Той, хто мае звышдаходы, крыху больш заплаціць, той, хто іх не мае, — менш, той, хто наогул на хлеб і ваду мае, што з яго возьмеш, трэба нейкі час, каб яго падцягнуць вышэй", — дадаў Прэзідэнт.
Прэзідэнт Беларусі патрабуе канчаткова навесці парадак са спісамі чаргавікоў на жыллё. "Трэба навесці тут канчаткова парадак. І гэта мы зробім, чаго б нам гэта ні каштавала", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Гаворачы аб ільготным крэдытаванні жылля, Прэзідэнт адзначыў, што сярод насельніцтва ёсць тыя катэгорыі, якія дзяржава абавязана або льгатаваць, або нават забяспечваць жыллём. Напрыклад, шматдзетныя сем'і, ваенныя.
Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на неабходнасці вырашэння дэмаграфічнай праблемы: "Калі мы хочам гэту праблему вырашыць, трэба людзям дапамагчы з жыллём. Гэта самае галоўнае. Таму аж да бясплатнага або з вялікай адтэрміноўкай па льготных крэдытах".
"Фарміруюцца адпаведныя чэргі для тых, хто не можа пабудаваць, каму дзяржава павінна дапамагчы. І што атрымліваецца? Кожны год у чэргах павялічваецца колькасць людзей, пры тым, што будуюцца мільёны квадратных метраў жылля", — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што многія знаходзяць спосабы неаднаразова звяртацца па дзяржпадтрымку пры жыллёвым будаўніцтве. "Але дзяржава ім ужо аказала паслугу, дапамагла пабудаваць, у тым ліку па льготах. Такіх людзей трэба адсеяць. Дзяржава — гэта не аддзел сацыяльнага забеспячэння, каб мы кожны год, хто прыйшоў, таму і далі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму размова ішла аб тым, што калі ты ўжо атрымаў адзін раз дапамогу ад дзяржавы, а гэта немалая дапамога, — усё, ты ўжо не выдумляй і не прыходзь. Такія будуць прыцягвацца да адказнасці аж да таго, што мы будзем забіраць кватэры". "Таму я і даручыў да 2 красавіка гэту чаргу праверыць, канчаткова яе ўтрэсці і паглядзець, каму трэба дапамагчы. Гэта нескладана ўлічыць", — сказаў беларускі лідар.
"Дзяржава і далей будзе аказваць вёсцы ўсялякую падтрымку. Беларускі селянін не застанецца сам-насам з усімі складанымі праблемамі аграрнай вытворчасці", — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у краіне за кошт дзяржпадтрымкі значна абноўлены парк сельскагаспадарчых машын, прадаўжаецца тэхнічнае перааснашчэнне вёскі.
БЕЛТА.