Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА: "Той, хто прыходзіць у парламент па відовішчы, памыляецца адрасам"

Источник материала:  

У інтэрв'ю "Звяздзе" Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА падсумаваў некаторыя вынікі чатырохгадовай дзейнасці заканадаўцаў і падзяліўся думкамі па актуальных парламенцкіх пытаннях

Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА: "Той, хто прыходзіць у парламент па відовішчы, памыляецца адрасам"— Уладзімір Паўлавіч, як парламентарыі ставяцца да крытыкі на свой адрас?

— Гледзячы да якой.

— Ёсць, лічыце, розніца?

— І прынцыповая. Калі крытыка абгрунтаваная, канструктыўная, з веданнем справы і са шчырай зацікаўленасцю ў паляпшэнні, то да такіх меркаванняў трэба прыслухоўвацца, што мы і робім, а калі ж яна, як у радыкальнай апазіцыі, прадузятая, зласлівая, каб толькі ахаяць дзеля сваіх палітычных мэтаў, то гэта ўжо лаянка. А які, скажыце, толк з лаянкі?

— Але ж людзі ўспрымаюць палітыкаў хутчэй эмоцыямі, чым логікай. Напэўна, на гэта і робяць разлік апаненты ўлады напярэдадні парламенцкіх выбараў. Пасля праслухоўвання некаторых радыё- і тэлевыступленняў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў такая думка ўзнікае.

— Я не буду каментаваць выступленні кандыдатаў у дэпутаты. Кожны гаворыць, сыходзячы са свайго разумення ролі парламента і тых задач, якія вырашае Палата прадстаўнікоў. Думаю, што выбаршчыкі адэкватна ацэняць гэта разуменне. І не толькі па словах, але і па рэальных справах, па тым, наколькі здатны прэтэндэнт на парламенцкі мандат па сваёй адукаванасці, кваліфікацыі, грамадзянскай пазіцыі і жыццёвым вопыце эфектыўна працаваць у заканадаўчым і прадстаўнічым органе дзяржаўнай улады і што практычна ён можа зрабіць для сваёй выбарчай акругі.

— А якасці, так сказаць, "бунтаўшчыка" запатрабаваны?

— Запатрабаваны, але — не дэмагога і безадказнага крыкуна, а крэатыўнай, ініцыятыўнай асобы "з царом у галаве" — са стваральным розумам, са стваральнымі ідэямі і, я гэта падкрэсліваю, з дзяржаўным мысленнем. У заканатворчасці гэта выключна важна. Калі кандыдат у дэпутаты імкнецца прайсці ў парламент пад радыкальнымі і папулісцкімі лозунгамі, каб з парламенцкай трыбуны выстаўляць свае ірацыянальныя патрабаванні, то канструктывізму ў яго працы не будзе. Гэта адназначна.

— Аднак жа дзе новыя ідэі, там і альтэрнатыва, і дыскусіі, і спрэчкі.

— Ну і добра! Хто сцвярджае, што ў Палаце прадстаўнікоў цяперашняга складу няма дыскусій, той па сваёй недасведчанасці альбо наўмысна наводзіць цень на ясны дзень. Ніводзін асабліва значны законапраект не прымаецца без шырокага абмеркавання і дэталёвай папярэдняй прапрацоўкі, як, скажам, Кодэкс аб адукацыі, Жыллёвы кодэкс, істотна ўдасканалены Банкаўскі кодэкс, кардынальна абноўлены Кодэкс аб шлюбе і сям'і ці Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб і іншыя заканадаўчыя акты. Гэта вялікая работа праводзіцца на ўзроўні рабочых груп па дапрацоўцы законапраектаў і нашых профільных камісій, і толькі пасля многіх кансультацый і ўзгадненняў у вызначаным парадку і дасягнення згоды па ўсіх найбольш важных пытаннях дакумент выносіцца на разгляд і галасаванне Палаты прадстаўнікоў у Авальную залу. Таму галасаванне, як правіла, і праходзіць без доўгіх размоў. Гэта не наша вынаходніцтва, а еўрапейская парламенцкая практыка.

— Некаторым журналістам, якія прысутнічаюць на пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў, такая адладжанасць працэдуры прыняцця законаў не даспадобы — няма сенсацый і гвалту ў Авальнай зале, а значыць, нічога ў парламенце не адбываецца.

— А што павінна "адбывацца"? Скандалы, валтузня, хапанне за чубы? Тыя, хто прыходзіць у парламент па відовішчы, памыліліся адрасам. Ім трэба ісці ў цырк, а не ў дзяржаўны заканадаўчы і прадстаўнічы орган.

— Як вы лічыце, погляд на парламент як на свайго роду відовішчную пляцоўку — павеў новага часу?

— Для такой высновы няма ніякіх падстаў. Проста радыкалы спрабуюць навязаць грамадству такое ўяўленне аб парламентарызме для дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Увогуле палітычны ілюзіянізм з'яўляецца іх ключавым палітычным інструментам, што можна назіраць і ў цяперашняй выбарчай кампаніі.

— Адным са сваіх казырных тузоў у крытыцы парламента апаненты ўлады лічаць тое, што, маўляў, Палата прадстаўнікоў не супрацьпастаўляе сябе выканаўчай уладзе, а проста пагаджаецца з унесенымі законапраектамі.

— Гэта ўсё з той жа оперы для дыскрэдытацыі палаты і павышэння свайго электаральнага рэйтынгу. Ніякага бяздумнага пагаджальніцтва ў заканатворчым узаемадзеянні суб'ектаў права заканадаўчай ініцыятывы няма і быць не можа. Розныя пункты гледжання на прававое рэгуляванне тых ці іншых пытанняў былі, ёсць і будуць. Гэта нармальная з'ява. Нярэдка праекты законаў, якія паступаюць у Палату прадстаўнікоў, значна перапрацоўваюцца. Дэпутаты ўносяць у іх свае змяненні і дапаўненні альбо вяртаюць распрацоўшчыкам. Так званы "адабрамс" без сур'ёзнай экспертызы нарматыўна-прававых дакументаў усімі зацікаўленымі бакамі проста немагчымы. Абмеркаванне іх праходзіць без дыктату з якога-небудзь боку, у дзелавым, канструктыўным ключы. Палата прадстаўнікоў, Савет Міністраў, Адміністрацыя Прэзідэнта і Савет Рэспублікі не сапернікі, а партнёры ў заканатворчасці. Я разумею, што радыкальныя палітычныя колы гэта раздражняе. Ім жа хочацца не раўнапраўнага супрацоўніцтва ўдзельнікаў заканатворчага працэсу, а канфрантацыі і варожасці. Вось і нервуюцца.

— Што патрэбна ў першую чаргу дэпутатам для эфектыўнай парламенцкай працы?

— Кансалідацыя.

— На вашу думку, яна настолькі важная?

— Настолькі. Калі б мы працавалі, як у байцы пра лебедзя, рака і шчупака, то не мелі б тых заканатворчых вынікаў, якія маем сёння, на фінішы нашай дзейнасці.

— Больш за 400 прынятых законаў?

— Не толькі гэта. Колькасць хоць і мае значэнне, але ў заканатворчасці не з'яўляецца самым важным. Адбыўся сур'ёзны рух наперад у развіцці нацыянальнай прававой сістэмы практычна па ўсіх ключавых сегментах: эканоміка, дзяржаўнае будаўніцтва, бяспека, сацыяльная сфера, міжнароднае супрацоўніцтва.

— Скажыце, заканадаўчыя рашэнні якой накіраванасці вы аднеслі б да самых прынцыповых?

— Зняцце залішніх адміністрацыйных бар'ераў у гаспадарчай дзейнасці і ўвогуле ў эканамічных адносінах, істотнае ўдасканаленне падаткаабкладання, комплекс захадаў па стымуляванні інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, дзелавой ініцыятывы, развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Ратыфікацыя пакета міжнародных пагадненняў аб Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана. Новыя прававыя захады па дэбюракратызацыі грамадскага жыцця, лібералізацыя выбарчага заканадаўства, абнаўленне прававой базы судавытворчасці. Умацаванне прававых мер барацьбы са злачыннасцю, карупцыяй і іншымі антыграмадскімі з'явамі і разам з тым гуманізацыя крымінальных пакаранняў у дачыненні да тых, хто не здзейсніў цяжкіх або асабліва цяжкіх злачынстваў. Кадыфікацыя адукацыйнага і жыллёвага заканадаўства. Што яшчэ? Блок рашэнняў па паляпшэнні якасці медыцынскіх паслуг і па сацыяльнай абароне мацярынства і дзяцінства, інвалідаў і іншых катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў адраснай матэрыяльнай дапамозе.

— А што зроблена для павышэння якаснага ўзроўню заканадаўчага рэгулявання?

— Ключавы трэнд тут — значнае скарачэнне колькасці прававых нормаў непрамога дзеяння і зняцце састарэлых прадпісанняў. Карэкціроўка заканадаўства праведзена ў адпаведнасці са стратэгічнымі і надзённымі задачамі, што стаяць перад краінай, у тым ліку вызначанымі кіраўніком дзяржавы А.Р. Лукашэнкам у яго штогадовых пасланнях беларускаму народу і парламенту.

— Якія пытанні на першым плане прававога суправаджэння міжнароднага супрацоўніцтва Палаты прадстаўнікоў?

— Фарміраванне нарматыўна-прававой базы эканамічнай інтэграцыі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана, а таксама супрацоўніцтва краін СНД. Амаль трэць з больш як 200 ратыфікаваных міжнародных дагавораў складаюць пагадненні ў рамках АЭП і Саюзнай дзяржавы. Мы ратыфікавалі і Дагавор аб зоне свабоднага гандлю, падпісаны васьмю дзяржавамі СНД — Беларуссю, Расіяй, Казахстанам, Украінай, Арменіяй, Малдовай, Кыргызстанам і Таджыкістанам.

— У чым сэнс гэтага дакумента?

— Развіццё гандлю і павелічэнне знешнегандлёвага абароту паміж яго ўдзельнікамі. Гэта дадатковая крыніца росту нацыянальных эканомік. Ва ўзаемным гандлі адмяняюцца колькасныя абмежаванні, экспартныя і імпартныя пошліны на многія тавары. Прадугледжана свабода транзіту. Дагавор адкрыты для далучэння любой дзяржавы. Зразумела, пры выкананні пэўных юрыдычных працэдур.

— Ці ёсць у парламентарыяў падставы быць задаволенымі беларуска-расійскімі міжпарламенцкімі адносінамі?

— Такія падставы ёсць. Са Старшынёй Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі С.Я. Нарышкіным мы падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве Палаты прадстаўнікоў і Дзяржаўнай Думы. У нас добрыя рабочыя кантакты і плённае ўзаемадзеянне ў рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

— Знакавым для беларускай парламенцкай дыпламатыі можна назваць атрыманне Нацыянальным сходам Беларусі статуса назіральніка ў Парламенцкай асамблеі аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі АСЕАН. А як вы ацэньваеце магчымасці дыялогавага партнёрства з замежнымі парламентамі на двухбаковым узроўні?

— Патэнцыял іх вялікі. Пытанне толькі ў тым, каб было ўзаемнае праяўленне добрай волі да развіцця як парламенцкіх, так і міждзяржаўных адносін. За чатыры мінулыя гады адбыліся візіты нашых парламенцкіх дэлегацый у 21 краіну, а да нас у Беларусь прыязджалі парламентарыі з 22 краін. У Палаце прадстаўнікоў працуе 47 груп па супрацоўніцтве з парламентамі іншых дзяржаў. Усе гэтыя кантакты развіваюцца ў рэчышчы знешняй палітыкі Беларусі і служаць умацаванню міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў эканоміцы, гандлі, палітыцы, бяспецы, адукацыі, навуцы, культуры.

— Ці распачнецца зноў дыялог з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы?

— Ён спынены не намі, а па ініцыятыве ПАСЕ. Праяўленне добрай волі з іх боку беларускі парламент заўсёды падтрымае.

— Як вы мяркуеце, на чым трымаюцца стэрэатыпы, што дамінуюць у істэблішменце Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі?

— На двайных стандартах і ігнараванні мнагамернасці шляхоў дэмакратычнага развіцця краін. Рыторыкай яны нібыта прызнаюць, што прыняцце дзяржаўных рашэнняў павінна грунтавацца на веданні таго, чаго хоча грамадства, а на справе не прызнаюць волю, выказаную беларускім народам. Вось такія прынцыпы.

— Чым зараз займаецца Палата прадстаўнікоў?

— Падрыхтоўкай да заключнай, 11-й сесіі, якая адкрыецца 2 кастрычніка. Галоўным пытаннем сесіі будзе прыняцце Закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год.

— Бюджэт не прынясе людзям непажаданых нечаканасцяў?

— У бюджэтныя расходы закладзены сацыяльны прыярытэт. Так што нармальная фінансавая жыццядзейнасць краіны ў новым годзе будзе забяспечана.

— І апошняе пытанне. Што было, на ваш погляд, галоўным для Палаты прадстаўнікоў на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў?

— Самым галоўным? Служыць чалавеку, ствараць прававыя ўмовы для большай камфортнасці жыцця, для таго, каб наша краіна ўмацоўвалася і паступальна рухалася наперад. Лічу, што гэта, так сказаць, самы пазітыўны пазітыў нашай чатырохгадовай работы.

Аляксандр Філімонаў.

←Открытая трибуна

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика