Прэзідэнты беларусі і туркменістана ў тэлефоннай размове абмеркавалі рэалізацыю двухбаковых праектаў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў у тэлефоннай размове з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносін. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнікі дзяржаў выказалі адзінае меркаванне аб тым, што да дваццацігадовага юбілею ўстанаўлення дыпламатычных адносін, які будзе адзначацца ў студзені наступнага года, нашы краіны падышлі з сур'ёзнымі поспехамі.
З добрай дынамікай рэалізуюцца дамоўленасці, дасягнутыя ў рамках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Туркменістана ў Мінск у красавіку гэтага года.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнае значэнне створанага беларуска-туркменскага дзелавога савета і прапанаваў правесці яго першае пасяджэнне ўжо ў кастрычніку ў Ашхабадзе, дзе беларуская дэлегацыя прыме ўдзел у ІV Міжнародным інвестыцыйным форуме.
Прэзідэнты абмеркавалі таксама ход рэалізацыі буйнейшага сумеснага праекта па будаўніцтве Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Беларускі бок надае прыярытэтнае значэнне якаснаму і своечасоваму выкананню ўсіх сваіх абавязацельстваў па будаўніцтве гэтага аб'екта "пад ключ", запэўніў Аляксандр Лукашэнка свайго калегу. Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў стварыць на базе адной з туркменскіх навучальных устаноў сумесную ўстанову адукацыі па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў сярэдняга звяна для работы на гэтым камбінаце.
Прэзідэнты выказалі надзею на хуткую сустрэчу ў Ашхабадзе ў рамках саміту кіраўнікоў дзяржаў СНД, правядзенне якога запланавана ў лістападзе бягучага года.