Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць інвестпраект па стварэнні сістэмы электроннага збору аплаты за праезд на аўтадарогах
Укараненне на дарогах Беларусі сістэмы электроннага збору платы за праезд транспартных сродкаў не павінна знізіць транзітныя патокі і закрануць інтарэсы беларускіх грамадзян. Такое патрабаванне 4 верасня агучыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні рэалізацыі інвестыцыйнага праекта стварэння і эксплуатацыі адпаведнай сістэмы, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Размова сёння пойдзе аб новаўвядзенні ў нашай краіне. Мы абмяркуем, магчыма, прымем неабходныя рашэнні па адным з важнейшых інвестыцыйных праектаў, якія нам трэба рэалізаваць, — сказаў Прэзідэнт, адкрываючы нараду. — Галоўнае, гэта новаўвядзенне не павінна закрануць інтарэсы беларускіх грамадзян, тым больш пагоршыць іх дабрабыт. Таму мы і вырашылі на такім высокім узроўні абмеркаваць гэты праект".
Звяртаючыся да прадстаўнікоў урада, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць аб тым, наколькі аб'ектыўна вывучана пытанне кошту стварэння такой сістэмы на сусветным рынку і для Беларусі, а таксама якая ступень інавацыйнасці гэтага праекта. Кіраўніка дзяржавы таксама цікавіла, як прапрацаваны ўдзел у ім айчынных арганізацый. Немалаважнае і пытанне, як адрэагуюць удзельнікі транспартных патокаў на ўкараненне новай сістэмы. "Укараненне гэтай сістэмы не павінна знізіць транзітныя патокі праз нашу краіну", — падкрэсліў у сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы.
Асноўным інвестарам і выканаўцам праекта выступае аўстрыйская кампанія "Капш" — сусветны лідар па стварэнні і эксплуатацыі аналагічных сістэм. З моманту свайго заснавання ў 1892 годзе кампанія спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці інфармацыйных тэхналогій і сістэм сувязі, а таксама інфармацыйных рашэнняў у галіне транспарту. Кампанія "Капш" займае больш за 60 працэнтаў сусветнага рынку ў гэтым сегменце. Яна паспяхова рэалізавала звыш 140 такіх праектаў у 30 краінах свету. Абарот кампаніі за мінулы год склаў каля 800 млн еўра.
На нараду быў запрошаны прадстаўнік кампаніі-інвестара Эрвін Топлак, які расказаў аб сваім бачанні праекта ў Беларусі. Адна з кампаній групы "Капш" паспяхова працуе ў Беларусі, супрацоўнічаючы з кампаніяй Vеlсоm.
Сістэма спагнання платы, што ствараецца ў краіне, будзе заснавана на тэхналогіях мікрахвалевай перадачы даных на кароткай адлегласці. Прапанаваная сістэма патрабуе выкарыстання бартавых устройстваў ва ўсіх транспартных сродках, з якіх спаганяецца плата. Бартавыя ўстройствы плануецца распаўсюджваць праз сетку размеркавальных пунктаў, у прыватнасці АЗС, аб'екты прыдарожнага сэрвісу. Сігнал, які паступае з бартавога ўстройства праз устаноўлены над дарогай партал з электроннымі кампанентамі, перадаецца па каналах сувязі ў цэнтральны офіс, дзе і адбываецца фіксацыя аплаты за праезд. Папаўненне рахунку для аплаты за праезд можна будзе ажыццяўляць у пунктах распаўсюджвання бартавых устройстваў. Эрвін Топлак прадэманстраваў кіраўніку дзяржавы бартавыя ўстройствы, якія выкарыстоўваюцца для грузавых і легкавых аўтамабіляў.
Сістэма не патрабуе ўвядзення абмежавання па скорасці, колькасці палос руху і перастраенні паміж імі, а таксама не стварае якіх-небудзь іншых перашкод руху транспартных сродкаў.
Ствараемая сістэма будзе мець тэхнічную сумяшчальнасць з аналагічнымі сістэмамі спагнання платы, якія эксплуатуюцца кампаніяй у такіх еўрапейскіх краінах, як Аўстрыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Польшча, Італія, Францыя, Іспанія, а таксама ствараюцца ў Расійскай Федэрацыі.
Праект у Беларусі плануецца рэалізаваць у 3 фазы, устанавіўшы сістэмы на асноўных рэспубліканскіх трасах. Першая фаза праекта можа быць рэалізавана ўжо да ліпеня 2013 года. Як адзначае інвестар, для карыстальнікаў гэта сістэма зручная і простая ў эксплуатацыі. Усяго плануецца распаўсюдзіць яе дзеянне прыкладна на 2800 км дарог.
Прычынай шырокай распаўсюджанасці сістэм, заснаваных на мікрахвалевай тэхналогіі, з'яўляецца высокая эфектыўнасць спагнання платы — на ўзроўні 97-99 працэнтаў, прастата і надзейнасць эксплуатацыі, а таксама істотна больш нізкая цана і больш кароткія тэрміны ўкаранення.
Дзеючая цяпер у Беларусі сістэма збору сродкаў створана ў 1996 годзе і ўстарэла не толькі тэхнічна, але і канцэптуальна. Фінансавыя страты за кошт адыходу вадзіцеляў ад аплаты складаюць не менш за 20 працэнтаў. На нарадзе было выказана аднадушнае меркаванне аб немэтазгоднасці яе далейшага развіцця з-за дарагавізны і недастатковай эфектыўнасці.
Віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін далажыў, што рабочая група дэталёва прапрацавала ўсе аспекты, якія датычацца магчымасці ўкаранення праекта ў Беларусі. Камісія прыйшла да высновы, што прапанаваная аўстрыйскай кампаніяй сістэма найбольш эфектыўная.
Інвестыцыйным дагаворам прадугледжана, што рэалізацыя праекта стварэння сістэмы электроннага збору платы за праезд ажыццяўляецца за кошт інвестара без прыцягнення бюджэтнага фінансавання. У далейшым створаная сістэма перадаецца ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь. Акупнасць праекта 3 гады.
Сродкі, што паступілі ў даход рэспубліканскага бюджэту, плануецца накіраваць на далейшую мадэрнізацыю аўтамабільных дарог, якія злучаюць Мінск з абласнымі цэнтрамі, і асноўных міжнародных транспартных калідораў. Гэта ў сваю чаргу дасць магчымасць стварыць сетку дарог, якія адпавядаюць еўрапейскаму класу, павысіць прывабнасць маршрутнай сеткі і дасць моцны штуршок развіццю транзітнага патэнцыялу краіны.
На першапачатковым этапе для абслугоўвання сістэмы будуць прыцягвацца замежныя спецыялісты. У далейшым эксплуатацыю сістэмы плануецца ажыццяўляць толькі сіламі беларускіх спецыялістаў. Пры гэтым інвестар гарантуе, што не менш за 30 працэнтаў работ па стварэнні сістэмы будзе праведзена беларускім бокам. Інвестар таксама гатовы павялічыць гэты працэнт да 50, калі прадпрыемствы краіны змогуць забяспечыць адпаведную якасць.
Як падкрэслілі ўдзельнікі нарады, для аўтамабілістаў краін Мытнага саюза праезд па беларускіх дарогах будзе бясплатным.
На нарадзе быў дэталёва абмеркаваны праект, прапанаваны аўстрыйскай кампаніяй. Па выніках праведзенай размовы кіраўнік дзяржавы даручыў яшчэ раз прапрацаваць пытанне размеркавання долей удзельнікаў. Пасля таго як бакі прыйдуць да пагаднення, Прэзідэнту будзе прадстаўлены праект адпаведнага ўказа.
Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што аўстрыйскі інвестар у выпадку яго зацікаўленасці можа быць прыцягнуты да рэалізацыі і іншых праектаў у Беларусі. У прыватнасці, цяпер распрацоўваецца сістэма кіравання гарадскім транспартам у Мінску.
БЕЛТА.