Фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” можа набыць статус міжнароднага
Фестываль “Кліч Палесся”, які сёлета праводзіўся ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна другі раз, сабраў на адной пляцоўцы каля тысячы артыстаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Сюды завіталі амаль дзесяць тысяч гасцей з розных куткоў нашай краіны і замежжа.
Урачыстае мерапрыемства адкрыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ў краіне праводзіцца шмат маштабных фестываляў, аднак менавіта “Кліч Палесся” валодае асаблівай душэўнасцю, адыходзіць сваімі каранямі ў мінулае. “Таму фестывалю быць!” — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Таксама Аляксандр Лукашэнка прапанаваў надаць гэтаму сялянскаму святу статус міжнароднага. “Я звяртаюся ў першую чаргу да дэлегацый Расіі, Украіны і Польшчы. Давайце зробім гэты фестываль міжнародным. Бог любіць тройцу, з трэцяга фестывалю і пачнём”, — сказаў Прэзідэнт.
Яшчэ адна знакавая падзея сёлетняга мерапрыемства — адкрыццё Музея прыроды нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, які таксама наведаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што новы музей атрымаўся прыгожым і сучасным і будзе прыцягваць усё новых і новых наведвальнікаў. Па словах Прэзідэнта, музей стане яшчэ адной крыніцай даходаў для нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, цэнтрам навучання, а таксама цікавым месцам для тых, хто хоча больш даведацца пра Палессе.