У Беларусі пройдзе першы рэспубліканскі конкурс "Сям'я года"
Першы рэспубліканскі конкурс "Сям'я года" пройдзе ў Мінску 30 лістапада гэтага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Правядзенне такога конкурсу прадугледжана Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады. Яго арганізатарам выступае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў. Падрыхтоўка рэспубліканскага конкурсу ажыццяўляецца пры падтрымцы грамадскіх аб'яднанняў і міжнародных арганізацый.
Мэта конкурсу — павышэнне ролі і прэстыжу сям'і як сацыяльнага інстытута грамадства. Сярод асноўных задач — захаванне духоўна-маральных каштоўнасцяў сям'і, папулярызацыя ў грамадстве ідэі адказнага бацькоўства, адукацыя і выхаванне дзяцей і моладзі ў сістэме традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
Конкурс складаецца з двух этапаў: першы — рэгіянальны (праходзіць у кожнай вобласці і ў Мінску), другі — рэспубліканскі (праводзіцца ў сталіцы).
Распараджэннем прэм'ер-міністра зацверджаны склад арганізацыйнага камітэта другога этапу рэспубліканскага конкурсу на чале з намеснікам прэм'ер-міністра Анатолем Тозікам. Намеснікамі старшыні аргкамітэта з'яўляюцца міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна і старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, сустаршыня грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" Антаніна Морава. У склад аргкамітэта ўключаны прадстаўнікі Апарата Саўміна, міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, інфармацыі, культуры, адукацыі, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, парламента, прафсаюзаў, грамадскіх і міжнародных арганізацый, СМІ, а таксама вядомыя ў краіне дзеячы культуры і адукацыі.
Паводле слоў спецыялістаў, падрыхтаваны праект Плана мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні другога этапу рэспубліканскага конкурсу "Сям'я года".