Аляксандр Лукашэнка: "У Беларусі дастаткова сродкаў для выплаты знешніх пазык і павышэння заработнай платы"
Фота БЕЛТА.Цырымонія закладкі капсулы з пасланнем будучым пакаленням адбылася на пляцоўцы будаўніцтва беларускай АЭС пры ўдзеле Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклаў капсулу ў памятны камень, устаноўлены на пляцоўцы будаўніцтва беларускай АЭС. Затым кіраўнік дзяржавы разам з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам, губернатарам Гродзенскай вобласці Сямёнам Шапірам і першым намеснікам генеральнага дырэктара Дзяржкарпарацыі па атамнай энергіі "Расатам" Аляксандрам Лакшыным замацаваў на камні памятную таблічку.
"Стварэнне нацыянальнай ядзернай энергетыкі — значны крок ва ўмацаванні энергетычнай бяспекі краіны, моцны стымул паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу і інавацыйнага развіцця", — гаворыцца ў падпісаным Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пасланні. У ім выказваецца ўпэўненасць у тым, што прынятае стратэгічнае рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі дасць магчымасць забяспечыць далейшы дынамічны ўздым эканомікі, павысіць дабрабыт людзей і змяніць жыццё перспектыўнага рэгіёна. "Увасабляючы ў жыццё дэвіз аб пабудове моцнай і працвітаючай Беларусі — дзяржавы для народа, мы пачынаем рэалізацыю буйнога сумеснага з брацкай Расіяй інвестыцыйнага праекта — будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі на нашай тэрыторыі", — адзначана ў пасланні.
У пасланні нашчадкам выказваецца надзея на тое, што будучыя пакаленні з удзячнасцю ацэняць уклад у стварэнне надзейнай энергетычнай базы як асновы для ўстойлівага развіцця краіны і павышэння яе ролі ў сусветнай супольнасці.
У Беларусі дастаткова сродкаў для выплаты знешніх пазык і павышэння заработнай платы, заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць.
"Для таго каб пару мільярдаў гэтых даўгоў выплаціць — праблем ніякіх няма. Гэтыя грошы ўжо ёсць сёння без выкарыстання золатавалютных рэзерваў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Нацыянальнаму банку Беларусі даведзена заданне па нарошчванні аб'ёму ЗВР, і ён спраўляецца з апярэджаннем. А ўраду, паводле слоў Прэзідэнта, дадзена заданне зарабіць грошы на развіццё краіны, на павышэнне зарплаты людзям і на вяртанне знешніх пазык.
Паводле звестак за першае паўгоддзе, эканоміка Беларусі развіваецца стабільнымі тэмпамі. ВУП краіны за 6 месяцаў вырас амаль на 3 працэнты, а знешнегандлёвае сальда практычна дасягнула $2 млрд, стаўшы рэкордным за апошнія 10 гадоў. Разам з тым, на наступныя два гады выпадае асноўная нагрузка па выплаце знешніх пазык. У сувязі з гэтым у некаторых узнікаюць апасенні, ці зможа Беларусь, выконваючы даўгавыя абавязацельствы, захаваць тэмпы эканамічнага росту і давесці памер заработнай платы да $500.
Прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў, даў тлумачэнне наконт такіх апасенняў: "Абсалютна дакладна заяўляю: калі не хопіць (фінансавых рэсурсаў у дзяржавы. — <І>Заўвага БЕЛТА ), і зарплату павышаць не будзем. Але тое, што павінны вярнуць па даўгах, вернем". "Калі б не было гэтых даўгоў, вядома ж, эканоміка развівалася б больш высокімі тэмпамі. Яны і так прымальныя, але былі б больш высокімі", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў, што для павышэння заработнай платы неабходна перш за ўсё павысіць прадукцыйнасць працы, а пасля гэтага заробленыя грошы аддаць людзям у выглядзе павышанага памеру заработнай платы. "Я бачу, што гэта зрабіць можна. І патрабаванні невялікія — што такое 500 долараў? Гэта не грошы. Таму страху ў гэтым няма", — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў тым выпадку, калі б не хапала грошай для забеспячэння і абслугоўвання знешніх пазык, то не магло б ісці і гаворкі аб павышэнні заработнай платы, кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму. "Таму што калі мы хоць на адну прыступку самі свой рэйтынг панізім (затрымаўшы выплаты па знешніх даўгах. — Заўвага БЕЛТА), нам ніхто ніколі не пазычыць грошы і крэдытаў не дадуць", — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі ўжо мы будзем бачыць, што не паспеем расіянам вярнуць мільярд долараў, я ўжо як-небудзь дагаваруся з Прэзідэнтам Расіі, каб ён адтэрмінаваў на год гэта вяртанне", — сказаў Прэзідэнт Беларусі. На яго думку, Беларусь таксама ў выпадку неабходнасці магла б дамовіцца аб адтэрміноўцы плацяжоў з такімі краінамі, як Кітай і Іран, у якіх наша краіна брала крэдыт.
Разам з тым, пакуль Беларусь спраўляецца з выплатай абавязацельстваў па знешніх пазыках. Больш таго, магчыма датэрміновае вяртанне некаторых з іх. "У бліжэйшы час будзем весці перагаворы з адным з банкаў, каб датэрмінова аддаць грошы", — праінфармаваў Прэзідэнт Беларусі.
Дыпламатычны канфлікт са Швецыяй і інцыдэнт з палётам над Беларуссю шведскага самалёта не звязаны, заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам.
"Некаторыя звязваюць гэту праблему не то з плюшавымі мядзведзямі, не то са сланамі. Але гэта абсалютна розныя рэчы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь і Швецыя раней дамаўляліся абмяняцца новымі пасламі, аднак гэтыя дамоўленасці былі парушаны шведскім бокам, у выніку чаго і ўзнік цяперашні дыпламатычны канфлікт.
Што датычыцца інцыдэнту з палётам над Беларуссю шведскага самалёта, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Гэта іншая тэма. І гэта тэма патрабуе адказу па міжнародных стандартах ад Швецыі і Літвы, чым мы сёння і займаемся. І калі гэтых адказаў у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі не будзе, мы знойдзем адэкватны адказ на плюшавыя справы".
"І няхай моляць бога, што нашы "памяркоўныя" беларусы пашкадавалі гэтых летуноў, — заўважыў беларускі лідар. — Іх зарэгістравалі адразу над граніцай. Пашкадавалі, бачыце, фанерны самалёт, а з гэтага атрымаўся скандал. Але гэта было парушэнне ўсіх дамоўленасцяў".
"І Літва — няхай не сядзяць як мышы пад венікам. Яны нам павінны адказаць, чаму прадставілі сваю тэрыторыю для парушэння дзяржаўнай граніцы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Прэзідэнт адзначыў: "Калі мы пачалі расследаваць (пасол няхай не круціцца, што ён дэмакратыю ў нас абараняе), тыя, хто прыязджалі і рыхтавалі парушэнне дзяржаўнай граніцы, працавалі разам з пасольствам. У нас ёсць доказы. Следчыя іх прадставілі". "Таму мы яшчэ разбяромся, якую ролю адыграла былое шведскае пасольства ў гэтым інцыдэнце", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Сучасны спорт увяз у карупцыі, лiчыць Прэзiдэнт. Аб гэтым ён выказаўся ў час размовы з жыхарамi Астравецкага раёна i будаўнiкамi беларускай АЭС.
"Спорт не проста хворы, ён ушчэнт карумпiраваны. Гэтыя суддзi, якiя прымаюць рашэннi, яны бяруць грошы i прысуджваюць перамогу таму, хто дае больш", — сказаў кiраўнiк дзяржавы, каментуючы спартыўныя падзеi цяперашняй Алiмпiяды i ўдзел беларускiх спартсменаў у ёй.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што правiлы правядзення многiх вiдаў спорту змяняюцца лiтаральна на вачах, каб дагадзiць асобным спартыўным чыноўнiкам: "Усё мяняецца на вачах. Напрыклад, умовы, правiлы барацьбы ў спорце змяняюцца пад суддзю, чыноўнiка, каб умяшацца i, на гэтым зарабiўшы грошы, каго-небудзь загубiць, каго-небудзь выкiнуць".
Пры гэтым прадстаўнiкi Мiжнароднага алiмпiйскага камiтэта робяць выгляд, што не заўважаюць тое, што адбываецца, лiчыць Прэзiдэнт. "МАКаўскiя начальнiкi — яны прыехалi туды нiбыта толькi для таго, каб каралеве медаль уручыць. Iх жа нiдзе не вiдаць i не чуваць. Чаму яны не ўмешваюцца? Ходзяць, пальцы растапырыўшы, грошы на гэтым зарабляюць, знiшчаючы спартсменаў i зневажаючы дзяржавы, якiя туды прыязджаюць. Вось у чым праблема", — падкрэслiў беларускi лiдар.
У якасцi прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў сiтуацыю з беларускiм кiдальнiкам молата Iванам Цiханам. Паводле слоў Прэзiдэнта, калi б аб нядопуску Цiхана папярэдзiлi загадзя, Беларусь магла б зрабiць замену. Аднак яму адмовiлi ва ўдзеле ў Алiмпiядзе непасрэдна перад стартам, i Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму гэта адбылося. "Сусветную федэрацыю цi то ўзначальвае, цi то з'яўляецца там галоўным функцыянерам грамадзянiн Венгрыi. А ў адсутнасць Цiхана хто заваяваў медаль? Венгерскi малатабоец. Значыць, яму расчысцiлi дарогу, устаранiўшы Цiхана. Маўляў, калiсьцi ў Цiхана 8 гадоў таму было нешта... Дык яго пераправерылi дзясяткi разоў. Ён абсалютна чысты беларускi хлопец. А яго ўзялi i выкiнулi. А чаму выкiнулi? Таму што адказнасцi не адчуваюць", — перакананы кiраўнiк дзяржавы.
"Вось што такое сёння спорт — гэта не палiтыка, гэта бруд i карупцыя па ўсiх напрамках, дзе толькi магчыма. Я нават публiчна не магу гаварыць пра ўсе факты, якiя ведаю, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але, думаю, у мяне будзе яшчэ магчымасць (не ў Англii, дык у iншай краiне) усё, што я вам цяпер сказаў, сказаць гэтым функцыянерам".
У той жа час кiраўнiк дзяржавы выказаў незадаволенасць i ўдзелам беларускай дэлегацыi ў Алiмпiйскiх гульнях у Лондане. "Мы разам з расiянамi пакуль правальваем Алiмпiяду. Яны, вядома, шмат медалёў заваявалi, але не столькi, колькi павiнны былi. I мы таксама", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзiдэнт лiчыць, што ў беларускiм спорце таксама хапае праблем i недастаткова выкарыстоўваецца iснуючы патэнцыял, ёсць прэтэнзii i да трэнераў, i да спартсменаў, i да арганiзатараў. "У нас ёсць i аб'екты, ёсць i магчымасць, i сродкi выдзелены, але веславанне, цяжкую атлетыку, спартыўную гiмнастыку — мы ўжо страцiлi гэтыя пазiцыi. А база ж добрая, трэнеры ёсць, чаму не працуем?" — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што ўсё, сказанае аб спорце, можна аднесцi i да сельскай гаспадаркi i прамысловасцi: "Тут спуску нiкому не будзе. Няхай крыўдзяцца на мяне губернатары за апошнюю селектарную нараду цi не крыўдзяцца, а шкуру буду здымаць з усiх. Прыйшоў працаваць — працуй, каб людзi сказалi дзякуй".