Дык навошта разумным і прыстойным людзям удзельнічаць у сумніўных выбарах?

Источник материала:  
На мой погляд, ёсць дзве галоўныя прычыны, якія не дазваляюць разумным і прыстойным людзям удзельнічаць у сумніўных выбарах з ужо вядомым адмоўным для беларускага народа вынікам.

Прычына першая.

У Беларусі не існуе паўнамоцны парламент як вышэйшы прадстаўнічы і адзіны заканадаўчы орган дзяржаўнай улады. Яго ліквідацыя пачалася ў 1995 годзе, калі ў Вярхоўны Савет 12-га склікання былі ўведзены ўзброеныя войскі, якія прымянілі фізічную сілу да дэпутатаў, што аб’явілі галадоўку ў знак пратэсту супраць правядзення па ініцыятыве прэзідэнта ганебнага рэферэндуму аб ліквідацыі беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, аб замене дзяржаўных сімвалаў фактычна савецкімі, аб наданні прэзідэнту права распускаць парламент, аб эканамічных стасунках з Расіяй. Завершана ліквідацыя сапраўднага парламента была ў лістападзе 1996 года пасля незаконна праведзенага рэферэндуму, у выніку якога была зменена Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і ліквідаваны прынцып падзелу улады ў нашай краіне. Здейснена гэта было гвалтоўнымі метадамі.

Пасля таго як А.Лукашэнка прызначыў рэферэндум, Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, усе рашэнні якога, паводле закона, з’яўляюцца абавязковымі і перагляду не падлягаюць, прыняў рашэнне 4 лістапада 1996 года: прызначаны рэферэндум аб змяненні Канстытуцыі не можа быць прызнаны законным, паколькі поўнасцю супярэчыць артыкулу 78 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім засведчана, што парадак правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў вызначаецца законам. На той момант у нашай краіне законам не прадугледжваўся парадак змянення і дапаўнення Канстытуцыі праз рэферэндум. Такім правам быў надзелены выключна Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у той час Канстытуцыйны суд ужо адзначыў, што А.Лукашэнка злоўжывае сваімі паўнамоцтвамі, выдаючы ўказы, якія не адпавядаюць Канстытуцыі і іншым законам. На той момант Канстытуцыйны суд прызнаў такімі 18 указаў прэзідэнта.

Нягледзячы на рашэнне Канстытуцыйнага суда, А.Лукашэнка, у парушэнне Канстытуцыі і Закона “Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь,” выдаў 5 лістапада 1996 года Указ №455, у якім сам вызначыў парадак уступлення ў сілу рашэнняў рэспубліканскіх рэферэндумаў аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі, а 7 лістапада 1996 года ён выдаў Указ  №459, згодна з якім усе вынікі рэферэндуму будуць насіць абавязковы характар.

Пасля завяршэння ўсіх незаконных дзеянняў па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю А.Лукашэнка замест Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь стварыў дзве падкантрольныя яму палаты, якія, лічу, не маюць нічога агульнага з сапраўдным парламентам, бо пазбаўлены галоўных прыкмет і функцый парламента.

Па-першае, палаты не з’яўляюцца адзіным заканадаўчым органам краіны, як гэта ёсць ва ўсіх дэмакратычных краінах, і як гэта было ў далукашэнкаўскай Беларусі. У сённяшняй Беларусі дэкрэт прэзідэнта, паводле артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, які прыняла Палата прадстаўнікоў, па сваёй юрыдычнай сіле абвешчаны роўным з законам. Гэта дазваляе прэзідэнту прымаць дэкрэты, якія могуць супярэчыць законам, але яны не могуць быць кваліфікаваныя як незаконныя, бо яны ўжо набылі такі ж самы юрыдычны статус, як і законы. У такіх умовах палаты не здолеюць забяспечыць выкананне прынятых імі законаў, нават тады, калі гэтага пажадаюць. Праўда, такое жаданне, па вядомых прычынах, у іх не можа ўзнікнуць. У выніку наша краіна стала жыць не па законах, якія прымаюцца парламентам, а па дэкрэтах і ўказах прэзідэнта.

Па-другое, палаты пазбаўлены права кантролю над выкананнем дзяржаўнага бюджэту, а таксама права кантролю над  выкарыстаннем дзяржаўнай маёмасці. Фармальна палаты кожны год прымаюць  Закон “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь”. Але яны не маюць права кантраляваць яго выкананне. У іх нават няма адпаведнага органа парламенцкага кантролю, як гэта ёсць у парламентаў усіх дэмакратычных краін, і як гэта было ў Беларусі падчас дзейнасці Вярхоўнага Савета 12-га склікання, калі галоўным органам фінансава-эканамічнага кантролю ў дзяржаве была Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь, падпарадкаваная парламенту. Сёння ў Беларусі функцыі кантролю над выкананнем дзяржаўнага бюджэту ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю, падпарадкаваны прэзідэнту. Паміж гэтым Камітэтам кантролю і той Кантрольнай палатай Рэспублікі Беларусь ёсць вельмі істотная розніца. Старшыню Кантрольнай палаты большасцю галасоў прызначала Сесія Вярхоўнага Савета краіны (калектыўны орган), і толькі яна (Сесія) магла вызваліць яго ад пасады. Таму старшыня Кантрольнай палаты ў сваёй дзейнасці быў незалежны ад дзяржаўных асоб, кіраваўся толькі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам “Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь” і іншымі актамі заканадаўства.

Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю прызначае і вызваляе ад пасады прэзідэнт, таму ў сваёй дзейнасці Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю поўнасцю залежыць ад волі адной асобы. У такіх умовах немагчыма нават уявіць, што Камітэт дзяржаўнага кантролю можа дазволіць сабе арганізаваць праверку эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў або дзяржаўнай маёмасці прэзідэнтам ці яго адміністрацыяй.

Дарэчы, Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь уваходзіла ў міжнародны (INTASAE) і еўрапейскі (EURASAE) органы парламенцкага кантролю. Актыўна і плённа з імі супрацоўнічала, але ў 1996 годзе Кантрольная палата была ліквідавана А.Лукашэнкам пасля таго, як пачала па даручэнні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь праверку эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўных сродкаў і дзяржаўнай маёмасці ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Па-трэцяе, палаты не з’яўляюцца прадстаўнічым органам улады, паколькі яны не абіраюцца шляхам дэмакратычных выбараў, што засведчана шматлікімі групамі назіральнікаў, уключаючы еўрапейскіх і міжнародных. Таму ніводныя выбары, якія праводзяцца ў Беларусі пасля 1996 года, не былі прызнаны міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя.

Ліквідацыі парламента ў значнай ступені паспрыяла непрынцыповая пазіцыя часткі дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання, якія здрадзілі прынцыпам дэмакратыі і сваім выбаршчыкам,  калі добраахвотна перайшлі на службу рэжыму ў створаную ім Палату прадстаўнікоў. У палату іх ніхто не выбіраў. Туды яны былі прызначаны на падставе пададзенай заявы. Спіс тых 110 дэпутатаў “Народная Воля” друкавала 23--25 лістапада 2010 года.

Прычына другая. У Беларусі выбарчая сістэма не дэмакратычная. Падлік галасоў не падкантрольны грамадству. У такіх умовах рэжым “прызначае” дэпутатамі толькі сваіх, правераных на лаяльнасць, кандыдатаў. Астатнія проста не маюць ніякіх шанцаў перамагчы на такіх выбарах. А.Лукашэнка ўжо даў устаноўку -- не меней 30 % дэпутатаў у новым складзе Палаты прадстаўнікоў павінны быць людзі, правераныя ў сённяшняй палаце. Можна меркаваць, што на астатнія 60 % таксама будзе падрыхтаваны поўны спіс, узгоднены і ўхвалены кім трэба. Дык няўжо ў кагосьці з беларусаў можа ўзнікнуць сумненне, што дадзеная ўстаноўка можа быць не выканана?

Адзіная праблема рэжыму -- як зацягнуць людзей на выбарчыя ўчасткі, каб выкарыстаць іх дзеля ўмацавання сваіх меркантыльных інтарэсаў.

І вось гэта праблема рэжыму дае беларусам надзею і шанц, паводле трапных слоў неўміручага Янкі Купалы, “не быць скотам”.

Замест заключэння

1.У сённяшняй Беларусі парламент як вышэйшы прадстаўнічы і адзіны заканадаўчы орган дзяржаўнай улады не існуе. Дзве існуючыя палаты не маюць нічога агульнага з паўнавартасным парламентам, бо пазбаўлены галоўных прыкмет і функцый парламента. Яны не здольныя вырашыць ніводнай  з праблем, што ўзнікаюць у краіне. Наадварот, падчас іх існавання колькасць і вастрыня праблем значна павялічыліся. Вось важнейшыя з гэтых праблем:

-- Катастрафічна змяншаецца колькасць насельніцтва Беларусі (кожны год памірае людзей болей, чым нараджаецца).

-- У забруджанай чарнобыльскай зоне вядзецца сельскагаспадарчая дзейнасць, вынікі якой не афішыруюцца і не могуць быць станоўчымі.

-- Насуперак эканамічнай і экалагічнай мэтазгоднасці ў самай экалагічна чыстай мясцовасці нашай краіны пачалося будаўніцтва атамнай электрастанцыі па не прайшоўшай выпрабавання расійскай тэхналогіі. Ці не новы Чарнобыль рыхтуецца беларусам?

-- Хуткімі тэмпамі расце алкагалізацыя насельніцтва.

-- Разбураецца сістэма нацыянальнай адукацыі.

-- Разбураецца беларуская культура.

-- У беларускага народа мэтанакіравана адбіраецца беларуская мова -- самая эфектыўная зброя ў абароне нацыянальных інтарэсаў. Ніхто з кіруючых асоб краіны, у тым ліку абедзвюх палат, публічна не ўжывае беларускую мову -- дзяржаўную мову краіны, адсюль і адпаведныя адносіны да роднага слова з боку чыноўнікаў усіх масцей.

Пералік нявырашаных дзяржаўных праблем можна бясконца працягваць. Але чаму на гэтыя праблемы ніяк не рэагуе парламент, з маўклівай згоды якога ўсе гэтыя праблемы ўзніклі?

2.Перамагчы на недэмакратычных выбарах, дзе падлік галасоў не падкантрольны грамадству, не здолее ніхто, акрамя тых, каго ўжо “выбраў” рэжым.

Дык навошта разумным і прыстойным людзям удзельнічаць у сумніўных выбарах з ужо вядомым адмоўным для беларускага народа вынікам? Ці ж варта ў каторы раз наступаць на адны і тыя ж граблі?

Мікалай Крыжаноўскі, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання.

Дасье

Крыжаноўскі Мікалай Кірылавіч нарадзіўся

←Лукашенко проведет сегодня селекторное совещание по уборке урожая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика