Выбары. Лета. Абыякавасць…

Источник материала:  
Як у беларускай сталіцы ідзе збор подпісаў у падтрымку таго ці іншага прэтэндэнта на атрыманне мандата дэпутата Палаты прадстаўнікоў?

20.40. Званок. Адчыняю дзверы, і бачу дзяўчыну, якая трымае ў руках папачку, паказвае мне фатаграфію нейкай жынчыны і просіць паставіць подпіс за вылучэнне гэтай дамы кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Запытваю: “А што гэта за прэтэндэнт? Ад каго ідзе?” У адказ: “Ад кампаніі “Гавары праўду!”.

-- Ну, давайце, калі не ад улады, то падпішуся. Пашпарт патрэбны?

-- Так, так… Калі ласка, -- абрадавалася дзяўчына. -- Вось біяграфію пачытайце.

Пад партрэтам чытаю кароткія біяграфічныя звесткі пра патэнцыяльнага кандыдата і адначасова цікаўлюся ў дзяўчыны, якую завуць Аксана:

-- А ў нашым доме ахвотна ставяць подпісы?

-- Ну… -- сумелася яна. -- Вось у вашым дзевяціпавярховым доме тры пад’езды. Ваш -- апошні. Дык вы адзіная, хто спытаў мяне хоць нешта пра кандыдата. Дый увогуле першая, хто не проста праявіў цікаўнасць, але яшчэ і подпіс паставіў. Людзі, як толькі разумеюць, што я не з “Энергазбыту” ці нейкай такой службы, то адразу кажуць: ”Нічога не хачу ведаць пра выбары. Не пайду!” Подпісы ставіць адмаўляюцца, кажуць, што не бачаць у гэтым ніякага сэнсу... Ім увогуле не цікава, ці ад апазіцыі кандыдат, ці ад улады.

Такім чынам, з трохпад’езднага дома ў цэнтры сталіцы падпісантаў знайшлося толькі двое -- я і мой сын. Нечаканы вынік.

Запытваю ў лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, якія ў іх поспехі ў справе збору подпісаў.

-- А мы подпісаў увогуле не збіраем, -- адказвае Анатоль Лябедзька. -- Па-першае, не бачым у гэтым сэнсу. А па-другое, каб не ўводзіць людзей у зман, бо яны паставяць подпісы, а потым наш кандыдат здыме сваю кандыдатуру (а менавіта такое рашэнне мы прынялі). У нас будуць сацыяльныя пікеты ў Мінску, Барысаве і Брэсце. Там мы будзем распавядаць людзям пра эканамічныя праблемы ў краіне. А так… Пра якія выбары можна весці гаворку? Мы -- за байкот.

Такое ўражанне, што кампанію байкоту выбараў, у прынцыпе, можна было б і не абвяшчаць ці, наадварот, абвясціць, каб потым адчуваць сябе пераможцам. Выглядае, што народ і агітаваць няма ніякай неабходнасці. І без таго ахвотных пайсці на выбарчыя ўчасткі не вельмі многа. Пра гэта сведчаць тыя, хто асабіста займаецца зборам подпісаў. Праўда, палітыкі, якія абгрунтоўваюць неабходнасць паўнавартаснага ўдзелу ў выбарах, ніякіх такіх настрояў не бачаць. Аляксандр Мілінкевіч і Уладзімір Навасяд ужо аб’явілі, што неабходныя подпісы для вылучэння ў іх ёсць і нібыта выбаршчыкі вельмі актыўныя. Каму верыць? Час пакажа.


←В посольство Беларуси в Литве переданы подписи за освобождение Беляцкого

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика