Беларусь у 2012 годзе плануе паставіць на экспарт сельгаспрадукцыі амаль на $5 млрд
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на дасягнутыя ў сельскай гаспадарцы за апошнія гады значныя вынікі, лічыць, што яшчэ ёсць вялікія рэзервы для павышэння эфектыўнасці і культуры земляробства ў краіне. Такое меркаванне кіраўнік дзяржавы выказаў учора, наведваючы з рабочай паездкай Камянецкі раён Брэсцкай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, гаворачы аб Брэсцкай вобласці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў рэгіёне зроблена вельмі шмат для аднаўлення той культуры земляробства, якая была ў савецкія часы. Аднак нягледзячы на тое, што знешні бок работ па арганізацыі сельгасвытворчасці выглядае даволі добра, Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў наяўнасці значных рэзерваў для павышэння эфектыўнасці вытворчасці: "У нас яшчэ вялікія рэзервы ў самой культуры, эфектыўнасці земляробства. Што такое ўраджайнасць 40 ц/га (у Брэсцкай вобласці. —<І> Заўвага БЕЛТА )? Можна мінімум 50 ц/га атрымаць. Гэта ж вялікая прыбаўка, яшчэ паўмільёна тон. Пры гэтым не трэба дадаткова ні ўзворваць, ні сеяць".
Як далажыў губернатар вобласці Канстанцін Сумар, перад рэгіёнам у гэтым годзе стаіць задача атрымаць мінімум 1,3 млн т збожжа без уліку кукурузы. "Гэты год для Брэстчыны будзе рэкордным. За ўсю гісторыю рэгіёна не было такога ўраджаю".
Таксама, дакладваючы кіраўніку дзяржавы аб сацыяльна-эканамічным развіцці Брэсцкай вобласці, губернатар Канстанцін Сумар запэўніў, што да канца бягучага года вобласць плануе "жалезна" выйсці на сярэднюю зарплату $480-500. "480 долараў — гэта не 500 долараў, — заўважыў Прэзідэнт. — Напружвайце ўсіх. Кіраўнікі, якія не выконваюць паказчыкаў па прадукцыйнасці, па збыце прадукцыі і росце зарплаты, працаваць не павінны на канец года".
"Мы можам гэта (дасягнуць сярэдняй заплаты $500. — Заўвага БЕЛТА) зрабіць", — выказаў упэўненасць Прэзідэнт.
Беларусь у 2012 годзе плануе паставіць на экспарт сельгаспрадукцыі амаль на $5 млрд, далажыў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. "У гэтым годзе ад экспарту сельгаспрадукцыі мы атрымаем $4,7-4,8 млрд", — сказаў віцэ-прэм'ер, адзначыўшы, што попыт на беларускія прадукты даволі высокі.
"Пяць мільярдаў — гэта вельмі добрая псіхалагічная мяжа. Нам трэба мець $5 млрд, тады будзе лягчэй выгаворвацца $7 млрд на канец пяцігодкі", — сказаў Прэзідэнт.
Было закранута і пытанне максімальна эфектыўнага выкарыстання сельгастэхнікі ў пару ўборачнай кампаніі, у прыватнасці камбайнаў. Як далажыў старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон, пэўныя праблемы застаюцца. Месцамі па рэспубліцы адзначаецца дэфіцыт механізатараў, з-за чаго камбайны часам прастойваюць і не задзейнічаюцца на ўборцы ўраджаю. "Там, дзе няма механізатараў, трэба выганяць з работы аж да старшыні райвыканкама і аб'яўляць вымову губернатару, — рэзка адрэагаваў кіраўнік дзяржавы. — Камбайн — машына асаблівая. Яна працуе адзін месяц у год. І ўвесь час за гэтым камбайнам павінны быць замацаваны 2 механізатары. Аб гэтым трэба думаць не ў момант уборкі або напярэдадні, а круглы год".
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што калі дзесьці будзе выяўлена, што тэхніка прастойвае з-за галавацяпства, то да адказных за гэта будуць прыменены дысцыплінарныя спагнанні. "І больш не атрымаеце ніводнага камбайна на вобласць. Таму што мы (дзяржава. — Заўвага БЕЛТА) вельмі шмат дапамагаем. А вы іх (камбайны. — Заўвага БЕЛТА) пад плотам трымаеце", — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў жаданне Беларусі набыць расійскае прадпрыемства "Растсельмаш", якое спецыялізуецца на вытворчасці сельгасмашын. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта пытанне ён абмяркоўваў на нядаўняй сустрэчы з прэм'ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. "Я яму сказаў: мы хочам выкупіць у вас "Растсельмаш", у нас добрыя ўзоры, давайце іх даробім, калі трэба, і мы створым у маштабах Саюзнай дзяржавы магутны холдынг па вытворчасці камбайнаў, які будзе выпускаць іх на ўсю прастору", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова гарантаваць якасць тэхнікі, якая выпускаецца.
У Беларусі неабходна стварыць сем буйных турыстычных зон вакол кожнага абласнога цэнтра, паставіў задачу Прэзідэнт краіны. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні даручэння па будаўніцтве аўтамабільнай дарогі ў абыход тэрыторыі Нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Як адзначыў Прэзідэнт, гэта пілотны праект. "Нам трэба ў кожнай вобласці мець такі вузел. Вось прыехаў чалавек, праехаў па кальцу, дзе захацеў — спыніўся, падыхаў чыстым паветрам. У Віцебскай вобласці шмат такіх турыстычных месцаў. Трэба замыкаць іх у кола і так пачынаць працаваць. Тое ж самае ў іншых абласцях", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка наведаў базу адпачынку ТАА "Без Праблем", размешчаную ў Камянецкім раёне паблізу вёскі Пясчатка. Будаўніцтва аўтадарожнага абходу вакол Белавежскай пушчы актывізавала ўкладанне інвестыцый у развіццё інфраструктуры гэтай базы адпачынку. У мінулым годзе базу адпачынку наведала каля 1 тыс. чалавек, а за паўгода цяперашняга — у два разы больш. Дырэктар базы адпачынку разлічвае, што за 2012 год тут адпачне ў 4-5 разоў больш людзей, чым у мінулым, а з будаўніцтвам побач пагранпераходу база адпачынку можа стаць вельмі запатрабаванай як у грамадзян сумежных краін, так і ў тых, якія праязджаюць праз Беларусь транзітам.