Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў праведзеную работу па аднаўленні палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 20 ліпеня палацава-паркавы ансамбль ХVІ—ХІХ стагоддзяў у Нясвіжы, пазітыўна ацаніў праведзеную работу па яго аднаўленні.
Рэстаўрацыя палацава-паркавага ансамбля вялася з 1997 па 2012 год, Нясвіжскага замка — з 2004 года. За гэты час Прэзідэнтам было дадзена 19 даручэнняў адносна рэстаўрацыі і рэканструкцыі комплексу. Аляксандр Лукашэнка наведваў палацава-паркавы ансамбль у маі 2008 года. Тады ён звярнуў увагу на нізкія тэмпы работ па аднаўленні замка, пасля чаго была праведзена замена генпадраднай будаўнічай арганізацыі.
На гэты час усе работы па аднаўленні і рэстаўрацыі комплексу выкананы. Адноўлены і адрэстаўраваны замак, камяніца, арсенал, паўднёвая і ўсходняя галерэі, прыбудова да замка, уязны мост, падземныя хады абаронных збудаванняў, роў, ледавік, падземныя збудаванні пад усходнім валам, добраўпарадкавана тэрыторыя знешніх фартыфікацыйных збудаванняў. Цалкам адноўлены інтэр'еры княжацкіх пакояў, замкавыя капліцы, Залатой, Белай бальнай, Паляўнічай, Малой сталовай, Гетманскай залаў, іншых памяшканняў.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў гэтыя залы, азнаёміўся з экспазіцыяй адрэстаўраванага Нясвіжскага замка і ў цэлым застаўся задаволены ўбачаным.
Аднаўлення чакаюць Замкавы, Японскі, Марысін і Англійскі паркі. Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, паркі трэба падтрымліваць у іх натуральным стане. "Яны павінны быць такімі, якімі былі ў той час", — сказаў ён.
Спецыялістамі завершаны работы па рэстаўрацыі захаваных інтэр'ераў і іх элементаў. 57 працэнтаў экспазіцыі — арыгінальныя прадметы ХVІ — пачатку ХІХ стагоддзя, астатняе — копіі і сучаснае ўзнаўленне старадаўніх арыгіналаў. Міжнародныя эксперты далі пазітыўную ацэнку адноўленым інтэр'ерам.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт закрануў праблему з рэстаўрацыйнымі кадрамі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што існуючую сістэму ў рэстаўрацыі неабходна рэарганізаваць і аб'яднаць усіх спецыялістаў у адну арганізацыю.
"Гэта апошні замак, дзе я хаджу і ўсё трымаю на кантролі. Садзіцеся і думайце, якім будзе прадпрыемства па рэстаўрацыі. Трэба ўсіх аб'яднаць у адну арганізацыю. А то мы там трацім шалёныя грошы, робім у разы даражэй, чым калі б іншаземцы рабілі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі ёсць добрыя рэстаўратары, якіх нельга страціць. "Гэта рэдкія людзі, і яны павінны атрымліваць добрыя грошы за сваю працу", — адзначыў ён.
Прэзідэнт даручыў унесці яму прапановы па стварэнні "моцнай, дастойнай арганізацыі, якая аб'яднала б усіх рэстаўратараў". "Мы не павінны страціць таленты", — дадаў ён.
Аляксандру Лукашэнку было даложана аб выкананні дадзеных ім даручэнняў па аднаўленні, рэстаўрацыі і рэканструкцыі палацава-паркавага ансамбля.
Як праінфармаваў кіраўніка дзяржавы міністр культуры, палацава-паркавы ансамбль ужо аказвае шэраг платных паслуг. У 2011 годзе даходы ад іх склалі Br1,5 млрд. За тры апошнія гады вырасла і колькасць наведвальнікаў комплексу. Калі ў 2010 годзе палацава-паркавы ансамбль наведалі 173 тыс. чалавек, у 2011-м — 210 тыс., то за першае паўгоддзе 2012 года — каля 136 тыс. чалавек. Чакаецца, што да канца года тут пабываюць каля 300 тыс. наведвальнікаў. Паводле слоў Паўла Латушкі, на працягу двух-трох гадоў комплекс выйдзе на 100-працэнтную акупнасць затрат на ўтрыманне аб'екта.
Для зручнасці турыстаў у замку адкрыта гасцініца на 47 нумароў, якая размясцілася ў памяшканнях камяніцы і былой карэтнай, а таксама кафэ, рэстаран, магазін сувеніраў. У памяшканнях і на тэрыторыі Нясвіжскага замка праводзяцца музычныя, тэатральныя і іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наведванне палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы павінна быць даступным для беларусаў.
"Не трэба рвацца і бегчы за вялікімі грашыма. Усё трэба рабіць паступова. Бо мы тады адаб'ём ахвоту ва ўласных людзей. Трэба, каб беларусы гэта бачылі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Усё трэба рабіць вельмі акуратна, разумна. Дырэктар павінен зыходзіць з таго, нібы гэта яго комплекс, лішні крок налева або направа — страты. А не думаць, што дзяржава дзесьці дапаможа, падставіць плячо", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся таксама з прадстаўнікамі роду Радзівілаў, якія прыехалі наведаць адрэстаўраваны замак. Яны адзначылі, што ў цэлым ім падабаецца тое, што выканана ў замку. "Радзівілы ніколі не хацелі выязджаць адсюль, але ў 1939 годзе былі вымушаны зрабіць гэта. Але наша сэрца заўсёды тут", — сказаў адзін з нашчадкаў роду Радзівілаў. "Прыязджайце сюды. Цяпер вам ёсць куды прыехаць", — у сваю чаргу сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар музею пояс слуцкага тыпу, характэрны для паясоў, якія вырабляліся на мануфактурах Рэчы Паспалітай у 1760—1790-я гады. Ён вытканы з шаўковай і сярэбранай пазалочанай нітак.
Аляксандр Лукашэнка таксама пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей палацава-паркавага ансамбля: "Багатая культурная і гістарычная спадчына Беларусі выклікае пачуццё гонару ў кожнага яе жыхара. Адным з унікальных помнікаў архітэктуры з'яўляецца палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы, які ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Не аднойчы абнаўляўся ён пасля войнаў, пажараў і перыядаў забыцця. Дзякуючы рабоце рэстаўратараў, будаўнікоў і спецыялістаў музейнай справы сёння мы бачым Нясвіжскі замак ва ўсім яго харастве. Няхай і далей гэты выдатны твор айчыннага дойлідства застаецца ўвасабленнем культурнага багацця Беларусі, сімвалам невычэрпных стваральных сіл і здольнасцяў нашага народа".
У сваю чаргу Прэзідэнту на памяць аб наведванні палацава-паркавага ансамбля быў перададзены габелен з відамі Нясвіжскага замка.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.