Афіцэр беларускай міліцыі Сяргей Макар папрасіў прытулку на Захадзе
Супрацоўнік міліцыі Кастрычніцкага раёна Гродна Сяргей Макар вымушаны шукаць прытулак за межамі краіны. Яго начальства, магчыма, яшчэ не ведае, што падначалены больш не вернецца на службу. Апошні раз ён быў у сваім службовым кабінеце ў чацвер 12 ліпеня.
Што прымусіла афіцэра, прадстаўніка ўлады, які верай і праўдай праслужыў спачатку ў АМАПе, а потым у аддзеле міліцыі 15 гадоў, усё кінуць і ехаць за кардон?Пасля гутаркі з міліцыянерам стала зразумела, што прэзідэнцкія выбары ў нашай краіне адбіваюцца на лёсах не толькі апазіцыянераў, але і на тых, на каго б мы падумалі ў апошнюю чаргу. Сяргей Макар адчуў на сабе ціск з боку спецслужб восенню 2006 года. Тады да яго прыйшлі двое. Адзін прадставіўся супрацоўнікам КДБ, другі -- моўчкі слухаў, назіраў і не сказаў ні слова. Сяргей Макар прыгадвае:
-- Мой брат Ігар служыў у “Алмазе”. Ён адразу пасля выбараў быў вымушаны хавацца, каб уратаваць сваё жыццё. Справа ў тым, што ён не выканаў загады міністра Навумава па кампраментацыі Аляксандра Казуліна як кандыдата на пасаду прэзідэнта. Пасля гэтага Ігар даведаўся, што група, камандзірам якой ён з’яўляўся, атрымала загад наконт яго самога. Не выключаю, што гэта магло азначаць нават банальнае забойства. Па крайняй меры былым падначаленым Ігара сказалі, што выкананне загаду стане для іх сапраўднай праверкай. І так апрацавалі, што толькі адзін з усіх за некалькі хвілін пазваніў Ігару і крыкнуў: “Не ідзі туды, дзе цябе чакаюць!” Магчыма, дзякуючы гэтаму, Ігар сёння жывы. Мне супрацоўнік КДБ прапанаваў выклікаць у краіну брата з любой нагоды. Яны разлічвалі з маёй дапамогай заманіць яго ў лавушку. Натуральна, я катэгарычна адмовіўся, і тады мне былі абяцаны праблемы па службе. Яны не прымусілі сябе чакаць. Кадэбэшнікі мяне ў спакоі не пакінулі, сустракаліся яшчэ некалькі разоў… Потым узяліся за сястру. Неяк Вольгу прывезлі ў аддзел міліцыі, абражалі, здзекаваліся з яе, пагражалі, што з яе дзіцём нешта здарыцца. Доўжылася гэта некалькі гадзін.
-- А вы не маглі ўмяшацца? Вы ж працавалі ў тым аддзеле?
-- Мяне тады не было ў аддзеле, і я нічога не ведаў. Але вы думаеце, што ўмяшацца ўвогуле ў нешта магчыма? Вы не ведаеце, да якой ступені ўсё дэградавала. Я спрабаваў умяшацца ў адну падобную сітуацыю. Нядаўна было. Прыйшоў у аддзел, гляджу -- за шклянымі дзвярыма ў дзяжурнай частцы плача голая жанчына. Уся скруцілася, каб прыкрыцца… Высветлілася, што яна шла з працы і ўбачыла на зямлі мужчыну. Той прасіў дапамагчы яму падняцца. Яна толькі падышла да яго, як побач спынілася машына з ППСнікамі. А ў іх план па п’яніцах. Яны схапілі і мужчыну, і гэтую маладую жанчыну. Мужчыну накіравалі ў выцвярэзнік, але і на яе склалі пратакол, што была п’яная і лаялася матам. Яна падпісваць паперы адмовілася. Вось тады яе распранулі, збілі і пасадзілі ў пакой з празрыстымі дзвярыма. Я зняў гэта на відэа, падышоў да дзяжурнага: “Ты не бычыш, што ў цябе жанчына голая? Што тут адбываецца?”. А ён: “А што я магу зрабіць? Ёсць старшы афіцэр і ён гэтым займаецца”. Вакол былі адны мужчыны і ніхто нават не паспрабаваў умяшацца. Потым гэту жанчыну даставілі ў суд. А суд яе, як ні дзіўна, апраўдаў.
-- Гэта адзінкавы выпадак ці такія рэчы часта адбываюцца?
-- Гэтая карціна адлюстроўвае сітуацыю ва ўсёй сістэме. Ілжывыя пратаколы, ілжэсведчанні ў судах…. Усё стала магчымым пасля таго, як міліцыя паступова перестала выконваць сваю асноўную функцыю і занялася палітычным сыскам, каб абслугоўваць рэжым. А для гэтага ўсе сродкі апраўданыя. Фальсіфікацыі, якія адбываюцца на выбарах, далі глебу для ілжы ва ўсіх сферах.
-- Вы былі сведкам такіх фактаў падчас выбараў?
-- Мяне задзейнічалі на выбарах і ў 2006-м і ў 2010-м гадах. У 2006-м я быў на закрытым участку ў вайсковай часці. У першы дзень датэрміновага галасавання салдаты ішлі калонай па аднаму з ужо запоўненымі бюлетэнямі. Кідалі іх у скрыню, а потым распісваліся ў журнале. У 2010-м я працаваў на ўчастку ў гандлёвым каледжы. Там студэнтаў адміністрацыя па раскладзе прыводзіла галасаваць датэрмінова, каб потым адпусціць на выхадныя. Скрыню з бюлетэнямі на ноч забіралі некуды ў асобны пакой. Але была яшчэ маленькая скрыня, яе вывозілі да інвалідаў. Ніхто з тых, да каго мы прыходзілі, не хацеў галасаваць за Лукашэнку. Людзі казалі: “Не, ужо хопіць!” І ўвогуле, абураліся, казалі, што жыць стала значна горш. Але так здарылася, што на гэтым участку жыве шмат інвалідаў па зроку. Члены камісіі за іх запаўнялі бюлетэні і, не зважаючы на тое, за каго чалавек прасіў прагаласаваць, ставілі “галачку” Аляксандру Лукашэнку.
-- А самі супрацоўнікі міліцыі давяраюць уладам?
-- Супрацоўнікі праваахоўных органаў лепш, чым хто-небудзь, ведаюць рэальную цану заявам. І пра тую ці іншую элегантную перамогу на выбарах, і па гучных справах. Пасля выбуху ў мінскім метро, зразумела, што ўсе абмяркоўвалі гэтую тэму. І я асабіста не ведаю ніводнага супрацоўніка, які б паверыў у віноўнасць расстраляных Кавалёва і Канавалава.
-- Тым не менш вы служыце ў праваахоўных органах і маеце ўзнагароды.
-- Я служыў 15 гадоў. Спачатку ў АМАПе, потым у аддзеле міліцыі Кастрычніцкага раёна Гродна. Я заўсёды імкнуўся быць прыкладам для сваіх саслужыўцаў, заўсёды быў наперадзе. Але за апошнія гады так упаў аўтарытэт сілавых структур, што некаторым сорамна прызнавацца, дзе яны працуюць. Самае непрыемнае, што міліцыю прымусілі займацца неўласцівай ёй функцыяй -- палітычным вышукам. У маім Кастрычніцкім раёне створана база, у якой звесткі пра 79 асоб, якія нелаяльна ставяцца да ўлады. Іх узрост ад 14 да 45 гадоў. Гэта людзі, якіх заўважылі некалі на апазіцыйных акцыях. Перад акцыямі іх трэба наведаць, узяць распіскі, што яны папярэджаны і не будуць хадзіць на тое ці іншае вулічнае мерапрыемства. Натуральна, што не сама міліцыя з’яўляецца ініцыятарам усяго гэтага. Брыдка гэта. Менавіта апошнім часам я стаў задумвацца пра сваю ролю ў гэтай сістэме. Канешне, можна было б ціха даслужыцца да пенсіі і звольніцца. Але гэта азначае зноў удзельнічаць у фальсіфікацыях, у розных гнюсных справах. Не хачу.
...Капітан міліцыі Сяргей Макар ужо двое сутак знаходзіцца за мяжой. Ён патлумачыў, што вымушаны быў з’ехаць з меркаванняў асабістай бяспекі.