Заява БХД: Вызваліць журналіста, пакараць вінаватых
Раніцай 4 ліпеня, менш чым праз суткі пасля параду да афіцыйнага дня незалежнасці, калі па вуліцах Менска пераможным маршам прайшліся расійскія жаўнеры, гарадскі асфальт трушчылі грувасткія танкі, а ў небе луналі струхлелыя самалёты, на Беларусь з неба быў здзейснены "напад" плюшавых мядзведзяў. Пры гэтым самалёт, на якім яны ляцелі, так і не быў нікім заўважны, паведамляе сайт БХД.
Дадзены эпізод выдатна паказаў чаго вартыя заявы беларускіх уладаў пра баяздольнасць беларускай арміі, якія са сродку абароны краіны ператварылася ў сродак запужвання грамадзянаў, пераследу маладзёвых актывістаў і пабудовы дачаў генералам.
Намагаючыся захаваць добрую міну пра дрэннай гульні, улады марна спрабавалі абвяргнуць факт незаконнага перасячэння мяжы. І вось 13 ліпеня, затрымаўшы незалежнага журналіста Антона Сурапіна, які першым апублікаваў фотаздымкі плюшавых мядзведзяў, яны пацвердзілі: беларуская армія няздольная абараніць краіну. Зараз яму пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі за "незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы". Такім чынам, замест таго, каб пакараць вінаватых за нядзеяздольнасць беларускага войска, улады заняліся пераследам тых, кто пра гэта кажа.
У сувязі з гэтым Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя патрабуе вызваліць затрыманага журналіста, а таксама заклікае пакараць вінаватых у тым, што беларуская мяжа не ахоўваецца належным чынам, перадусім міністра абароны Беларусі Жадобіна Юрыя Віктаравіча і старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Рачкоўскага Ігара Анатольевіча.