Аляксандр Лукашэнка: "Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць адкрыта, транспарэнтна, дастойна"
Беларусь не бачыць сябе па-за інтэграцыйнымі працэсамі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 ліпеня на сустрэчы са старшынёй Выканаўчага камітэта — выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым.
"Мы сябе не бачым па-за інтэграцыйнымі працэсамі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Наша эканоміка не можа існаваць у закрытым рэжыме, і нават расійская. Ды і ўвесь свет развіваецца ў гэтым напрамку. Таму мы будзем адпаведным чынам выбудоўваць сваю палітыку".
Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што Беларусь заўсёды адыгрывала і адыгрывае актыўную ролю ў інтэграцыйных працэсах у СНД.
Ён расказаў, што Выканкам СНД накіраваў пісьмы ў дзяржавы — удзельніцы Садружнасці з прапановай у парадку ратацыі перадаць старшынства ў СНД у наступным годзе Беларусі. "Мы цяпер чакаем адказу, але папярэдняе зандзіраванне, папярэдняя рэакцыя дзяржаў станоўчая", — сказаў ён. "Мы разлічваем, што Беларусь з 1 студзеня 2013 года стане старшынёй у СНД", — дадаў Сяргей Лебедзеў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ведае аб існуючых праблемах у Садружнасці Незалежных Дзяржаў, і падкрэсліў: "Нашу пазіцыю вы ведаеце. У гэтым кантэксце мы будзем дзейнічаць у плане старшынства. Мы лічым, што ніхто не павінен адыходзіць ад нагрузак у СНД, ні адна з дзяржаў". "Калі будуць праблемы ў старшынстве, вы заўсёды можаце разлічваць на Беларусь, паколькі тут знаходзіцца штаб-кватэра СНД, інтэграцыйны цэнтр. Мы нясём асноўную адказнасць за гэта", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Другі блок пытанняў, які абмяркоўваўся на сустрэчы, датычыўся маючых адбыцца парламенцкіх выбараў у Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны пройдуць адкрыта і транспарэнтна.
"Мы тут нічога не хаваем, вы гэта ведаеце. Выбары мы хочам правесці адкрыта, транспарэнтна, дастойна. А галоўнае, каб выбары былі легітымныя, а гэта залежыць ад таго, наколькі свабодным будзе волевыяўленне", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Мы правялі шэраг нарад, усе атрымалі ўказанні, органы, якія будуць праводзіць выбары, сфарміраваны, пачалося вылучэнне кандыдатаў", — адзначыў Прэзідэнт. "Мы гэта зробім вельмі дастойна", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы запрасіў місію СНД для назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі. "Мы заўсёды з задавальненнем запрашаем місію СНД і хочам, каб вы яе ўзначалілі, як звычайна, таму што давер да вас вельмі высокі ў Беларусі, прытым усіх інстытутаў улады", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Сяргея Лебедзева.
Старшыня Выканкама СНД расказаў, што фарміраванне місіі СНД пачалося. Як мяркуецца, доўгатэрміновае назіранне за выбарамі будуць ажыццяўляць прыкладна 30 чалавек, а непасрэдна ў дні выбараў у краіне будуць знаходзіцца каля 300 наглядальнікаў ад СНД. Аддзяленні штабоў місіі Садружнасці плануецца адкрыць ва ўсіх абласцях Беларусі.
"Наш папярэдні вопыт назірання паказвае, што, як правіла, мы атрымліваем усямерную падтрымку ад усіх структур улады ў Беларусі, ад Цэнтрвыбаркама, і таму ёсць падставы меркаваць, што наша місія справіцца са сваімі абавязкамі", — сказаў Сяргей Лебедзеў. Ён адзначыў, што місія СНД плануе, як і раней, кантактаваць з наглядальнікамі ад АБСЕ, розных міжнародных заходніх арганізацый. "Такія кантакты вельмі карысныя. І практыка паказала, што ў час такіх кантактаў, абмену думкамі, мы выпрацоўваем больш аб'ектыўныя ацэнкі праходзячых выбарчых працэсаў у краінах Садружнасці", — адзначыў старшыня Выканкама СНД. "Думаю, тое ж самае будзе і ў Беларусі", — дадаў ён.
Сяргей Лебедзеў таксама праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб актуальных тэмах, якія цяпер даводзіцца вырашаць Выканкаму СНД. У прыватнасці, аб падрыхтоўцы да пасяджэння Эканамічнага савета СНД, пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД, якое адбудзецца ў верасні ў Ялце, а таксама сустрэчы лідараў краін СНД, якая пройдзе ў лістападзе ў Ашхабадзе.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.