"Славянскі базар у Віцебску" застаецца верным вялікай місіі мастацтва: несці ў свет прыгажосць і гармонію"
"Славянскі базар у Віцебску" даў магчымасць народам еўразійскай прасторы захаваць гістарычную агульнасць і адзіную культурную прастору. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 ліпеня ў час адкрыцця ХХІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамляе прэс-служба беларускага лідара.
"Несумненна, віцебскі форум стаў адным з тых зярнят, з якіх прарастае еўразійская інтэграцыя. Бо ён даў магчымасць нашым народам захаваць гістарычную агульнасць і адзіную культурную прастору", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Гэтаму форуму самім лёсам было наканавана стаць цэнтрам прыцягнення розных культур. Бо нават у яго назве — "Славянскі базар" — чуецца водгук і еўрапейскай, і ўсходняй цывілізацыі", — лічыць Прэзідэнт.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, невыпадкова і месцам правядзення фестывалю выбраны Віцебск, дзе "на багатай глебе, створанай з перапляцення традыцый і культур, з'явіліся на свет і расцвіталі геніі". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў пачатку мінулага стагоддзя горад на Дзвіне трапна назвалі беларускім Парыжам: "Нягледзячы на знешнюю непадобнасць, гэтыя гарады ўнутрана вельмі блізкія. Іх вуліцы і плошчы напаўняе атмасфера натхнення, якая акрыляе людзей мастацтва і нараджае шэдэўры".
Менавіта Віцебск сфарміраваў непаўторны характар "Славянскага базару", зрабіўшы яго галоўнымі рысамі шчырасць, адкрытасць, інтэлігентнасць і імкненне адстойваць эстэтычныя ідэалы, лічыць Прэзідэнт. "Вось тут Парыж ад Віцебска ў гэтым адстае", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Фестываль не ламае творчых асоб, не заганяе іх у рамкі стандартаў і фарматаў. Ён прызнае права на асобны погляд у мастацтве, цэніць у любым творы перш за ўсё арыгінальнасць задумы, дасканаласць формы і глыбіню зместу. І пры гэтым застаецца верным вялікай місіі мастацтва, якая дайшла да нас яшчэ з эпохі Адраджэння: рабіць высакароднай душу чалавека, сцвярджаць яго годнасць, несці ў свет прыгажосць і гармонію", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўвесь фестываль прасякнуты павагай да творчай унікальнасці кожнага народа і садзейнічае нараджэнню новых мастацкіх ідэй. "У сучасным свеце "Славянскі базар" служыць маяком духоўнасці і дабра, — лічыць Прэзідэнт. — Імкненне да братэрства і ўзаемапавагі, адкрытасць, шчодрасць складаюць сутнасць славянскай душы. Мы заўсёды гатовы дзяліцца лепшым і гасцінна прымаць усіх, хто прыходзіць да нас з адкрытым сэрцам, да нас, рускіх, беларусаў, украінцаў".
Прэзідэнт адзначыў, што ў фестывальныя дні горад на Дзвіне "становіцца сталіцай сусветнага кірмашу мастацтваў, куды з'язджаюцца таленты з усёй Зямлі, уплятаючы ў святочны вянок яркія кветкі сваіх самабытных культур".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, размяняўшы трэці дзясятак гадоў, фестываль не застыў у сваім развіцці, а пастаянна адкрывае новыя грані свету сучаснага мастацтва.
Кіраўнік дзяржавы параўнаў "Славянскі базар" з Алімпіядай. "Па колькасці ўдзельнікаў і разнастайнасці праграмы "Славянскі базар" можа прэтэндаваць на званне летняй культурнай Алімпіяды, — сказаў Прэзідэнт. — Тут дзейнічае галоўны алімпійскі прынцып: мастацтва, як і спорт, па-за палітыкай. На сцэнічных пляцоўках пануе дух сумленнай барацьбы і шчырага захаплення талентам, якой бы нацыі, веры і якога б колеру скуры ні быў яго ўладальнік".
"Алімпіяда вельмі адстае ад нашага "Базару". Яна палітызавана, там вельмі шмат праблем. А "Славянскі базар" — гэта астравок свабодамыснасці, незалежнасці, і ў нашага "Славянскага базару" можна гэтаму павучыцца", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Менавіта таму, на думку Прэзідэнта, "Славянскі базар" стаў адной з самых папулярных у Еўропе стартавых пляцовак для маладых артыстаў. "Нават ёсць прыкмета: хто ўпершыню дабіўся поспеху на віцебскай сцэне, абавязкова стане зоркай. Прыклад Таісы Павалій, Русланы, Алёны Ланской і многіх іншых лаўрэатаў — лепшае таму пацвярджэнне", — сказаў Прэзідэнт.
"У кожнай краіны ёсць свой галоўны культурны сімвал. Для суверэннай Беларусі гэта, без сумнення, "Славянскі базар". І мы ніколі не пакідалі і не пакінем фестываль без увагі і дзяржаўнай падтрымкі, каб гэты маштабны форум заўсёды захоўваў уласцівыя яму шырыню і размах", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што за апошнія 20 гадоў на фестывалі ўзнікла нямала добрых традыцый. Адна з іх — уручэнне спецыяльнай узнагароды "Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення". "Яна стала такой прэстыжнай, што ператварылася ў эстрадны "Оскар", за які разгараецца сапраўдная барацьба", — лічыць Прэзідэнт.
У гэтым годзе Аляксандр Лукашэнка ўручыў гэту галоўную ўзнагароду "Славянскага базару" народнаму артысту Расіі Льву Лешчанку.
Прымаючы ўзнагароду, Леў Лешчанка адзначыў: "Я вельмі люблю Беларусь, беларускі народ. Нягледзячы на тое, што мы сёння жывём у розных дзяржавах, усё роўна знаходзімся ў адной гуманітарнай прасторы: спяваем адны і тыя ж цудоўныя песні, глядзім фільмы, чытаем адны і тыя ж кнігі і ідзём побач па адной дарозе. Я хачу, каб гэта дарога ніколі не сканчалася", — сказаў ён. Мэтр расійскай эстрады таксама падзякаваў Прэзідэнту Беларусі "за захаванне гэтага адзінага такога на постсавецкай прасторы бліскучага віцебскага фестывалю, які аб'ядноўвае брацкія славянскія народы".
"Мы жывём у розных дзяржавах. Але калі паглядзець на мастацтва, мы сталі яшчэ бліжэй, і мы будзем жыць у гэтай адной дзяржаве, аснова якой — культура", — адзначыў Прэзідэнт.
Акрамя таго, прэміямі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва адзначаны народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі і рускі паэт Глеб Гарбоўскі "за творы літаратуры і мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі — удзельніцамі Саюзнай дзяржавы".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў лаўрэатам натхнення і новых поспехаў, а Глебу Гарбоўскаму, які па стане здароўя не змог прыехаць у Віцебск, хутчэй набрацца сіл і пабываць на беларускай зямлі.
Прэзідэнт павіншаваў усіх гасцей і ўдзельнікаў фестывалю з яго адкрыццём. "І няхай гэты "Славянскі базар" стане незабыўнай падзеяй для кожнага з нас. Няхай запаліць новыя зоркі і падорыць усім нам добры настрой", — пажадаў Аляксандр Лукашэнка.