Свята “Александрыя збірае сяброў” удалося на славу
Шматтысячную аўдыторыю сабралі два святы, што па традыцыі краіна адзначае на пачатку ліпеня месяца, – Купалле і дзень нараджэння
народнага паэта Беларусі Янкі Купалы
“Славянскі карагод на Купальскім свяце”
Свята “Александрыя збірае сяброў”, што прайшло ў мінулую суботу ў Шклоўскім раёне, удалося на славу. На фестываль, які становіцца ўжо добрай традыцыяй, сабраліся каля пяцідзесяці тысяч чалавек. На свяце прысутнічаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Усе госці маглі паўдзельнічаць у абрадавай праграме “Купальская казка”. Цікавай была экспазіцыя Горада майстроў, што разгарнулася на беразе Дняпра ў выглядзе аднаго з галоўных купальскіх сімвалаў — сонца, промні якога ўтварылі вуліцы народных умельцаў. Скамарохі, музыкі-вандроўнікі, цыркавыя і тэатральныя артысты стварылі сапраўдную атмасферу казкі і чараўніцтва...
Свята “Купалле”, якое захавалася ў народнай традыцыі і адраджаецца ў выглядзе цікавага культурнага праекта, важна пазіцыяніраваць на міжнародным узроўні, адзначыў міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Дарэчы, ужо сёлета яно набыло міжнародны размах. “У ім удзельнічаюць калектывы і майстры з Беларусі, Расіі, Украіны, — адзначыў міністр культуры. — Фактычна мы будуем мост традыцый, тых, што ідуць з глыбіні вякоў і адраджаюцца сёння. Наш абавязак перад будучымі пакаленнямі — захаваць, развіць і памножыць, перадаць іх сваім дзецям. Фестывальны рух — гэта крыніца развіцця культуры. Штогод у краіне праходзіць каля шасцідзесяці фестываляў. Свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) ужо заняло сваё месца ў фестывальным руху Беларусі, бо звязана з унікальнай традыцыяй, што належыць беларускаму народу і народам краін-суседак”.
Каб прыехаць на свята, расійскі спявак Аляксандр Малінін перарваў свой адпачынак. “У Беларусі заўсёды цёпла і шчыра сустракаюць, — адзначыў ён. — Вельмі прыемна бачыць, што ў вашай краіне шануюць свае традыцыі, мову, культуру”.
Ля Купалавай калыскі
А ў Вязынцы, на радзіме Янкі Купалы, у дзень 130-годдзя песняра, звінела рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі”.
Нягледзячы на спякотныя дні, аматары купалаўскай паэзіі спяшаліся прыехаць у родную вёску Купалы, каб пакланіцца краю, дзе маленькі хлопчык Ясік упершыню пераступіў парог бацькоўскай хаты. У захапленне ад маленькай вёсачкі прыходзіць кожны, хто раз пабывае тут. Вось што напісаў у кнізе водгукаў англійскі публіцыст Уолтэр Мэй, прыехаўшы на малую радзіму Купалы: “Я быў у маленькім пакойчыку, дзе нарадзіўся Шэкспір. Я быў у простай хаце, дзе нарадзіўся Купала. Адно і тое ж пачуццё гонару”.
У самой Вязынцы Луцэвічы жылі нядоўга. Аднак менавіта сюды часцей за ўсё цяпер прыязджаюць людзі. І нядзіўна, бо менавіта тут пачатак яго, Купалавай, дарогі ў людзі. “Ён навучыў і вучыць нас духоўнасці, — гаворыць старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Фаіна Ваданосава. — А гэта — вышэйшая ступень паэта. З жывой паэзіяй Купалы жывыя ўсе мы”.
А побач з Купалавай хатай раскінуўся кірмаш народных майстроў. Сярод мноства казачнай прыгажосці саламяных кветак, райскіх птушак, упрыгожанняў з бісеру, скуры, шкла, дрэва асабліва ўразілі карункавыя сурвэткі, абрусы, накідкі, сукенкі, дываны. Якраз такія, што вязала жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна. “Разыначкі” свята — выставы “Дзеці Дона малююць Беларусь”, а таксама аб’ёмных мадэляў самалёта “Мара”, што вырабілі юныя чытачы верша Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”.
І, канешне, паўсюль гучалі вершы Купалы. Натуральна і нязмушана, нібы самі народжаныя гэтай зямлёй, якая 130 гадоў назад падарыла нам Паэта.