Дзяржаўных узнагарод Беларусі ўдастоены 25 работнікаў розных сфер

Источник материала:  

За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, вялікі асабісты ўклад ва ўдасканаленне прававой сістэмы рэспублікі, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, заслугі ў развіцці сродкаў масавай інфармацыі, навукі, сістэмы адукацыі і культуры дзяржаўных узнагарод Беларусі ўдастоены 25 чалавек. Адпаведны ўказ 24 чэрвеня падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Ордэнам "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўзнагароджаны камандзір 38-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады Узброеных Сіл палкоўнік Віктар Гулевіч.

Галоўны рэдактар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Рэдакцыя газеты "Гомельская правда" Сяргей Бяспалы ўдастоены ордэна Пашаны.

Двое супрацоўнікаў міліцыі ўзнагароджаны медалём "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку".

Медалём "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый" адзначаны пяць чалавек.

Дзесяць работнікаў розных сфер удастоены медаля "За працоўныя заслугі".

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны намеснік начальніка ваенна-аркестравай службы — начальнік ансамбля песні і танца ўнутраных войскаў МУС падпалкоўнік Андрэй Зыль.

Указам таксама прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь" галоўнаму навуковаму супрацоўніку аддзела таракальнай анкапаталогіі з групай анестэзіялогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Уладзіміру Жаркову.

Ганаровага звання "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь" удастоены старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Агракамбінат Сноў" Нясвіжскага раёна Мікалай Радаман.

Намесніку генеральнага пракурора Беларусі Мікалаю Куклісу, першаму намесніку пракурора Мінскай вобласці Мікалаю Пілінкевічу і старшаму пракурору ўпраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за расследаваннем крымінальных спраў галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Валерыю Іванову прысвоена ганаровае званне "Заслужаны работнік органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь".

Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім 12 чалавек удастоены Падзякі Прэзідэнта Беларусі.

За вялікі асабісты ўклад у развіццё вытворчасці вырабаў з металу, укараненне і рэалізацыю інавацыйных і інвестыцыйных праектаў Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства "Рэчыцкі метызны завод" Адаму Вашкову.

За шматгадовую плённую працу па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, значны ўклад у развіццё вышэйшай школы, навукі і інавацыйных тэхналогій Падзякі Прэзідэнта ўдастоены рэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Валерый Башметаў.

Акрамя таго, за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў і значныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена дзесяці работнікам сістэмы Міністэрства па падатках і зборах.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Секретари Совбезов Беларуси и России провели консультации в Москве

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика