Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь адбылася як незалежная дзяржава"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, які размешчаны ў будынку, непасрэдна прылеглым да Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыяй музея і сустрэўся з маладымі грамадазнаўцамі.
Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці створаны як філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Ён прызначаны стаць адным з самых важных цэнтраў па зборы, вывучэнні, захаванні і прэзентацыі матэрыялаў па сучаснай гісторыі Беларусі. Галоўны лейтматыў музейнай экспазіцыі — дасягненні краіны за гады дзяржаўнай незалежнасці, міжнароднае прызнанне нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа і суверэнітэту беларускай дзяржавы.
Аналагаў такіх музеяў ва ўсходнееўрапейскіх краінах не існуе.
"Атрымаўшы ў пачатку 1990-х гадоў шанц, мы выкарысталі яго спаўна. Усяго за два дзесяцігоддзі — нязначнае па мерках гісторыі імгненне, адчуваючы часам неверагодны націск звонку, мы стварылі, па сутнасці, новую еўрапейскую краіну", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Наша маладая дзяржава паказала, што нават невялікая краіна можа прымусіць сябе паважаць і праводзіць незалежны знешнепалітычны курс", — сказаў Прэзідэнт.
"Вы бачыце, якое цяпер стаўленне да нас з боку Захаду, ды і на Усходзе не заўсёды нас разумеюць", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, "прычына не ў тым, што ў нас не той рэжым, не той прэзідэнт або яшчэ штосьці не тое". "Я не хачу праводзіць паралелі, але з некаторымі рэжымамі яны паспяхова супрацоўнічаюць, таму што там нафта, грошы і гэтак далей. Падумаеш, нейкая невялікая краіна ў цэнтры Еўропы вырашыла стаць незалежнай. Ад каго? Ад Расіі, Польшчы або Літвы, у складзе якіх мы заўсёды былі?" — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што незалежная Беларусь адбылася. "І з гэтым трэба згаджацца. Рана ці позна з гэтым давядзецца згадзіцца", — лічыць кіраўнік дзяржавы.
"Наша мэта — стварыць дзяржаву, якой будуць ганарыцца не толькі нашы дзеці, але і мы", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларусы ішлі да незалежнасці вельмі доўгім і цяжкім шляхам. "На працягу стагоддзяў нашы землі пераходзілі з адных дзяржаў у іншыя, а беларусы цярпелі і палітычны, і эканамічны, і культурны прыгнёт. Усё гэта было ў нашай гісторыі", — адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што павагі заслугоўваюць незвычайная жыццеўстойлівасць і воля беларусаў, якія змаглі пранесці праз стагоддзі імкненне да дзяржаўнасці і дабіцца пастаўленай мэты.
"Старэйшае пакаленне не забыла Беларусь узору ліхіх 90-х, калі абвалілася эканоміка, калі відавочны быў параліч улады, беспрацоўе і галеча, і мы балансавалі на краі прорвы. Напэўна, Гасподзь нас выратаваў. Мы пачалі шукаць выхад, у тым ліку і палітычны", — нагадаў кіраўнік дзяржавы.
"Я памятаю тыя часы, калі мы фарміравалі Канстытуцыю і ўводзілі пасаду прэзідэнта краіны — прэзідэнта "ўрэзанага", як хацелася многім групам, асабліва эліце. Усе хацелі слабага прэзідэнта, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Прэзідэнта выбралі, і мне давялося мадэрнізаваць Канстытуцыю, дзе прэзідэнт павінен быць прэзідэнтам, каб выцягнуць краіну з прорвы, у якой яна тады знаходзілася". "На шчасце, мне давялося быць прэзідэнтам таго перыяду, калі мы выцягвалі краіну проста за вушы з той багны, у якую мы трапілі", — дадаў ён.
Прэзідэнт канстатаваў, што ў краіне была створана палітычная сістэма, у ёй не адмовіліся ад планавання і прагназавання, створана выканаўчая вертыкаль улады, сфарміраваны парламент.
"Не хачу гаварыць аб асаблівасцях, некаторыя называюць гэта феноменам развіцця нашай краіны. Давайце не будзем вельмі сябе ўзвялічваць. Будзем гаварыць аб тым, што мы развіваліся сваім асаблівым шляхам. Правільна мы рабілі ці не, а мы лічым, што правільна, і я таксама так лічу, але гэта меркаванне сучаснікаў. А нас ацэняць пакаленні, якія прыйдуць пасля нас. Яны нам дадуць ацэнку: правільна мы дзейнічалі ці не", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Але калі ёсць паляпшэнні, значыць, гэта адзін з тых шляхоў, па якім мы павінны былі прайсці", — дадаў Прэзідэнт.
Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці і Прэзідэнцкая бібліятэка павінны быць максімальна даступны грамадзянам, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыяй музея, а таксама з тым, як арганізавана работа Прэзідэнцкай бібліятэкі, наведаў фондасховішча, фонд рэдкіх выданняў.
Аляксандр Лукашэнка фактычна сам правёў экскурсію па музеі, расказаўшы аб асноўных этапах станаўлення краіны, яе сельскай гаспадаркі, прамысловасці, успомніўшы аб яркіх момантах тых гадоў.