Аляксандр Лукашэнка: "Парламенцкія выбары трэба правесці сумленна, адкрыта, у строгай адпаведнасці з законам"
Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 23 верасня 2012 года, Савет Рэспублікі будзе сфарміраваны да канца верасня. Аб гэтым паведаміў 18 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што парламенцкія выбары — гэта не толькі важнейшая палітычная падзея для краіны, але і адказны экзамен для дзеючай улады, асабліва ўлады мясцовай.
"Хачу адразу папярэдзіць. Ні пад каго звонку мы не павінны падладжвацца і не будзем гэтага рабіць. Выбары праводзяцца для беларускага народа і выключна ў яго інтарэсах. Беларусь — суверэнная дзяржава і не прыме ніякага ўмяшання", — заявіў Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў, што ў краіне "як працавалі, так і будуць працаваць у звычайным рэжыме, без аўралу і надзвычайшчыны".
"Настройвацца трэба на вырашэнне важнейшай задачы — правесці гэтыя выбары ў строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, сумленна, адкрыта, забяспечыўшы волевыяўленне беларускага народа", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пры падрыхтоўцы да парламенцкіх выбараў патрэбны згуртаванасць, арганізаванасць і выключная мабільнасць. Ён асабліва звярнуў увагу на тое, што рэалізацыя арганізацыйных мерапрыемстваў павінна праходзіць у спакойнай і канструктыўнай абстаноўцы, пры ўзаемаразуменні з боку ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу.
Кіраўнік дзяржавы лічыць гэта вельмі важным у цяперашняй выбарчай кампаніі. "Мы навучыліся праводзіць выбары, як свята для беларускага народа. Давайце яшчэ раз зробім гэта свята. Гэты дзень павінен быць святам для людзей", — падкрэсліў Аляксандр ЛукашэнкаА.
На думку Прэзідэнта, неабходна адказна падысці і да фарміравання выбарчых камісій. "Прыняцце рашэнняў аб іх утварэнні трэба ажыццяўляць, як таго патрабуе закон, адкрыта, з удзелам палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Прадстаўнікоў партый, незалежна ад іх палітычных поглядаў, якія дастойна зарэкамендавалі сябе пры правядзенні ранейшых выбарчых кампаній, трэба ўключаць у склад выбаркамаў. Тыя ж, хто раней садзейнічаў дэзарганізацыі выбараў, не павінны атрымаць другога такога шанцу", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў аб тым, што пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты не павінна быць ніякіх надуманых абмежаванняў. "Усіх, хто мае права быць зарэгістраваным, трэба рэгістраваць. Кожнаму грамадзяніну краіны павінны быць прадастаўлены ўсебаковыя магчымасці для рэалізацыі права выбіраць і быць выбраным", — сказаў Прэзідэнт. "Мясцовыя органы ўлады павінны прадаставіць гарантыі вядзення перадвыбарных грамадскіх мерапрыемстваў на ўмовах не горшых, чым гэта было пры правядзенні выбараў Прэзідэнта краіны ў 2010 годзе", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што незаконныя дзеянні, палітычныя правакацыі, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, павінны адразу ж спыняцца, а вінаватыя — несці ўстаноўленую адказнасць. "Павага да закону абавязковая для ўсіх! Без гэтага не можа быць ніякага дэпутата парламента", — падкрэсліў Прэзідэнт.
"Відавочна, што ўвядзенне перадвыбарнай агітацыі не можа ажыццяўляцца па правілах масавых вулічных акцый. Задача праваахоўных органаў — не дапусціць перарастання перадвыбарных сустрэч у такія мерапрыемствы. Правапарадак павінен быць забяспечаны паўсюдна!" — адзначыў Прэзідэнт.
Ён асабліва спыніўся на пытаннях работы на маючых адбыцца выбарах наглядальнікаў.
На думку кіраўніка дзяржавы, самую актыўную ролю тут трэба адвесці наглядальнікам у першую чаргу ад канструктыўных палітычных партый, прафсаюзаў, моладзевых і ветэранскіх арганізацый, працоўных калектываў. "Гэта дасць магчымасць узмацніць грамадзянскі кантроль за ходам парламенцкіх выбараў, зрабіць іх больш празрыстымі", — лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу забяспечыць максімальнае садзейнічанне рабоце міжнародных наглядальнікаў на маючых адбыцца парламенцкіх выбарах у Беларусі і стварыць спрыяльную атмасферу для іх дзейнасці.
"Пры гэтым хачу заўважыць: ніякіх міжнародных наглядальнікаў, як гэта было раней, цягнуць у краіну волакам мы не будзем. У той жа час жадаючым паглядзець, як праходзяць выбары ў Беларусі, мы павінны такое права прадаставіць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што асноўная нагрузка пры падрыхтоўцы выбараў ляжыць на Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Кіраўніку дзяржавы аб ходзе выканання пастаўленых задач, а таксама аб арганізацыйна-прававых аспектах выбарчай кампаніі далажыла старшыня камісіі Лідзія Ярмошына.
Яна адзначыла, на мясцовыя ўлады ўскладзены вялікія функцыі па аказанні садзейнічання рабоце выбарчых камісій. "Менавіта ад гэтай работы, ад узаемадзеяння залежыць атмасфера выбараў, якая і вызначае, як адносяцца да іх выбаршчыкі. Выбаршчыкі адносяцца да выбараў добра, калі лічаць іх справядлівымі, — падкрэсліла кіраўнік ЦВК. — І таму трэба зрабіць максімум для таго, каб выбаршчык быў упэўнены, што ўсе ўдзельнічаюць у выбарах на роўных умовах і нікому не робяцца нейкія асаблівыя прэферэнцыі".
Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу на тое, што да 9 ліпеня адбудзецца першы этап выбарчай кампаніі — утварэнне акруговых выбарчых камісій. Таму важна забяспечыць своечасовае інфармаванне жадаючых прыняць удзел у рабоце выбаркамаў. Гэты працэс павінен праходзіць адкрыта і галосна, як таго патрабуе закон.
Было адзначана, што ў 2010 годзе ў выбарчым заканадаўстве з'явілася новая форма збору подпісаў у выглядзе пікетаў, якая зарэкамендавала сябе як добрая дэмакратычная практыка ў час прэзідэнцкіх выбараў. Лідзія Ярмошына заўважыла, што месцы, дзе забаронена правядзенне такіх пікетаў, павінны канкрэтна ўказвацца, каб не ствараць умоў для магчымасці вольнага тлумачэння заканадаўчых норм.
Кіраўнік ЦВК падкрэсліла важнасць стварэння роўных умоў для кандыдатаў у дэпутаты, максімальна лаяльнага ў рамках закону падыходу пры іх рэгістрацыі, забеспячэння поўнай інфармаванасці выбаршчыкаў, недапушчальнасць стварэння штучных бар'ераў і абмежаванняў.
У ходзе нарады былі прадметна абмеркаваны ўсе асноўныя аспекты арганізацыі і правядзення маючай адбыцца выбарчай кампаніі. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў нарады на задачы строгага выканання норм беларускага заканадаўства.