Аляксандр Лукашэнка прапануе Башкортастану больш актыўна развіваць сумесныя праекты ў сферы прамысловай кааперацыі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Башкортастану больш актыўна развіваць сумесныя праекты ў сферы прамысловай кааперацыі. На гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы акцэнтаваў увагу на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Башкортастан Рустэмам Хамітавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што акрамя тавараабменных аперацый Беларусь і Башкортастан пачынаюць паспяхова ажыццяўляць праекты ў сферы прамысловай кааперацыі. "Важна ўсебакова падтрымліваць гэтыя пачынанні і прапрацоўваць новыя напрамкі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што Башкортастан мае значны эканамічны, вытворчы і навуковы патэнцыял, трывалыя сувязі з Беларуссю. Па аб'ёме ўзаемнага гандлю займае першае месца сярод рэгіёнаў Прыволжскай федэральнай акругі і пятае — сярод рэгіёнаў Расіі. За больш як дзесяць гадоў узаемны тавараабарот узрос больш як у 15 разоў і перасягнуў у 2011 годзе $1,4 млрд.
Двухбаковае супрацоўніцтва мае ўзаемадапаўняльны характар. Беларусь экспартуе бытавую тэхніку, прадукцыю перапрацоўчай прамысловасці, з Башкортастана атрымлівае прадукцыю нафтахіміі, металургіі. "Для забеспячэння патрэбнасцяў адпаведных галін вашай эканомікі Беларусь гатова пашырыць наменклатуру і павялічыць аб'ёмы паставак неабходнай прамысловай прадукцыі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб развіцці прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Башкортастанам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мы павінны быць нацэлены на выпуск сумеснага прадукту, запатрабаванага не толькі ў Башкортастане, але і ў трэціх краінах". На яго думку, гэта асабліва актуальна ва ўмовах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, якія адкрываюць новыя магчымасці для развіцця гэтых напрамкаў.
Прэзідэнт Беларусі назваў важным і перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва ў навукова-практычнай і інавацыйнай сферах. Ён падкрэсліў, што беларускія вучоныя добра ведаюць навуковы патэнцыял Башкортастана і гатовы рэалізоўваць сумесныя распрацоўкі, асабліва ў такіх галінах, як машынабудаванне, энергазберажэнне, медыцына, малекулярная біялогія, інфармацыйныя тэхналогіі. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў перакананасць, што візіт у Беларусь Прэзідэнта Башкортастана дасць штуршок развіццю і гэтых напрамкаў.