Прэзідэнт зацвердзіў справаздачу Нацбанка за 2011 год
Адпаведны ўказ № 234 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 18 мая.
Гадавая справаздача змяшчае інфармацыю аб дзейнасці Нацыянальнага банка і яго фінансавую справаздачнасць.
У 2011 годзе пры нарастанні адмоўнага сальда гандлёвага балансу і перавышэнні на ўнутраным валютным рынку попыту на замежную валюту над яе прапанаваннем стварыўся націск на абменны курс беларускага рубля.
У такіх умовах Нацыянальны банк перайшоў да рэжыму кіруемага плавання курсу нацыянальнай валюты і пачаў праводзіць строгую манетарную палітыку, што абумовіла іншую дынаміку кошту кошыка замежных валют і грашова-крэдытных паказчыкаў, чым прагназавалася на 2011 год.
Для зніжэння інфляцыйнага ціску і стабілізацыі валютнага рынку Нацыянальны банк зрабіў больш жорсткімі працэнтную і эмісійную палітыку пры дапамозе павышэння стаўкі рэфінансавання і ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці. У выніку банкі павысілі стаўкі па крэдытах і новапрыцягнутых рублёвых дэпазітах.
Манетарныя паказчыкі (рублёвая грашовая база, грашовая маса, патрабаванні банкаў да эканомікі) таксама сфарміраваліся на больш высокім адносна прагнозу ўзроўні. З істотным перавышэннем выкананы і запланаваныя параметры па нарошчванні банкамі актываў і нарматыўнага капіталу.
Прынятыя Нацыянальным банкам і ўрадам стабілізацыйныя меры далі магчымасць да пачатку 2012 года скарэкціраваць знешнеэканамічныя дыспрапорцыі, павялічыць золатавалютныя рэзервы, аднавіць стабільную работу валютнага і дэпазітнага рынкаў.
Фінансавая справаздачнасць адлюстроўвае аперацыі, праведзеныя Нацыянальным банкам у 2011 годзе, і ўключае гадавы бухгалтарскі баланс, справаздачы аб прыбытку і стратах, аб змяненні капіталу, аб фарміраванні і выкарыстанні фондаў, аб кіраванні долямі (акцыямі) у статутных фондах іншых арганізацый, аб расходах на ўтрыманне Нацыянальнага банка, аб выкананні каштарыса капітальных укладанняў, аб атрыманым прыбытку і яго размеркаванні.
Дакладнасць гадавога бухгалтарскага балансу Нацыянальнага банка, справаздачы аб прыбытку і стратах за 2011 год, а таксама названых справаздач пацверджана міжнароднай аўдытарскай кампаніяй — замежным таварыствам з абмежаванай адказнасцю "Эрнст энд Янг".
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.