Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Маскву для ўдзелу ў самітах АДКБ і СНД
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Расійскую Федэрацыю, дзе 15 мая прыме ўдзел у самітах АДКБ і СНД, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
У расійскай сталіцы адбудзецца пасяджэнне юбілейнай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, прысвечанай 20-годдзю падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 10-годдзю стварэння АДКБ.
Плануецца, што кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць меры па калектыўным процідзеянні глабальным і рэгіянальным выклікам бяспекі, падвядуць вынікі дзейнасці АДКБ за дзесяцігоддзе і намецяць прыярытэтныя напрамкі развіцця арганізацыі.
Аляксандр Лукашэнка таксама прыме ўдзел у нефармальным пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД, дзе будуць абмеркаваны пытанні далейшага ўзаемадзеяння ў рамках гэтага інтэграцыйнага ўтварэння, а таксама актуальныя міжнародныя тэмы.