Рэфармаваць МУС акуратна, без рэвалюцыйных замашак
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе рэфармаваць Міністэрства ўнутраных спраў, вызваліўшы гэта ведамства ад неўласцівых яму функцый. Такую задачу ён паставіў 11 мая, прымаючы з дакладам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Леаніда Мальцава.
У цэнтры ўвагі падчас даклада знаходзіліся пытанні нацыянальнай бяспекі, у прыватнасці аховы дзяржграніцы, і рэфармавання Міністэрства ўнутраных спраў.
"Зразумела, рэфармаванне, як гэта мы заўсёды рабілі, павінна праходзіць акуратна, без якіх-небудзь рэвалюцыйных замашак, перадзелаў, падзелаў, гэта значыць так, як мы заўсёды гэта рабілі, не крыўдзячы людзей, не настройваючы іх супраць сябе. Там, дзе пытанні трэба падцягваць, будзем падцягваць, дзе трэба рэфармаваць, будзем рэфармаваць", — адзначыў Прэзідэнт.
Гэтай задачай будзе займацца назначаны новы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Леанід Мальцаў далажыў аб рабоце па падрыхтоўцы да рэфармавання МУС. Міністэрства ў выніку рэарганізацыі будзе вызвалена ад функцый і задач, што зжылі сябе.
"Мэта дзеянняў — умацаваць грамадскі парадак, палепшыць абарону насельніцтва, жыцця, здароўя людзей, абарону маёмасці (тым больш што, паводле статыстыкі, значную частку злачынстваў складаюць крадзяжы асабістай маёмасці). І, адпаведна, давядзецца правесці комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы асабовага складу, прычым не толькі ў плане навучання, але і выхавання, каб усё было нацэлена на абарону людзей", — сказаў Леанід Мальцаў.
Закранаючы пытанні пагранічнай бяспекі, дзяржсакратар адзначыў, што асноўная ўвага надаецца забеспячэнню нацыянальных інтарэсаў Беларусі.
"Пры гэтым мы ў тым ліку абараняем інтарэсы той жа Польшчы, Літвы, усяго Еўрасаюза. Мы блакіруем пранікненне да іх наркотыкаў, нелегальных мігрантаў, зброі. Таму тут неабходна і гэтым краінам, і Еўрасаюзу ў цэлым, паглядзець і для абароны сваіх інтарэсаў прыняць адпаведныя меры. Давайце дамаўляцца, што трэба яшчэ зрабіць, а не ўводзіць нейкія там санкцыі і ўскладняць становішча", — адзначыў Леанід Мальцаў. Ён звярнуў увагу на тое, што апошнім часам узнікла неабходнасць вырашэння пытанняў, звязаных з пропускам на беларуска-ўкраінскай граніцы ў сувязі з маючым адбыцца чэмпіянатам Еўропы па футболе. Беларускі бок быў вымушаны ўзмацніць ахову гэтага ўчастка граніцы, перакінуўшы сюды частку пагранічнікаў з беларуска-польскіх застаў.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.