Аляксандр Лукашэнка: "На зямлі павінен працаваць найбольш эфектыўны ўласнік"
Сельгасугоддзі ў Беларусі павінны апрацоўваць тыя, хто можа забяспечыць найбольш эфектыўную вытворчасць. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора ў час рабочай паездкі ў Столінскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, была ўзнята тэма развіцця фермерскіх гаспадарак. У Столінскім раёне гэта пытанне асабліва актуальнае ў сувязі з наяўнасцю высокаўрадлівых глеб, на якіх мясцовыя жыхары вырошчваюць вялікія аб'ёмы агародніннай прадукцыі. Пры гэтым фермеры часта скардзяцца на тое, што ім выдзяляецца мала зямлі. "Праблему трэба вырашаць. Мне ўсё роўна, хто будзе апрацоўваць зямлю. Галоўнае — гэта эфектыўнасць. Зямлёй павінен валодаць той, хто лепш гэта зробіць. І трэба спыніць гэту валтузню", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду разам з уладай на месцах да восені вырашыць зямельнае пытанне, знайшоўшы разумны баланс паміж інтарэсамі людзей і дзяржавы. "Прымайце рашэнні, каб яны былі простыя і зразумелыя", — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду сумесна з губернатарамі да восені вырашыць праблему скупкі і перапрацоўкі агародніннай прадукцыі, вырабленай насельніцтвам і фермерамі ў Столінскім раёне.
Як адзначыў Прэзідэнт, мясцовае насельніцтва, як на асабістых падсобных гаспадарках, так і фермеры, вырошчваюць вялікія аб'ёмы агародніннай прадукцыі, аднак маюць цяжкасці з тым, каб потым яе выгадна рэалізаваць. "Чаму мы не можам скупіць гэту прадукцыю, рэалізаваць або перапрацаваць, паставіць тут перапрацоўчы цэх? — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта ж для дзяржавы ніякіх затрат, людзі самі вырошчваюць".
Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна купіць агароднінную прадукцыю ў насельніцтва па нармальнай цане, і ў першую чаргу паставіць на агульны рэспубліканскі рынак, а таксама наладзіць перапрацоўку і экспарт.
Прымяняльна да аграгарадка Альшаны, які наведаў Прэзідэнт, і Столінскага раёна ў цэлым кіраўнік дзяржавы даў даручэнне арганізаваць пастаўкі вырашчанай тут агародніннай прадукцыі на сталічны рынак. "Праблему трэба вырашаць. Даручэнне ўраду і Мінгарвыканкаму: да восені тут павінен быць лагістычны цэнтр і перапрацоўчае прадпрыемства, каб праблема раз і назаўсёды была знята. Тут вялікая тэрыторыя. Гэта трэба заахвочваць і падтрымліваць", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі патрабуе выканання ў поўным аб'ёме дадзенага раней даручэння па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных ферм. Такую задачу ён паставіў, наведваючы МТФ "Сямігосцічы" ў Столінскім раёне. "Да восені павінны быць завершаны ўсе работы на 1200 фермах", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У краіне фермы рэканструююцца чатырма спосабамі: на адных ставіцца задача адысці ад даення ў вёдры, на другіх — правесці малую мадэрнізацыю абсталявання, на трэціх — рэканструяваць сам будынак фермы, прыбудаваць малочна-даільны блок, а некаторыя, непрыдатныя для выкарыстання, — знесці і на іх месцы пабудаваць новыя.
Меліярацыя з 2013 года стане асноўным напрамкам фiнансавання, заявiў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы мелiярацыйны аб'ект "Семiгосцiчы" Столiнскага раёна. "Мы дамовiлiся: з будучага года будзем прыярытэтна фiнансаваць мелiярацыю — гэта дзяржаўная работа, а не будаўнiцтва ферм — гэтым павiнны займацца гаспадаркi", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.
Прэзiдэнт даручыў дакладна пралiчыць, колькi сродкаў спатрэбiцца на правядзенне мелiярацыйных работ. Пры гэтым ён падкрэслiў, што ўсё павiнна быць максiмальна эканомна. "Трэба абавязкова стварыць групу спецыялiстаў i пралiчыць сабекошт работ па мелiярацыi, каб усё было сумленна", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да старшынi Камiтэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона. "Задача ўраду — поўнасцю прафiнансаваць патрэбнасцi па мелiярацыi зямель. Усё пралiчыць у новых умовах i цэнах i ста-працэнтна прафiнансаваць", — адзначыў Прэзiдэнт.