Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь заўсёды разлічвала на актыўную падтрымку і дапамогу Каталіцкай царквы"
Аб гэтым 10 красавіка заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь Клаўдыа Гуджэроці.
"Ведаючы тое, што вы паедзеце ў Святы Прастол, я хачу праз вас перадаць самыя цёплыя і добрыя словы, віншаванні (са святам Святога Вялікадня) Папу Бенядзікту ХVІ. Я з асаблівай цеплынёй успамінаю нашу сустрэчу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта вельмі актуальна — тое, пра што я гавару, асабліва цяпер, таму што я гляджу за сродкамі масавай інфармацыі як унутры Беларусі, так і за межамі нашай краіны. Сяму-таму хочацца ўбіць клін і ў нашы адносіны з Папам Рымскім. Павінен сказаць, што не атрымаецца. Мы ўзялі курс на супрацоўніцтва з Каталіцкай царквой. Мы вельмі шмат зрабілі разам з вамі ва ўзаемаадносінах дзяржавы і Каталіцкай царквы". "І ўсе тыя планы, якія мы намячалі, размаўляючы з Папам Рымскім, мы практычна рэалізавалі. Застаўся адзін крок. Ідзе падрыхтоўка пагаднення. І мы поўныя рашучасці яго рэалізаваць".
"Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мы заўсёды разлічвалі на актыўную падтрымку і дапамогу Каталіцкай царквы. І я гляджу, як адрэагавалі некаторыя СМІ, асабліва ў Польшчы і іншых дзяржавах, на ўчарашнюю маю просьбу аб тым, што Каталіцкая царква павінна больш актыўна абараняць інтарэсы соцень тысяч католікаў, якія жывуць тут. Некаторыя гэта ўспрынялі як нейкі папрок Прэзідэнта ў адрас Папы Рымскага. Паверце, я нікога не хацеў папракаць і нават не хацеў ні патрабаваць, ні прасіць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я ведаю, што Папа Рымскі, добра разбіраючыся ў палітыцы, ведае, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі, і добра разумее, што тыя тысячы католікаў, якія жывуць тут, маюць патрэбу ў яго штодзённай падтрымцы і абароне. Я хачу, каб вы і Папа Рымскі ведалі, што Прэзідэнт Беларусі і ўся беларуская ўлада будзе прытрымлівацца таго ж курсу, аб якім мы дамовіліся".
"У нас дарога ў храм любому чалавеку адкрыта. Мы сёння прадаставілі магчымасць і праваслаўным, і католікам, і іншым канфесіям будаваць столькі храмаў, колькі трэба людзям, якія жывуць у Беларусі. Мы ў гэтым напрамку будзем вырашаць усе пытанні. Гэта сутнасць нашай палітыкі. І ніякіх тут патрабаванняў абсалютна няма. Але калі Каталіцкая царква будзе на абароне інтарэсаў справядлівасці, мы заўсёды агульную мову з католікамі і Каталіцкай царквой знойдзем. Гэта галоўны наш пастулат. Усё павінна быць справядліва".
"Я лічу, што недалёкі той дзень, калі і Папа Рымскі зможа сустрэцца ў Беларусі са сваімі прыхільнікамі. Мы будзем рады бачыць яго. Мы ў гэтым напрамку павінны працаваць і з нашым патрыярхам. Мы вядзём гэту работу. Думаю, мы тут можам выбудаваць добрыя схемы і правесці добрыя мерапрыемствы, якія паслужаць умацаванню не толькі каталіцтва, але і ўсёй паствы, і праваслаўнай, і каталіцкай і іншых на тэрыторыі Беларусі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. У сваю чаргу Клаўдыа Гуджэроці запэўніў Прэзідэнта, што "Папа Рымскі мае глыбокую любоў і прыхільнасць у адносінах да Беларусі". "Вельмі рады таму, што вы ведаеце аб той штодзённай рабоце, якую мы ажыццяўляем па пашырэнні міру, справядлівасці і кантактаў", — адзначыў ён.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.