Беларусь імкнецца развіваць узаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі, але будзе адэкватна рэагаваць на знешні ціск

Источник материала:  

Аб гэтым учора на нарадзе па пытаннях знешняй палітыкі заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, перадае БЕЛТА.

Адкрываючы нараду, Прэзідэнт адзначыў, што парламенцкія выбары ў Беларусі будуць паказчыкам рэйтынгу цяперашняй улады ў краіне. "Гэты год — год парламенцкіх выбараў, і, зразумела, што ў гэты перыяд мы ні ў якім выпадку не павінны расслабляцца. Мы трымаем экзамен перад нашым народам, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я гавару аб парламенцкіх выбарах за паўгода да іх не таму, што мы баімся гэтага экзамену або не ўмеем праводзіць парламенцкія выбары. Будзем шчырыя, гэта стане асноўным патрабаваннем нашых заходніх партнёраў да нас, асноўным патрабаваннем па правядзенні гэтых выбараў так, як яны гэтага хацелі б. Як яны гавораць, па стандартах АБСЕ".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што парламенцкая выбарчая кампанія з'яўляецца экзаменам, які неабходна дастойна вытрымаць. "Гэта сапраўды будзе паказчык, рэйтынг цяперашняй улады", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі лічыць непатрэбным перагружаць Расію праблемамі Беларусі ў адносінах з Захадам. Аб гэтым беларускі лідар заявіў учора на нарадзе па пытаннях знешняй палітыкі,

Беларусь імкнецца развіваць узаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі, але будзе адэкватна рэагаваць на знешні ціск

"Гаварыць аб тым, што мы будзем ваяваць супраць Захаду, таму што мы пад крылом у Расіі, гэта абсалютнае глупства, прымітывізм. Нам гэта вайна не патрэбна яшчэ і таму, што не хацелася б, каб мы перагружалі Расію ўласнымі праблемамі. У Расіі сёння сваіх праблем дастаткова. Таму нам не трэба перагружаць нашых блізкіх партнёраў праблемамі ў адносінах з Заходняй Еўропай", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі з брацкай Расіяй склаліся вельмі добрыя адносіны, якія будуць паглыбляцца. Ён паведаміў, што нядаўна размаўляў з выбраным прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, у ходзе размовы бакі абмеркавалі многія пытанні ў сферы эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ўступленне Расіі ў СГА. "Мы адназначна заявілі аб тым, што нашы адносіны і адносіны з Казахстанам, з Украінай у плане зоны свабоднага гандлю ў рамках СНД будуць пашырацца, і мы будзем умацоўваць наш саюз", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка можа ў бліжэйшы час прыняць рашэнне аб памілаванні некаторых асуджаных, якіх на Захадзе лічаць палітзняволенымі. "Вельмі шмат апошнім часам гавораць аб нейкіх палітзняволеных. У нас у Крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што сёння ўжо нават у апазіцыйных СМІ адкрыта заяўляюць аб тым, што на Лукашэнку націскаць бесперспектыўна. "Гэта правільна. Але далей гавораць няправільна, што калі на яго націскаць, то ён зробіць наадварот. Поўнае глупства. Я ніколі не зыходзіў з нейкіх асабістых амбіцый. Я зраблю так, як патрабуюць Канстытуцыя і законы. Ніякіх "наадварот" быць не можа, — адзначыў беларускі лідар. — А тое, што трэба паводзіць сябе больш прыстойна, калі нешта просіш або нават патрабуеш, гэта правільна, тым больш калі ты патрабуеш або просіш нечага ад Прэзідэнта. Не трэба тут з палкамі хадзіць і стукаць у акно".

Што датычыцца так званых палітзняволеных, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што іх родныя пачынаюць яго папракаць у тым, што ён абяцаў іх памілаваць, але пакуль гэтага не зрабіў. "Прычына адна. Як толькі я сказаў аб гэтым (а гэта было сказана некалькі месяцаў таму), усе залямантавалі. Але я папярэдзіў, што пытанне памілавання так званых палітзняволеных — гэта, перш за ўсё, іх зварот з просьбай аб памілаванні. Я адразу публічна аб гэтым сказаў. Не хочаш звяртацца — ніхто і разглядаць не будзе. Сядзі", — сказаў Прэзідэнт.

"У дачыненні да тых, хто папрасіў аб памілаванні, у бліжэйшы час я разгледжу гэтыя пытанні. Мяне ніхто не папракне, што я свае абавязацельствы або абяцанні не выконваў. Мы прымем рашэнне па некаторых асобах, якія ў рэшце рэшт усвядомілі згубнасць сваёй пазіцыі і палітыкі ў адносінах да ўласнай дзяржавы", — заявіў беларускі лідар.

У Еўрасаюзе пачынаюць усведамляць заганнасць прымянення санкцый у адносінах да Беларусі, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь хоча нармальна супрацоўнічаць з Еўрасаюзам. "Як толькі пачалі нашых бізнэсменаў прыціскаць, адразу ж пайшла рэакцыя і некаторых заходніх дзяржаў аб тым, што гэта няправільна. Гэта значыць, ужо ў ЕС усведамляюць заганнасць гэтай лініі на санкцыі. Ну а навошта нам з імі ваяваць? Суседзі — ад Бога. Нам з імі трэба выбудоўваць адносіны. Мы будзем шчаслівымі, калі ў нас будуць такія ж адносіны з Захадам, як з Усходам".

Беларусь не выганяла паслоў Еўрасаюза, але будзе разглядаць пытанне наконт іх вяртання ў персанальным парадку, заявіў Прэзідэнт Беларусі. "Шмат гавораць аб вяртанні паслоў, і ўсе тут пачынаюць, кожны на свой манер, а больш за ўсё хлусіць: вось, Лукашэнка хоча — не хоча, пусціць — не пусціць. Скажу шчыра, я ніколі пад такім пунктам гледжання гэту праблему не разглядаў. Мы паслоў еўрапейскіх дзяржаў адсюль не выганялі. Гэта была іх воля. Яны паехалі, зрабіўшы дыпламатычны, палітычны крок. Яны зрабілі пэўны дэмарш, які на той час наносіў урон нашаму знешнепалітычнаму ведамству, як мінімум, і нашай дзяржаве, як максімум, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Паехалі і паехалі — мы спакойна на гэта адрэагавалі, і я прасіў службовых асоб, каб не было тут шуміхі. Захацелі — паехалі".

"А вось вярнуцца назад — гэта мы паглядзім ужо, якім чынам яны будуць вяртацца ў Беларусь. Але і гаварыць аб тым, што мы іх не пусцім, таксама нам не трэба", — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Гэта не мае нічога агульнага з тым, што мы хочам перашкаджаць вяртанню паслоў. Мы будзем па-дзелавому выбудоўваць палітыку ў плане вяртання еўрапейскіх паслоў у Беларусь", — дадаў беларускі лідар.

Націск і шантаж з боку Захаду з'яўляюцца прычынай крызісных з'яў у адносінах з Беларуссю. "Трэба адкрыта прызнаць, што крызісныя з'явы ў адносінах з заходнімі дзяржавамі, нават менш з ЗША, а менавіта з Еўрасаюзам, гэтыя крызісныя тэндэнцыі працягваюць на сённяшні дзень заставацца. І прычына тут не ў Беларусі. Прычына ў тым націску і шантажы, які мы назіраем з боку заходнееўрапейскіх дзяржаў", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму паступае шмат прапаноў, у тым ліку ад бізнэсменаў і прадпрыемстваў, па рэагаванні на гэту палітыку Еўрасаюза. "Я ўсё гэта чытаю, аналізую, але хачу сказаць галоўнае: у нас рэакцыя на палітыку ЕС павінна быць дастойнай, прыгожай, — лічыць Прэзідэнт. — Так, мы не павінны падстаўляць адну і другую шчокі, не павінны, як страусы, хаваць галаву ў пясок і тым больш спакойна глядзець на тыя санкцыі, якія яны накладаюць не толькі на нашых людзей, але і на прадпрыемствы".

"Але ястрабіных замашак з нашага боку быць не павінна. Наша рэакцыя павінна быць адэкватнай. Яна не павінна быць празмернай, наносіць шкоду нашым адносінам з нармальнымі еўрапейцамі. Бо там розныя ёсць людзі, і службовыя асобы, і чыноўнікі, і цэлыя краіны", — сказаў Прэзідэнт.

"Мы разумеем, што некаторыя дзяржавы, дапусцім, Літва і Латвія, не хочуць, каб мы згарнулі з імі адносіны і пайшлі з іх рынкаў, каб мы не пастаўлялі ў іх парты прадукцыю. Мы разумеем, што на іх ажыццяўляецца жудасны націск. Мы гэта вельмі добра разумеем, і тым не менш, нам трэба працаваць актыўна, без нейкіх ваяўнічых замашак", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт чарговы раз падкрэсліў, што асновай усёй знешняй палітыкі ў першую чаргу павінна быць развіццё гандлю з рознымі краінамі і рэгіёнамі. "Гэта наша эканоміка, гэта наша жыццё. Як будзем гандляваць, так будзем і жыць", — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, паводле інфармацыі Нацбанка, у гэтым годзе валютная выручка вырасла прыкладна на 30 працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. "Гэта вельмі добры паказчык, які характарызуе нашу знешнюю палітыку", — заўважыў Прэзідэнт.

"Калі гаварыць шчыра, мы можам здаволіцца вынікамі сваёй знешняй палітыкі ва ўсходнім напрамку — Расія, Казахстан, КНР... Тут у нас даволі пазітыўныя тэндэнцыі і па супрацоўніцтве, і па крэдытаванні нашай краіны з Усходу, па рэалізацыі нашай прадукцыі".

Кіраўнік дзяржавы назваў вельмі паказальным той факт, што ў больш кароткія тэрміны, чым меркавалася, Беларусь, Казахстан і Расія ўтварылі АЭП. "На Усходзе ў нас больш-менш нармальныя вынікі нашай знешнепалітычнай дзейнасці. Безумоўна, расслабляцца ні ў якім выпадку нельга, а трэба нарошчваць нашы магчымасці", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

←"Белая Русь" предлагает закрывать партии за призывы к санкциям

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика