Аляксандр Лукашэнка патрабуе вырашэння ўсіх праблемных пытанняў сталіцы і Мінскай вобласці

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе вырашэння ўсіх праблемных пытанняў сталіцы і Мінскай вобласці. Аб гэтым ён заявіў 26 сакавіка, прымаючы з дакладамі старшынь мінскіх аблвыканкама і гарвыканкама Барыса Батуру і Мікалая Ладуцьку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Асноўнай мэтай сустрэчы кіраўнік дзяржавы абазначыў абмеркаванне праблемных пытанняў, якія стаяць перад рэгіёнамі краіны. Ён нагадаў, што з такімі дакладамі прыняў ужо старшынь Віцебскага і Гомельскага аблвыканкамаў, і гэта практыка будзе прадоўжана.

Што датычыцца Мінска і Мінскай вобласці, то гэтыя рэгіёны маюць асаблівы статус. Іх удзельная вага ў эканоміцы, і ў цэлым у жыцці краіны каласальная. "Але асаблівае становішча прадугледжвае, зразумела, і асаблівую адказнасць. Ад гэтых двух рэгіёнаў значна залежыць развіццё Беларусі", — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем адзначыў, што "Мінскай вобласці пакуль хваліцца няма чым". "Прынамсі, па вытворчасці прамысловай прадукцыі ў гэтым годзе ў вас пятае месца, чацвёртае месца па вёсцы. Засмучае і тое, што Міншчына ў ліку лідараў па аб'ёмах запасаў гатовай прадукцыі на складах. Калі гаварыць аб фінансавым стане арганізацый, то ў вобласці амаль у тры разы ўзраслі сумы чыстай страты. А гэта пратэрмінаваныя даўгі прадпрыемстваў перад бюджэтам і банкамі. Пералік праблемных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці можна прадаўжаць", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, не ўсё ў парадку і ў сталіцы. У прамысловасці горада нават па мінулым годзе адзначаецца рост складскіх запасаў, павелічэнне колькасці стратных прадпрыемстваў.

"У сталічнай дарожнай гаспадарцы — як ужо трапна заўважылі журналісты — асфальт растаў месцамі хутчэй, чым снег. Але самыя галоўныя гарадскія праблемы — гэта нізкая інвестыцыйная актыўнасць і нездавальняючая работа з замежнымі інвестарамі. Нават пасля нашай прынцыповай размовы ёсць факты, калі цяганіна, валакіта, бюракратызм існуюць у рабоце Мінскага гарвыканкама", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на той факт, што сёння ў сталіцы ў разліку на аднаго занятага ў эканоміцы найменшы ўзровень капіталаўкладанняў і самая нізкая доля замежных крыніц у агульным аб'ёме інвестыцый пасля Брэсцкай вобласці. "Я лічу, што тут трэба сур'ёзна штосьці мяняць", — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб падрыхтоўцы да чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2014 годзе будзе прымаць Мінск. "Нам неабходна да гэтага спартыўнага мерапрыемства падрыхтавацца як належыць", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы не абмінуў і пытанне стварэння Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. На думку Прэзідэнта, вельмі шмат вакол гэтага размоў і спекуляцый.

"Хаваць тут штосьці ад простых людзей, крыўдзіць іх і тым больш ушчамляць ні ў якім выпадку нельга. У нас хапае месца для таго, каб развіваць гэты індустрыяльны парк. Я ведаю, што вам хацелася б мець такое магутнае аб'яднанне на Міншчыне, але так трэба і нармальна тлумачыць людзям сітуацыю, якая складваецца. А калі ёсць нейкія пытанні, іх трэба ўстараняць. Яшчэ раз падкрэсліваю: у нас для гэтага ёсць усё неабходнае", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да губернатара Мінскай вобласці Барыса Батуры.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанне падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў.

"Вас таксама датычыцца, як і прадстаўнікоў папярэдніх абласцей, тое, што ў нас прыкладна паўгода засталося да парламенцкіх выбараў. І нам трэба прымаць сур'ёзныя рашэнні для таго, каб падысці да гэтых парламенцкіх выбараў на адпаведным узроўні, каб не было сорамна перад людзьмі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

←В Бресте создан областной совет кампании «За справедливые выборы»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика