"Спорт — самы лепшы і танны сродак для захавання здароўя"

Источник материала:  

Такое меркаванне 4 сакавіка на зімовым спартыўным свяце "Мінская лыжня-2012", што прайшло ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы", выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Каманда Прэзідэнта Беларусі, якая ўдзельнічала ў спаборніцтвах па-за конкурсам, фінішавала першай у лыжнай эстафетнай гонцы 4х2,5 км, у якой змагаліся за перамогу каманды абласцей і горада Мінска (група "А"). Аляксандр Лукашэнка, паказаўшы выдатную спартыўную форму, бег за сваю каманду на заключным чацвёртым этапе эстафеты, прыйшоўшы на фініш значна раней бліжэйшых праследавацеляў.

У конкурсным заліку першае месца заняла каманда Брэсцкага аблвыканкама, на другім месцы — каманда Магілёўскай вобласці, трэцяе месца ў каманды Мінскага аблвыканкама. На заключным этапе за свае каманды выступалі губернатары Канстанцін Сумар, Пётр Руднік і Барыс Батура.

Узнагароды пераможцам гонак уручыў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

Для гледачоў і ўдзельнікаў свята была арганізавана шырокая спартыўна-забаўляльная праграма. Арганізатары падрыхтавалі мноства конкурсаў і спаборніцтваў, у тым ліку на сілу, спрыт і кемлівасць.

Гутарачы з прадстаўнікамі беларускіх і замежных СМІ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго самыя добрыя ўражанні ад мерапрыемства. Пры гэтым ён падкрэсліў, што "Мінская лыжня" фактычна стала агульнарэспубліканскай, таму што ў ёй прымалі ўдзел каманды з рэгіёнаў Беларусі. "Малайцы Барыс Батура, Канстанцін Сумар, якія беглі ў лідарах. Гэта сведчыць аб тым, што ўзрост спорту не перашкода", — заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама асабліва адзначыў, што падобныя масавыя спартыўныя спаборніцтвы праводзяцца не для піяру, а каб прыцягнуць да спорту, а значыць, і да здаровага ладу жыцця як мага больш людзей. "Мы заўсёды кажам, што самае дарагое — гэта здароўе. Але таму, што здароўе даецца чалавеку бясплатна, не кожны дбае пра яго. А дарэмна, таму што нават бясплатныя лякарствы ніколі не дапамогуць чалавеку выздаравець. А вось на лыжах ад хвароб ўцячы можна. Спорт — самы танны сродак, каб захаваць здароўе".

Адказваючы на пытанне аб медальных перспектывах беларускіх спартсменаў на маючай адбыцца летняй Алімпіядзе ў Лондане, Прэзідэнт сказаў: "Я быў бы дрэнным Прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, калі б не спадзяваўся на поспех нашых спартсменаў".

Паводле яго слоў, Беларусь на душу насельніцтва ў ходзе розных міжнародных спартыўных спаборніцтваў заваёўвае больш узнагарод, чым якая-небудзь іншая краіна. "Хацелася б, каб у нас усе былі далучаны да спорту і каб на спартыўных спаборніцтвах быў большы вынік. Хіба добра, калі ў першым раўндзе плей-оф мінскае "Дынама", якое фінансуецца так, што дай бог кожнаму віду спорту, прайгравала, можна сказаць, ганебна, без усялякай барацьбы. Гэта нядобра. Таму ёсць над чым задумацца адпаведным начальнікам ад спорту". "Мы разлічваем, што на летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане намечаны намі рубеж — 25 медалёў — мы можам дасягнуць, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта будзе вялікая нечаканасць, калі мы не возьмем свае медалі на гэтых спаборніцтвах".

Па просьбе журналістаў кіраўнік дзяржавы пракаментаваў інфармацыю аб магчымым пераглядзе месца правядзення чэмпіянату свету 2014 года па хакеі з шайбай, які плануецца правесці ў Мінску. "Тыя, хто сёння прапануе не праводзіць чэмпіянат свету ў Беларусі (ёсць асобныя дзялкі), да спорту ніякага дачынення не маюць. Тыя палітыкі, якія, можа быць, нават не палітыкі, а людзі каля палітыкі, напэўна, і клюшкі з шайбай не бачылі, а можа, і блытаюць іх, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму я на гэта рэагую спакойна. Але тым не менш тэст для Міжнароднай федэрацыі хакея — у наяўнасці. Паглядзім, як спорт і палітыка не звязаны адзін з адным".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў той ажыятаж, які, паводле яго слоў, узняла "пятая калона", гаворачы аб іміджавых стратах для Прэзідэнта і краіны ў цэлым у выпадку пазбаўлення Беларусі права правядзення чэмпіянату. "Як вы думаеце, калі чэмпіянат свету ў Беларусі не адбудзецца, мы што, заўтра спруцянеем? Ды не, мы будзем жыць. Тое, што мы пабудавалі (гасцініцы, спартыўныя пляцоўкі) і да чэмпіянату свету і без яго, — гэта ўсё застанецца нашаму народу. І чэмпіянат свету быў намечаны тут таму, што мы шмат пабудавалі для развіцця лядовых відаў спорту".

"Таму, я думаю, перажываць нам рана за тое, што ў нас адбудзецца ці не адбудзецца чэмпіянат свету. Рашэнне прынята. Чэмпіянат свету павінен быць тут. Калі гэта рашэнне будзе адменена, паверце, лішні раз асобныя людзі пакажуць, чаго яны каштуюць, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Я менш за ўсё напружваюся наконт таго, што пайшлі нейкія размовы аб пераносе чэмпіянату свету. Гэта непрыемны факт з боку асобных чыноўнікаў нашай планеты, перш за ўсё, амерыканцаў і асобных еўрапейцаў". "Беларусы заслужылі правядзенне ў сябе чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. І мы да яго будзем рыхтавацца вельмі сур'ёзна".

Прэзідэнт выказаўся і наконт нядаўняга абвастрэння ў адносінах з Еўрасаюзам пасля чарговага пашырэння візавых санкцый у дачыненні да беларускіх грамадзян і адклікання паслоў краін ЕС для правядзення кансультацый.

"Гэта абсалютная істэрыка, і, як вы бачыце, у авангардзе два тыпы палітыкаў ці ўвогуле два тыпы ад палітыкі. Адзін міністр жыве ў Варшаве, другі — у Берліне", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Ну, калі аднаму нашаму суседу не сядзіцца — зразумела. Я ж кажу, карты ўжо прамаляваны да Мінска — тэрыторыя Польшчы там ужо. Зразумела, трэба неяк гэтыя малюнкі падтрымліваць, падмацоўваць, апраўдваць. Таму і ідуць такія заявы. Я толькі не ведаю, якое дачыненне гэтыя палітыкі маюць да польскага народа або польскі народ да гэтых палітыкаў. Гэта наогул чужыя людзі для Польшчы. Ясна, чыю палітыку яны сёння праводзяць. Гэтыя людзі — не палякі. Яны чужыя польскаму народу", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Што датычыцца другога, не то ружовага, не то блакітнага, які там пра дыктатуру крычаў... Пачуўшы гэта, я падумаў: лепш быць дыктатарам, чым блакітным. Але бог з ім. Пытанне ў іншым, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы ўсе памятаем сярэдзіну мінулага стагоддзя і што свет атрымаў ад іх дыктатуры. Наш народ яшчэ не апамятаўся да гэтага часу. Таму не ім нас папракаць наконт нейкай дыктатуры. Я на гэту тэму ўвогуле разважаць не хачу".

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падзяліўся некаторымі сваімі назіраннямі: "Мяне ў свой час (каля 15 гадоў таму) здзівіла, наколькі кіраўнікі Германіі далікатна ставяцца да людзей, якія пацярпелі ў гады Другой сусветнай вайны. Усе кланяюцца, на калені становяцца, кветкі загінулым нясуць. Наша краіна страціла трэць свайго насельніцтва. Дык вы з намі яшчэ за гэта не разлічыліся. Што вы нас нахіляеце пастаянна?"

"І я сёння зразумеў, што ўсё гэта было гульнёй з боку палітыкаў Германіі. Калі б гэта была не гульня, яны шанавалі б нас за тое, што мы не толькі свет выратавалі ад карычневай чумы, але і насельніцтва Германіі. Гэта мяне найбольш турбуе: як жа так хутка можна было забыць усё гэта?" — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца санкцый, Прэзідэнт адзначыў: "Усе гавораць аб тым, што суд павінен быць незалежным. Яны пачалі націск на суддзяў, і гэта не выпадкова. Гэта сігнал суддзям: глядзіце, будзеце не так судзіць, як хочуць у Бруселі ці Вашынгтоне, значыць, мы вам візу не дадзім, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але суддзя залежыць толькі ад аднаго — артыкула закона. Ён не мае права інакш. За што ж судзіць суддзю?.."

"Або трапілі там (у чорны спіс ЕС) два міліцыянеры. Гэта таксама сігнал: глядзіце, будзеце змагацца за стабільнасць Беларусі, будзеце гэтую "пятую калону" ў прытомнасць прыводзіць, мы вам таксама візу не дадзім. Гэта ўсё сігналы ў адным напрамку. Ім карціць парушыць нашу стабільнасць і знішчыць нашу дзяржаву, зрабіць яе падручным ва ўсіх адносінах", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы ім гэта дазволіць не можам. Таму мы будзем (я іх папярэдзіў загадзя) вельмі жорстка рэагаваць на іх так званыя санкцыйныя меры. Што мы, дарэчы, і робім. Так бы зрабіла любая іншая дзяржава. Мы нікому жыць не перашкаджаем і перашкаджаць не будзем, але прымусім сябе паважаць".

Яшчэ адно пытанне ад прадстаўнікоў СМІ датычылася беларуска-расійскіх адносін і таго ўплыву, якое на іх могуць аказаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. "Хто б ні перамог у Расіі на прэзідэнцкіх выбарах, нашы адносіны будуць дынамічна развівацца. І як бы камусьці ні хацелася, каб гэтыя адносіны пагоршыліся, яны не пагоршацца пры любым зыходзе прэзідэнцкіх выбараў. Мы з любым чалавекам знойдзем добрыя адносіны. Я ў гэтым перакананы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Расія для Беларусі — краіна не чужая: "Гэта наша Расія, я заўсёды гэта падкрэсліваю. Мы жылі разам з Расіяй у адной дзяржаве, былі цэментуючым звяном гэтай дзяржавы. І наогул рускія ад беларусаў нічым не адрозніваюцца. Гэтым усё сказана. Гэта ляжыць у аснове нашых адносін".

Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што выбары ўжо можна сказаць прайшлі, а таму важна, што будзе пасля іх. "Хачу вельмі спадзявацца, што расіяне, як мне здаецца, разабраліся ў сітуацыі і будуць думаць аб тым, каб будаваць спакойную, стабільную, магутную, моцную Расію. Таму што Расія не толькі для расіян. Яна вельмі важная як адна з апор усёй нашай планеты. Таму трэба адказна ставіцца да таго, якая будзе Расія", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.

←Вестервелле: Я не отступлю от борьбы за человеческие и гражданские права в Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика