Новы парадак конкурсу на лепшага прадпрымальнiка ўстанаўлiваецца ў Беларусi з 2012 года
Новы парадак конкурсу на лепшага прадпрымальнiка ўстанаўлiваецца ў Беларусi з 2012 года. Адпаведны ўказ нумар 123, якiм унесены змяненнi i дапаўненнi ў некаторыя ўказы Прэзiдэнта Беларусi, Аляксандр Лукашэнка падпiсаў 2 сакавiка, паведамiлi БЕЛТА ў прэс-службе кiраўнiка дзяржавы.
Дакумент накiраваны на ўдасканаленне i спрашчэнне парадку правядзення рэспублiканскага конкурсу "Лепшы прадпрымальнiк года".
У прыватнасцi, указам прадугледжваецца ўнiфiкаваць парадак правядзення конкурсу на рэспублiканскiм i рэгiянальным узроўнях.
У пералiк намiнацый, па якiх вызначаюцца пераможцы i лаўрэаты конкурсу, дадаткова ўключаны намiнацыi "Лепшы прадпрымальнiк у сферы iнавацыйнай дзейнасцi" i "Лепшы прадпрымальнiк у сферы iнфармацыйных тэхналогiй".
Акрамя таго, спрашчаецца парадак прадстаўлення заявак на ўдзел у конкурсе (устаноўлены прынцып аднаго акна).
Новы парадак пачне дзейнiчаць пры правядзеннi конкурсу "Лепшы прадпрымальнiк 2012 года".