У Беларусі з 1 верасня спрашчаюцца працэдуры адабрання пустуючага і старога жылля ў вёсцы
Адпаведны ўказ № 100 "Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці" Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 лютага.
Гэты дакумент уяўляе сабой новую рэдакцыю ўказа ад 3 лютага 2006 года № 70 "Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці".
Яго выданне абумоўлена складанасцямі, выяўленымі пры прымяненні на практыцы норм указа № 70, і неабходнасцю спрашчэння працэдур адабрання безгаспадарча ўтрымліваемых (пустуючых і старых) жылых дамоў у сельскай мясцовасці, а таксама актывізацыі жыллёвага будаўніцтва ў сельскіх населеных пунктах.
Указам захаваны існуючыя падыходы да спынення правоў уласнасці на пустуючыя і старыя жылыя дамы выключна ў судовым парадку. Пры гэтым удакладняюцца прававыя падставы і парадак аднясення жылых дамоў да ліку пустуючых або старых, ліквідуюцца асобныя працэдуры, якія не маюць істотнага значэння і не ўплываюць на прыняцце рашэнняў аб накіраванні такіх дамоў ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, іх зносе або аднаўленні для выкарыстання па прызначэнні.
Згодна з указам да ліку пустуючых могуць быць аднесены жылыя дамы, размешчаныя ў сельскай мясцовасці, у адносінах да якіх на 1 студзеня кожнага года ёсць дакладныя звесткі аб тым, што на працягу апошніх трох гадоў запар асобы, якія маюць права карыстання імі, пражываюць у іх у сукупнасці менш як адзін месяц у год і ў адносінах да якіх не прадстаўлены пісьмовыя паведамленні аб намеры выкарыстоўваць іх для пражывання.
Пад старымі дамамі маюцца на ўвазе размешчаныя ў сельскай мясцовасці дамы, прызнаныя не адпавядаючымі санітарным і тэхнічным патрабаванням або непрыгоднымі для пражывання, у адносінах да якіх на 1 студзеня кожнага каляндарнага года ёсць дакладныя звесткі аб тым, што гэтыя дамы ўтрымліваюцца безгаспадарча, асобы, якія маюць права карыстання імі, на працягу апошняга года не пражываюць у іх і не прымаюць мер для аднаўлення гэтых дамоў для выкарыстання па прызначэнні.
Пры гэтым указам на мясцовыя выканкамы ўскладаюцца абавязкі па вышуку ўласніка пустуючага дома, асоба і (або) месца жыхарства якога невядомыя (у тым ліку з прыцягненнем органаў унутраных спраў), і па апавяшчэнні яго аб магчымым маючым адбыцца прызнанні такога жылога дома безгаспадарным і выніках такога прызнання. Пры паведамленні ўласніка выканкаму аб намеры выкарыстоўваць пустуючы дом для пражывання такі дом не ўключаецца ў рэгістр пустуючых дамоў і мерапрыемствы па прызнанні яго безгаспадарным не праводзяцца.
У цэлым рэалізацыя норм указа павінна садзейнічаць актывізацыі работы мясцовых выканкамаў па выяўленні безгаспадарча ўтрымліваемых (пустуючых і старых) жылых дамоў у сельскай мясцовасці, скарачэнні іх колькасці і добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў.
Указ уступае ў сілу з 1 верасня 2012 года.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.