Замахі на суверэнітэт Беларусі бесперспектыўныя
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць бесперспектыўным любыя замахі на суверэнітэт Беларусі. Аб гэтым ён заявіў 23 лютага, выступаючы на прыёме кіруючага складу Узброеных Сіл і праваахоўных органаў. Гэта традыцыйнае мерапрыемства, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі, прайшло з удзелам вышэйшых службовых асоб краіны, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэта свята ў беларускага народа з'яўляецца адным з самых шануемых. Бо пераважная большасць мужчынскага насельніцтва Беларусі прайшла школу арміі, ведае ўзбраенне і тактыку не па камп'ютарных гульнях і баевіках. Многія былі ўдзельнікамі войнаў і лакальных канфліктаў. "І заўсёды наш салдат быў воінам-абаронцам, воінам-вызваліцелем, паказваючы прыклад доблесці, стойкасці і адвагі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што беларускія войскі ўдзельнічаюць, на шчасце, толькі ў вучэбных войнах, аднак гэта зусім не значыць, што армія з'яўляецца, як кажуць, паркетнай. Наадварот, менавіта прафесіяналізм беларускіх ваенных — галоўны фактар стратэгічнага стрымлівання замежнай агрэсіі.
Вынікі праведзеных у 2011 годзе ваенных мерапрыемстваў, сярод якіх сумеснае вучэнне Узброеных Сіл Беларусі і Расіі "Шчыт Саюза", праверка гатоўнасці сіл неадкладнага рэагавання і тэрытарыяльнай абароны, дэманструюць здольнасць і гатоўнасць беларускай арміі і іншых сілавых структур эфектыўна выконваць пастаўленыя перад імі задачы.
Тым самым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пацверджана правільнасць выбранага шляху забеспячэння бяспекі. "Высокі ўзровень патрыятызму беларускіх грамадзян — гэта аснова абараназдольнасці нашай Айчыны", — лічыць Прэзідэнт.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі ўсклаў вянок да манумента Перамогі.
Аднак сучасны свет пастаянна падносіць новыя выклікі і пагрозы. На думку Прэзідэнта, інфармацыйна-псіхалагічныя формы экспансіі ў спалучэнні з ваенным складальнікам па-ранейшаму дамінуюць у арсенале сродкаў вырашэння міждзяржаўных супярэчнасцяў. Усё новыя краіны становяцца аб'ектамі адкрытай агрэсіі.Пры дапамозе розных палітычных і інфармацыйных тэхналогій праведзена гвалтоўная змена дзяржаўнай улады ў шэрагу краін Паўночнай Афрыкі. Адкрытае ваеннае ўмяшанне НАТА ва ўнутраныя справы суверэннай Лівіі прывяло да знішчэння дзяржавы, якая некалі дынамічна развівалася. Гэты ж сцэнарый Захад гатовы рэалізаваць у Сірыі, Іране і іншых краінах, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсё больш маштабным, вытанчаным і настойлівым становіцца палітычны, эканамічны, інфармацыйны націск на Беларусь. Уводзяцца эканамічныя санкцыі ў адносінах да прадпрыемстваў, візавыя абмежаванні для грамадзян.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў нашы дні абарона Айчыны перастала быць прэрагатывай толькі адных ваенных. Цяпер гэта справа ўсіх і кожнага — афіцэра, вучонага, бізнэсмена, рабочага, праграміста, аграрыя. Бо стратэгічная перавага ў любым процістаянні дасягаецца кансалідацыяй грамадства, сказаў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы пры гэтым, што залогам нашага поспеху з'яўляецца сплаў ваеннай магутнасці, навуковага патэнцыялу і найвышэйшага патрыятызму насельніцтва.
Як лічыць Прэзідэнт, аналіз апошніх падзей у краіне пацвярджае трываласць беларускай сацыяльна-палітычнай і эканамічнай мадэлі развіцця. І ўся сістэма ваеннай арганізацыі краіны забяспечвае народу мірную стваральную працу і стабільнасць.
Аляксандр Лукашэнка на прыёме ўручыў генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу сілавых структур: Валерыю Вакульчыку — генерал-маёра юстыцыі, Аляксандру Шамко — генерал-маёра ўнутранай службы, Валянціну Міхневічу — генерал-маёра міліцыі. Пагоны генерал-маёра атрымалі таксама Ігар Бусько, Ігар Голуб, Леанід Дзядкоў, Уладзімір Калач і Віктар Лісоўскі.
У гэты ж дзень Прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі.