З лёгкай нагі

Источник материала:  

З лёгкай нагіІосіф Шагал абяцае шмат каго прывезці ў Беларусь

У новага пасла Ізраіля ў Беларусі Іосіфа ШАГАЛА, як у любога чалавека, які нядаўна заступіў на пасаду, багата ідэй ды планаў. Імі ён падзяліўся падчас сустрэчы з журналістамі. Некаторыя доўгайграючыя тэмы засталіся яму ў спадчыну. Іх вырашэнне ставіў сабе за мэту не адзін яго папярэднік. Адмена віз, напрыклад. Дыпламат поўны энтузіязму ў пераадоленні гэтага бар'ера:

— Калі я буду пакідаць Беларусь, завяршыўшы сваю місію, спадзяюся з'ехаць без афармлення візы.

Пасол згадаў, што краіны ўжо былі вельмі блізкія да адмены віз, але гэтаму перашкодзілі "сякія-такія абставіны". Тым не менш, намер не змяняецца: "Мы будзем імкнуцца", — падкрэслівае кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва. На яго думку, папярэдне трэба стварыць адпаведны эканамічны, культурны, палітычны фон — такі, пры якім наяўнасць візавага рэжыму будзе адчувальна тармазіць супрацоўніцтва. "Пакуль такога няма", — канстатуе І. Шагал.

Разважаючы з падачы журналістаў на тэму, ці не стане з'яўленне АЭП такім удалым фонам, дыпламат прапанаваў не змешваць адно з другім. Хоць і прызнаў, што наяўнасць агульнай эканамічнай прасторы з Расіяй і Казахстанам робіць беларускі рынак яшчэ больш прывабным.

— Патрэбен час, каб прааналізаваць, што гэта дае, — не спяшаецца з высновамі кіраўнік ізраільскай дыпмісіі. — Сёння гэта больш дэкларацыя, словы, хацелася б паглядзець, як гэта будзе на практыцы. Як будзе выглядаць сістэма эканамічнага ўзаемадзеяння трох дзяржаў? Ці зможа да гэтага падключыцца Украіна? Тады гэты рынак будзе большым за той, што ўяўляе сабой Заходняя Еўропа. Таму трэба паглядзець, як ён будзе развівацца.

Лёгкасць і стрыманасць вылучаюць пазіцыю Ізраіля да Беларусі на міжнароднай арэне.

— Ізраіль стрымана ставіцца да тэм, якія ініцыююць на міжнародным узроўні ЗША і Еўрасаюз, — падкрэслівае пасол Іосіф Шагал. — Мы максімальна стрыманыя ў гэтых пытаннях. У рамках гэтай стрыманасці Ізраіль ніколі не прад'яўляў ніякіх сур'ёзных прэтэнзій Беларусі.

Дыпламат нагадаў, што Ізраіль ніколі не выступае ініцыятарам гэтых працэсаў, роўна як і Беларусь не з'яўляецца ініцыятарам антыізраільскіх акцый. Паводле слоў пасла, калі Ізраіль і галасаваў па нейкіх пытаннях, падтрымліваючы свае партнёрскія сувязі з ЗША, то гэта было парытэтна — у вызначэнні пазіцыі па комплексе ізраільска-палесцінскіх адносін Беларусь падтрымлівае Расію, якая традыцыйна галасуе супраць Ізраіля ў такіх пытаннях.

Найбольш актыўна развіваецца супрацоўніцтва Беларусі з Ізраілем у галіне інфармацыйных тэхналогій, харчовай прамысловасці і медыцыны. Гэта традыцыйныя пункты перасячэння ўзаемных інтарэсаў. "Карысных выкапняў у нас няма, даводзіцца варушыць мазгамі", — так тлумачыць Іосіф Шагал ізраільскі поспех у галіне высокіх тэхналогій, на паслугі якой прыпадае чвэрць агульнага экспарту краіны. Трапнае выслоўе пасла (які зусім і не кар'ерны дыпламат, а журналіст з 36-гадовым стажам) прыдатнае і да сітуацыі ў Беларусі. Стаўка на чалавечы капітал у многім абумоўлена адсутнасцю іншых...

— Мы разглядаем Беларусь як самую прасунутую на тэрыторыі былога СССР у плане інжынерна-тэхнічнай культуры, агульнай культуры, — кажа кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва Ізраіля. — Тут ідэальныя ўмовы для развіцця высокіх тэхналогій, годны адукацыйны і тэхнічны ўзровень насельніцтва — ёсць з кім працаваць.

І. Шагал у захапленні не толькі ад узроўню беларускіх спецыялістаў, але і якасці мясцовага харчавання:

— У вас цудоўная ежа, асабліва малочныя і мясныя прадукты. Харчовая прамысловасць нам вельмі цікавая.

Інтарэс узнік не на пустым месцы. Летась у Ізраілі разгуляўся самы сапраўдны спажывецкі мяцеж. Людзі выйшлі на вуліцы з-за павышэння цэн... на зярністы тварог. Так, штука смачная, я ім снедала, калі была ў Ізраілі. Мне там растлумачылі, што так робіць уся краіна. Таму калі кошт на любімы прадукт падняўся ў 2,5 раза, народ узбунтаваўся. "Цэны апусцілі, усё стала нармальна", — расказвае ізраільскі пасол. Але асадак, як у тым анекдоце, застаўся. Вось чаму ізраільцянам "было б цікава папрацаваць з беларускімі вытворцамі малочнай прадукцыі". Кашрут, на думку дыпламата, перашкодай не будзе. Калі дамовяцца пра асноўнае, за працэдурай сертыфікацыі на кашэрнасць справа не стане.

Ізраільцянам таксама ёсць чым зацікавіць беларусаў. Напрыклад, незвычайнай тэхналогіяй вытворчасці... рыбы. У Белаазёрску завяршаецца будаўніцтва камбіната, дзе з пяціграмовых малькоў будуць за паўгода вырошчваць паўтаракілаграмовых самоў. Увесь сакрэт у тэмпературы. Вада награваецца, і ў такіх умовах адбываецца трансфармацыя малька ў рыбку. "Смачную і недарагую", — кажа дыпламат. Яна, на яго думку, можа стаць прадуктам масавага спажывання. Запланаваныя аб'ёмы вытворчасці — 700 т за год. Прычым працэс гэты амаль цалкам аўтаматызаваны, да таго ж экалагічна чысты. "Буйны комплекс абслугоўваюць толькі два чалавекі", — распавядае спадар Шагал. Эканамічнасць, здаецца, таксама ў наяўнасці.

Павучыцца можна і ў ізраільскіх спецыялістаў па ахове здароўя. "У нас высокі працэнт вылечвання анкалагічных захворванняў менавіта за кошт выяўлення на ранняй стадыі", — адзначае кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва. Ён запэўнівае, што гэтымі тэхналогіямі Ізраіль гатовы падзяліцца з Беларуссю.

— Стаўленне да Беларусі асаблівае, — акцэнтуе ізраільскі пасол. — Усе нашы сувязі прадвызначаныя. Тут для яўрэяў асаблівая зона. Тут нашы карані, дзяды і прадзеды жылі на гэтай зямлі, пахаваныя тут. Гэта генакод. Калі людзі сюды трапляюць, яны гэта адчуваюць. Гэта памяць нашых продкаў, памяць ахвяр — самая ўстойлівая памяць, яе не трэба прапагандаваць і перадаваць.

У той жа час ёсць бар'еры, якія ўскладняюць узаемныя візіты. І на сёння гэта, як ні празаічна, кошт авіябілета. Так, ён у любога здольны адбіць ахвоту да падарожжа. І калі адзіны перавозчык, што здзяйсняе зараз прамы рэйс з Мінска ў Тэль-Авіў, падчас налёту дзякуе за выбар яго, гэта выклікае толькі ўсмешку. Бо якраз выбару ў нас і няма. Менавіта з-за адсутнасці канкурэнцыі кошт на білет штучна завышаны, мяркуе пасол. "600 долараў — гэта вельмі шмат, я лічу. Мы за 180 долараў ляцім з Тэль-Авіва ў Маскву". Таму ён ставіць сабе за мэту "знайсці яшчэ аднаго авіяперавозчыка", які здзяйсняў бы прамыя рэйсы паміж Мінскам і Тэль-Авівам. Апроч настальгіі, у Беларусь могуць вабіць ізраільцян, на думку пасла, тутэйшыя аграсядзібы і санаторыі. З патанненнем білетаў у Беларусі, трэба думаць, прыбавіцца гасцей.

Арыентаваны пасол і на паляпшэнне эканамічных адносін паміж дзвюма краінамі. "Мяне здзіўляе, што пры такіх сувязях аб'ём нашага таваразвароту такі сціплы. Але гэта дэталі, іх можна выправіць". У планах Іосіфа Шагала яшчэ ўвекавечыць памяць палітычных лідараў Ізраіля беларускага паходжання. Мяркуе ён правесці і Дні культуры Ізраіля ў Беларусі. А такія мерапрыемствы, нагадвае Іосіф Шагал, адмятаючы ўсе падазрэнні ў сваяцтве са слынным беларускім мастаком, заўжды сіметрычныя. Значыць, адбудуцца і Дні беларускай культуры ў Ізраілі. Дыпламат кажа, што ў Ізраілі добрая школа выхавання сабак-павадыроў. "Я хачу запрасіць у Беларусь двух-трох інструктараў, якія маглі б сустрэцца з вашымі кінолагамі і наладзіць навучанне". Ёсць у яго ідэя прывезці ў Беларусь майстроў цырульніцкай справы і наладзіць тут сапраўднае шоу. Падзей і візітаў будзе шмат, абяцае пасол пасля трох тыдняў знаходжання ў Беларусі: "У мяне лёгкая нага".

Ала МАЧАЛАВА. Фота аўтара.

←Беларусь участвовала в министерской встрече Движения неприсоединения в Дохе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика