Уручаны дзяржаўныя ўзнагароды

Источник материала:  

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўручыў учора дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны, перадае БЕЛТА.

У спісе ўзнагароджаных 68 чалавек. Гэта людзі, удастоеныя ўзнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага і будаўнічага комплексаў, аховы навакольнага асяроддзя, адукацыі, гандлю і спорту, сродкаў масавай інфармацыі, мытных органаў, іншых сфер дзейнасці.

"Ваша праца праслаўляе і ўзвялічвае краіну, дапамагае пераадольваць цяжкасці, рабіць магчымым тое, што яшчэ ўчора здавалася непераадольным. Дзякуючы вам і мільёнам іншых працаўнікоў развіваецца наша краіна, багацейшым і больш камфортным становіцца жыццё беларусаў", — адзначыў прэм'ер-міністр у час урачыстай цырымоніі.

Медалямі "За працоўныя заслугі" ўзнагароджана вялікая група работнікаў сельскай гаспадаркі.

За шматгадовую творчую работу, асабісты ўклад у развіццё беларускай журналістыкі дзяржаўных узнагарод і Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удастоена група работнікаў электронных і друкаваных СМІ.

Дзяржаўныя ўзнагароды ўручаны групе работнікаў устаноў культуры. Сярод узнагароджаных прадстаўнікі вядомых творчых калектываў краіны — Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Магілёўскага абласнога драматычнага і Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатраў. "У развіцці культуры спалучаюцца глыбінныя асновы нацыянальнай духоўнасці і дзяржаўная палітыка, якая яе захоўвае, падтрымлівае і ўзнімае да вышынь прафесійнага мастацтва", — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Ганаровых званняў "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь" і "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь", Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удастоены трэнеры і спартсмены-інструктары нацыянальных каманд у розных відах спорту. "Ва ўзнагароджанні спартсменаў увасабляецца стаўленне краіны да спорту, здаровага ладу жыцця і прызнанне выдатных якасцяў узнагароджаных", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Узнагароджаны і работнікі, якія ўнеслі значны ўклад у вырашэнне прыродаахоўных праблем. "У Беларусі ахове прыроды заўсёды ўдзялялася вялікая ўвага, захаваны ўнікальныя прыродныя комплексы, ландшафтная і біялагічная разнастайнасць. З кожным годам павялічваюцца плошчы ахоўных тэрыторый. Гэта залог таго, што хараство і багацце беларускай прыроды будуць здабыткам многіх пакаленняў нацыі", — адзначыў прэм'ер-міністр.

Ганаровае званне "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь" прысвоена рэктарам вышэйшых навучальных устаноў краіны. Уручаючы ўзнагароды, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што гэта заслужаныя людзі, паважаныя ў сваіх калектывах, вядомыя вучоныя. "Карыстаючыся выпадкам, я хачу павіншаваць вас не толькі з узнагародай, але і з Днём беларускай навукі, які ўся краіна будзе неўзабаве адзначаць. Прыміце віншаванні, таму што вы з'яўляецеся не толькі прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі, а і паважанымі, вядомымі ў краіне і за яе межамі вучонымі. Вашы веды і педагагічны талент — важнейшыя інвестыцыі ў будучыню нашай дзяржавы. Беларускай эканоміцы патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты, энергічныя бізнэсмены, мудрыя кіраўнікі, таленавітыя вучоныя", — сказаў прэм'ер-міністр.

←«Остановите Лукашенко!». Репортаж Euronews

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика