Шырокаю дарогаю

Источник материала:  

На шляху беларуска-індыйскага супрацоўніцтва толькі адзін бар'ер — недахоп інфармацыі

Традыцыйныя сферы супрацоўніцтва Беларусі ды Індыі — фармацэўтыка і ІT (інфармацыйныя тэхналогіі). Нядаўна ў айчынным Парку высокіх тэхналогій пры падтрымцы індыйскай кампаніі СDАС быў адкрыты вучэбны цэнтр. "Падрыхтавана ўжо больш за 700 трэнераў і прафесіяналаў у галіне перадавых інфармацыйных тэхналогій", — зазначае пасол Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці. Ён чакае, што супрацоўніцтва з кампаніяй СDАС у найбліжэйшы час будзе ўмацоўвацца. З'яўляюцца прыкметнымі таксама сумесныя праекты ў галіне энергетыкі. Абсталяванне для будаўніцтва гродзенскай ЦЭЦ-2, напрыклад, пастаўляла менавіта індыйская кампанія. "Пад гэты праект індыйскі ўрад адкрыў крэдытную лінію на 56 млн долараў ЗША", — праінфармаваў спадар Бхарці. Кіраўнік дыпламатычнай місіі бачыць перспектыву ў супрацоўніцтва дзвюх краін у перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, малочнай прамысловасці.

Шырокаю дарогаю

— Хоць Беларусь і Індыя традыцыйна мелі блізкія сяброўскія адносіны, у цяперашні час, я лічу, двухбаковыя стасункі могуць пачаць рух па больш шырокай дарозе, — перакананы дыпламат. — У нас ёсць амаль усе механізмы супрацоўніцтва для больш хуткага і глыбокага развіцця адносін ва ўсіх сферах, асабліва ў эканоміцы.

Індыйскія кампаніі, якія дагэтуль лічылі Беларусь малым рынкам, цяпер могуць атрымаць велізарную выгаду ад Мытнага саюза, які дае выхад на рынак у 170 млн чалавек, акцэнтуе пасол. Адзінай перашкодай да таго, каб цесныя адносіны перараслі ва ўстойлівае эканамічнае супрацоўніцтва, застаецца, на яго думку, недахоп інфармацыі ў бакоў адзін пра аднаго.

Індыя, буйны спажывальнік беларускіх калійных угнаенняў, ужо выказала гатоўнасць набыць акцыі "Беларуськалія". Сумы і маштабы патэнцыйнай здзелкі не ўдакладняюцца. "Гэта будзе залежаць таксама і ад таго, якую колькасць акцый гатовы прапанаваць беларускі ўрад", — адзначыў кіраўнік індыйскай дыпмісіі. Перамовы, як паведаміў пасол, працягваюцца, рашэнне пакуль не прынятае: "Індыя выказала сваю гатоўнасць і свой інтарэс да набыцця акцый "Беларуськалія". Цяпер справа за ўрадам Беларусі — ці выкажуць яны жаданне".

Калійны гігант — не адзіны аб'ект інтарэсу для індыйскіх інвестыцый. Манодж Кумар Бхарці назірае тут вялікі патэнцыял для ўкладанняў: "Я наведваў мноства прадпрыемстваў, якія маюць патрэбу ў мадэрнізацыі. Індыя тут можа быць карыснай". Аднак ад згадвання канкрэтных сум і прадпрыемстваў устрымліваецца: інвеставаць, маўляў, будуць прадстаўнікі прыватнага сектара, а не ўрад, і ўсё залежыць ад іх інтарэсу. Кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва акцэнтуе, што менавіта прыватны капітал стаў у Індыі рухавіком прамысловага развіцця і менавіта прыватны капітал мае досвед і сродкі для інвеставання за мяжой.

Двухбаковыя адносіны заўжды грунтуюцца найперш на эканоміцы, але культурнаму супрацоўніцтву надаецца не менш увагі. Спадар Бхарці прапануе стварыць індыйскі культурны цэнтр у Мінску. Ён плануе таксама арганізаваць візіты індыйскіх кінапрадзюсараў і рэжысёраў у Беларусь. Кіраўнік дыпламатычнай місіі мяркуе, што такія захады дапамогуць павялічыць паток індыйскіх турыстаў у Беларусь, які сёння, трэба прызнаць, не надта вялікі. Адной з ключавых прычын пасол лічыць зноў жа недахоп інфармацыі ў абодвух бакоў. Таму запоўніць наяўныя прабелы — зараз асноўная задача.

Ала МАЧАЛАВА.

←МИД Беларуси считает неприемлемыми санкции ЕС в отношении Ирана

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика